Ад журналісткі з Брэста запатрабавалі сплаціць штраф, калі тэрмін для яго спагнання фармальна скончыўся
Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Іна Хоміч атрымала пастанову з аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Брэста.
У пастанове нагадваецца, што сёлета 1 красавіка Іна Хоміч была пакараная судом штрафам памерам 30 базавых велічынь (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў) на падставе артыкула 22.9 КаАП нібыта “за распаўсюд і выраб прадукцыі СМІ”. Фактычна журналістку пакаралі за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”, прычым сам факт такога супрацоўніцтва Іна Хоміч не адмаўляе і ня бачыць у гэтым правапарушэння, бо Канстытуцыя без абмежаванняў дазваляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.
Самае цікавае, што ў пастанове “аб пачатку выканаўчай вытворчасці”, якую журналістка атрымала 18 чэрвеня, апошнім тэрмінам, калі трэба сплаціць штраф і перадаць квітанцыю судоваму выканаўцу пазначана дата 16 чэрвеня.
Як распавяла Іна Хоміч службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, у пастанове суда, які пакараў яе штрафам, адсутнічалі рэквізіты, куды трэба пералічыць грошы.
“Я прынцыпова не пайшла ў суд за рэквізітамі на аплату штрафу, бо лічу, што гэтыя звесткі павінны змяшчацца адразу ў пастанове ці прынамсі проста выдавацца сакратаркай суда, — кажа Іна Хоміч. – Так, напрыклад, адбываецца ў ДАІ, дзе рэквізіты выдаюць адразу пасля прыняцці рашэння. А тут чамусьці самой трэба бегаць і даведвацца, куды ж гэты штраф заплаціць”.
У чаканні ліста ад судовых выканаўцаў, журналістка накіравала электроны запыт у суд і на сайт гарвыканкама, каб ёй даслалі згаданыя рэквізіты. І ўжо праз некалькі дзён у адносінах да Іны Хоміч была распачатая выканаўчая вытворчасць, а пасля прыйшла і пастанова з неабходнымі рэквізітамі. Штраф журналістка сплаціла ў той жа дзень (18 чэрвеня), але што азначае патрабаванне перадаць судоваму выканаўцу квітанцыю аб аплаце да 16 чэрвеня, застаецца для сябра ГА “БАЖ” загадкай.