Дыктафонны запіс дапамог карэспандэнтцы і ў судзе
У Буда-Кашалёўскім раённым судзе скончыўся разгляд пазову выкладчыцы аграрнага каледжа Людмілы Клімянковай па справе аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Яна палічыла, што дырэктар гэтай навучальнай установы Анатоль Вярбіцкі дапусціў на старонках СМІ – дакладней, у артыкуле пад назвай “Битва за знания. Конфликт учащихся с директором колледжа завершился отчислением половины группы”, апублікаваны 30.07.2015 г. на сайце naviny.by – абразлівыя выказванні на яе адрас. Суадказчыцай на судзе выступала аўтарка артыкула, карэспандэнтка БелаПАН Алена Германовіч.
У артыкуле распавядалася пра канфлікт паміж групай навучэнцаў і адміністрацыяй каледжа. Карэспандэнтка дала слова ўсім бакам канфлікту: дырэктару навучальнай установы, бацькам адлічаных, куратарцы іх групы.
“Ёсць адмысловая пастанова Вярхоўнага суда: калі абраза распаўсюджаная праз СМІ, суадказчыкам прыцягваецца і сродак масавай інфармацыі. Мне давялося прад’явіць суду дыктафонныя запісы, каб давесці, што я не сказіла слоў сваіх суразмоўцаў”, – паведаміла службе маніторынгу ГА “БАЖ” Алена Германовіч.
У выніку пазоўца адмовілася ад патрабавання абвергнуць публікацыю праз СМІ. Разам з тым, суд прызнаў некаторыя звесткі, распаўсюджаныя дырэктарам каледжа ў дачыненні да выкладчыцы, абразлівымі і не адпаведнымі рэчаіснасці. У прыватнасці, кіраўнік каледжа заяўляў: “Мне не патрэбны такія выкладчыкі, якія Майданы будуць учыняць. А гэта дакладна Майдан! Цемната і ханжаства!”
Паводле рашэння суда, дырэктар каледжа Анатоль Вярбіцкі абавязаны прынесці прабачэнні выкладчыцы Людміле Клімянковай перад педагагічным калектывам і выплаціць ёй кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 15 мільёнаў рублёў.
Рашэнне Буда-Кашалёўскага суда можна абскардзіць цягам дзесяці дзён.