• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Ваганаў: Яўрэйскі акцэнт

    У адным з такіх артыкулаў, спасылку на які я атрымаў па электроннай пошце, нечакана з’явіўся так званы яўрэйскі акцэнт. На той падставе, што большасць бізнесоўцаў, замешаных у гэтай ганебнай справе, яўрэі, аўтар нагадвае ім, што сярод ахвяр сталіншчыны ў Курапатах ёсць іх аднапляменнікі. І выносіць бізнесоўцам маральную вымову. А журналіст, які даслаў мне гэты тэкст, таксама яўрэй, заўважае ў лісце, што гэтыя бізнесоўцы ганьбяць яўрэйства, што яму сорамна за такіх яўрэяў.

    Адразу скажу, што згаданыя радкі, згаданы «акцэнт» ужо прыбраны з артыкула. Але позна. Штуршок зроблены і  «акцэнт» пайшоў гуляць па іншых публікацыях, па каментарах у сацыяльных сетках.

    Ад абурэння, што «Жыды працуюшчые на нашай зямлі ставяць нашу нацыю на ўзровень быдла…» да сцвярджэнняў, што ўплывовая ў нацыянальных колах асоба свядома раскручвае «еврейский заговор», а ўлада выкарыстоўвае хвалю антысемітызму ў якасці прылады для ажыццяўлення сваіх цьмяных памкненняў і інтарэсаў.

    Я свядома пазбягаю канкрэтных прозвішчаў аўтараў, назваў артыкулаў і СМІ. Мяне як журналіста з пэўным досведам працы, і як нядаўна абранага старшыню Камісіі па этыцы БАЖ, хвалюе ў дадзеным кантэксце этычны бок прафесійнага стаўлення да сітуацыі.. Але пакуль Камісія не разгледзела яе, што, спадзяюся, яна зробіць у магчыма хуткім часе, мушу выказаць толькі сваё асабістае меркаванне.

    Ці стасуецца публічнае абвінавачванне бізнесоўцаў у цынізме, пагардлівых адносінах да балючай народнай памяці і грамадскага асуджэння менавіта з іх нацыянальнай прыналежнасцю? Ці дазваляюць патрабаванні прафесійнай этыкі нацыянальную альбо этнічную афарбоўку не толькі згаданага, увогуле любога публічнага канфлікту, нават незалежна ад ягонай вастрыні? Тым больш тлумачэння яго выключна асаблівасцямі нацыянальнага менталітэту…

    Адмоўны адказ, здаецца, на паверхні. Але чаму журналіст, утрымальнік папулярнага медыярэсурса, публікуе бесцырымонны артыкул нібыта абражанага бізнесоўца, які абвінавачвае тых, хто спрычыніўся да расследавання курапацка-рэстараннай гісторыі, у антысемітызме і раскручванні «еврейского заговора»  толькі на падставе пераліку яўрэйскіх прозвішчаў? І нават публічна падтрымлівае гэта абвінавачванне, сцвярджаючы, што ўжо сам пералік яўрэйскіх прозвішчаў уздымае хвалю антысемітызму.

    Антысемітызм, іншыя праявы ксенафобіі, на жаль, не зніклі са свядомасці насельніцтва. І той факт, што сярод уладальнікаў рэстарацыі ў Курапатах збольшага яўрэі, здольны ўзняць хвалю антысемітызму.

    Між тым прафесійная журналісцкая этыка патрабуе ад нас не толькі не садзейнічаць уздыму гэтай хвалі, але публічна і доказна ёй супрацьстаяць.

    Можа ўзнікнуць пытанне: дык што, згадкі пра нацыянальнасць дзеючых асобаў нашых публікацый увогуле недапушчальныя? Я так не лічу. Ёсць тэмы, для глыбокага раскрыцця якіх згадкі пра нацыянальнасць не толькі дапушчальны, а проста неабходны. Гэта тэмы гісторыі, культуры… Але ніякім чынам не бізнесу і злачыннасці.

    …Аднойчы галоўны рэдактар выдання, дзе я друкаваўся, зрабіў мне папрок. Так здарылася, што падзеі адно за адным вымушалі запар пісаць пра яўрэйскія могілкі, пра гета, пра Халакост у акупаванай Беларусі.

    «Ці не зашмат яўрэйскай тэматыкі?!», — засумняваўся галоўны рэдактар. «У Беларусі, — адказаў я, — няма так званай «яўрэйскай тэматыкі». Тое, што ты лічыш яўрэйскай (татарскай, рускай, літоўскай…) тэматыкай, насамрэч тэматыка беларуская, бо тычыцца краіны, у якой мы жывем, і кожнага з нас, грамадзян Беларусі».

    На  маю думку, гэта адзіны маральны, разумны і адказны падыход да асвятлення грамадскіх праблем у сувязі з іх стваральнікамі і ўдзельнікамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці