Гродзенскіх журналістаў судзяць завочна
14 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна аднавіўся разгляд справаў гродзенскіх журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча.
Слуханні адбываюцца ў адсутнасць саміх журналістаў, якіх абвінавачваюць у “незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” (арт. 22.9 КаАП РБ), а менавіта – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
Нагодай для завядзення справы стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.
23 ліпеня судовы разгляд распачаўся, але суддзя Ленінскага раёна Гродна Юрый Казакевіч пастанавіў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю.
14 жніўня працэс аднавіўся. Суд заслухаў сведак – мастака Аляксандра Сільвановіча і яго жонку, дырэктарку выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв’ю згаданым журналістам.
Працяг працэсу – 19 жніўня ў 11.30.