На рэдакцыю “Газеты Слонімскай” завялі справу за распаўсюд звестак, што зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта
Недзяржаўнаму выданню можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў за “распаўсюд заведама ілжывых звестак, што зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
У дачыненні да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі “Газеты Слонімскай”, завялі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.33 КаАП.
Пра гэта 5 жніўня даведаўся галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук, якога выклікалі ў Слонімскі РАУС.
Як распавёў Віктар Валадашчук прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, падставай для справы стаў артыкул «Голос из деревни. Главное, что говорить президент хорошо умеет» («ГС» ад 29 ліпеня, рубрыка «Выбары-2015»).
Публікацыя ўяўляла з сябе апытанне жыхароў адной з вёсак у Слонімскім раёне на тэму выбараў. Які фрагмент артыкулу стаў нагодай для завядзення справы, Віктару Валадашчуку не паведамілі. Галоўны рэдактар у сваю чаргу заявіў міліцыянтам, што не гатовы пакуль даваць тлумачэнні з нагоды справы.
Калі справа дойдзе да суда і рэдакцыю прызнаюць вінаватай, ёй можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў (90 мільёнаў рублёў).