• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельскіх фрылансераў аштрафавалі за фізічную дапамогу інваліду і відэафіксацыю яго пікету

    Суддзя Светлагорскага раённага суда Ірына Алісейка аштрафавала гомельскіх сябраў ГА “БАЖ” — супрацоўніцу прадзюсарскай кампаніі “Ньюс інфармацыя” Ларысу Шчыракову і аператара Кастуся Жукоўскага — на 900 тысяч рублёў кожнага.

    Журналістаў прызналі вінаватымі ў парушэнні ч. 1 арт. 23.34 КаАП — парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання. Судовая пастанова ад 23 студзеня прыйшла па пошце ў Гомель 28 студзеня.

    Як распавяла службе маніторынгу ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова, на судзе ні яна, ні Кастусь Жукоўскі не маглі прысутнічаць, пра што напісалі адпаведныя заявы.

    “Суд спяшаўся, бо сыходзіў двухмесячны тэрмін, калі можна выносіць адміністрацыйнае пакаранне. Зрэшты, наша прысутнасць наўрад ці нешта змяніла б. Нас проста вырашылі пакараць, каб не расказвалі пра пратэсты інвалідаў, ды яшчэ пра прымяненне ў дачыненні да іх гвалту”, — лічыць Ларыса Шчыракова.

    Нагадаем, што адзіночны пікет на плошчы перад райвыканкамам Юрый Ляшэнка спрабаваў правесці 25 лістапада, ён пратэставаў супраць парушэння правоў інвалідаў пры капітальным рамонце дома, у якім жыве. Яшчэ да таго, як інвалід разгарнуў плакат “Стоп беззаконне!”, на плошчу прыехала хуткая дапамога, людзі ў халатах пагрузілі яго разам з інвалідным вазком у машыну і завезлі ў шпіталь. Там яму зрабілі некалькі ўколаў, пасля чаго мясцовыя міліцыянты склалі ў дачыненні да Ляшэнкі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. На падставе міліцэйскага пратакола раённы суд аштрафаваў інваліда на 2 базавыя велічыні. Прысутныя на пікеце журналісты, у тым ліку Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі, распавялі ў СМІ пра гвалт над пікетоўцам-адзіночкам.

    Паводле пастановы, з пратаколаў апытання Шчыраковай і Жукоўскага вынікае, што ім было вядома пра адмову райвыканкама ў правядзенні пікету на Цэнтральнай плошчы Светлогорска. Суддзя прыйшла да высновы, што падзеі на плошчы былі “согласованными действиями о проведении незаконного пикетирования группой граждан”, бо фрылансеры аказалі інваліду “фізічную дапамогу” і “забяспечылі відэафіксацыю пікетавання”.

    Судовая пастанова дасланая не поўнасцю: у ёй дзве першыя старонкі, а старонка № 2 адсутнічае. Аштрафаваныя журналісты не выключаюць, што гэта зроблена наўмысна: пакуль яны будуць патрабаваць поўны тэкст пастановы, скончыцца тэрмін яе абскарджвання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці