• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адміністрацыйны працэс у дачыненні да Ігара Барысава спынілі

    Журналіста і грамадскага актывіста вінавацілі ў парушэнні закона “Аб СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП), а таксама ў парушэнні парадку атрымання грашовай дапамогі з-за мяжы (ч. 2 арт. 23.24 КаАП). Па абодвух артыкулах справы спынілі з-за сканчэння тэрміну даўніны.

    29 ліпеня суддзя Кастрычніцкага раённага суда Магілёва Дзяніс Кісігін задаволіў хадайніцтва Ігара Барысава спыніць справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну яе даўніны. На адрас міліцыянтаў Кастрычніцкага РАУС суд вынес прыватнае вызначэнне – у тым ліку за шэраг хібаў у афармленні дакументаў і перадачу справы ў суд пасля сканчэння тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.  

    Ігар Барысаў не зусім задаволены такім вынікам. “Мяне задаволіла б, калі б суд цалкам апраўдаў мяне, а не закрыў справу з‑за тэрміну даўніны. Я буду скардзіцца ў пракуратуру, у тым ліку і на суддзю, які не павінен быў разглядаць справу наогул”, – зазначыў Ігар Барысаў у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”.  

    Ён упэўнены, што ўся гісторыя спробаў прыцягнуць яго да адказнасці звязаная з набліжэннем выбараў. Бо ён не толькі рэдактар сайта “Наш Магілёў”, але і намеснік старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і прэс-сакратар кампаніі “Права Выбару-2015”.

    «Ужо каля года таму паступілі сігналы, што я трапіў пад увагу спецслужбаў”, – кажа Ігар Барысаў.

    Нагадаем, што ў 2014 годзе Ігара Барысава аштрафавалі за “незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ” пасля затрымання з накладам газеты “Наш Магілёў” і бюлетэня “Сацыял-дэмакрат”.

    12 сакавіка 2015 г. у кватэры Ігара Барысава правялі агляд памяшкання нібыта ў межах праверкі факту паклёпу (арт. 188 ч. 2 КК РБ) на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце “Наш Магілёў”. У той жа дзень “агляд” правялі на кватэры, дзе месціцца Магілёўскі офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. На экспертызу агулам забралі шэсць камп’ютараў, два мадэмы і нататнік.

    13 ліпеня Барысава запрасілі ў міліцыю забраць камп’ютары, а заадно паведамілі, што праверка па факце паклёпу скончана, і крымінальнай справы супраць яго не распачыналі. Затое завялі дзве адміністрацыйныя, якія таксама цяпер закрылі.

    “Лічу, што мэтай таго “налёту” было паглядзець, якая інфармацыя ў мяне ёсць, – мяркуе Барысаў. – Выдаткавалі амаль 36 мільёнаў рублёў на розныя экспертызы – такая лічба фігуруе ў матэрыялах справы – але нічога, відаць, так і не знайшлі”.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці