• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абы-што пра Дзень Незалежнасці

    staryja.jpg

    «Наш народ любіць многія святы. Аднак я не памылюся, калі скажу, што ў нас ёсць галоўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь».

    – А пра Вялікдзень там е? Я Вялікдзень люблю. На Вялікдзень Ніна з Гомля прыязджае.

    – Не, цётка, тут толькі пра Дзень Незалежнасці.

    – Не трэба мне такое, не чытай.

    – Слухайце, далей пра вас напісана: «І вельмі горка і балюча, што знаходзяцца сярод нас тыя, хто не разумее, не ўсведамляе ўсёй велічы і ўнікальнасці гэтай пачэснай даты».

    – Чаго не разумее?

    – То, цётка, аўтару баліць, што вы пра Дзень Незалежнасці слухаць не хочаце. Ён стараўся, пісаў. Во, амаль паўстаронкі напрыдумляў, а вы носам круціце. «Само ж рашэнне аб святкаванні было прынята на рэферэндуме 1996 года. Так што сёлета мы адзначаем 20-годдзе не толькі гэтага рэферэндума, але і прыняцця рашэння аб святкаванні дзяржаўнасці Бацькаўшчыны».

    – Не чытай, бо не буду слухаць. Я ўжо старая, не разумею, што ён там кажа.

    – То ён, цётка, кажа, што рэферэндум падарыў нам свята. А да рэферэндума ў нас незалежнасці не было.

    – А што было?

    – Вайна. Хіба вы не ведаеце? Спачатку была вайна, потым мы пабілі немцаў. Пасля нічога не было. Затым прыйшоў рэферэндум і – пачалася гісторыя Беларусі. Слухайце далей. «Беларусь стала вядомай ва ўсім свеце дзяржавай – сваімі дасягненнямі, адкрыццямі, інавацыямі і г. д.».

    – Чым?

    – Інавацыямі. Гэта такая праграмка ў інтэрнэце, каб людзям на фотакартках рабіць вялікія вочы.

    – Абы-што.

    – Тут далей пра вайну. Чытаць?

    – Пра вайну я і сама напісаць магу, мой ты галубок. Перажылі, дзякуй Богу.

    – І святкуем.

    – Я не святкую, адчапіся.

    – Не, цётка, у газеце напісана, каб святкавалі. Паслухайце, што далей. «Беларусь – сярэдняя па еўрапейскіх маштабах краіна, у нас няма геапалітычных амбіцый». То пішуць, што мы не хочам забраць сабе Крым.

    – А нахалеру ён нам трэба?

    – От пра тое і пішуць. «З кожным годам у нас усё больш дасягненняў у гісторыі, эканоміцы, культуры, адукацыі суверэннай Беларусі». Гэта, цётка, расказваюць пра дэнамінацыю, ордэн Дробышу і што Іван ездзіў на Еўрабачанне.

    – Мо і пра гэтую – Алексіевіч – напісалі?

    – Не, Алексіевіч не з гэтай гісторыі Беларусі, а з іншай. Не перабівайце мяне. «Мне даводзілася чуць ад ныцікаў і ўсялякага кшталту песімістаў, што дэманстрацыі – гэта для натоўпу, гэта ўчарашні дзень». Тут напісана, што той, хто не любіць парады, той абы-што чалавек.

    – Так і напісана?

    – Ну.

    – Абы-што.

    «Я ж яшчэ з савецкіх часоў палюбіў дэманстрацыі: менавіта тут адчуваецца адзінства народа, нацыі».

    – Ты?

    – Не, то ж я далей чытаю. То аўтар палюбіў дэманстрацыі, значыцца, з савецкіх часоў. І ён на іх адчувае адзінства нацыі.

    – Ну, няхай.

    independant_0.jpg

    – Няхай. «А той, хто не любіць свой народ, абыякава ставіцца да яго памкненняў, гісторыі, продкаў, нават свайго роду, той “квасны патрыёт”, чалавек-манкурт, перакаці-поле».

    – Што перакаціць?

    – Поле. То аўтар, мабыць, хацеў сказаць, што чалавек, які не шануе рэферэндум, – таксама паганы чалавек. «Так добра, што мы не развучыліся адчуваць сябе Беларусамі і Беларускамі, сапраўднымі патрыётамі». Гэта ён расказвае пра людзей, якія ідуць на парадзе ў калонах. Яны ідуць і адчуваюць сябе беларусамі. Вы, цётка, хадзілі ў калоне на парадзе?

    – Ай, адчапіся.

    – Во! Вы развучыліся адчуваць сябе беларускай. От вы не думаеце пра парады, як думае аўтар, і сталі перакаці-полем.

    – Якім полем, сынок? Я пра агарод думаю. Агуркі гараць. Пра поле хай думае калхоз.

    – Гэта не апраўданне, цётка. Партыя сказала любіць парады – трэба любіць. Я чытаю далей?

    – Чытай.

    «Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за свой край».

    – Хіба то на парадзе?

    – Не, адчуваць гонар можна і не на парадзе. Дзе хочаце, там і адчувайце, там і слухайце беларускую мову. Пасля рэферэндума яе, праўда, пачуць цяжка, але і грыб жа сам не лезе ў кошык, трэба шукаць. А як суседа сустрэнеце, адкрыйце яго таленавітасць – і вам будзе прыемна.

    – Васю хіба? Ён жа алкаш.

    – Ну, не абавязкова Васю. Кагосьці харошага. Пра рэкі, азёры і мясціны дзяцінства чытаць?

    – А што я пра іх не ведаю, мой ты галубок?

    – Так паложана, цётка. Такая праграма: вайна, рэферэндум, парад, таленавіты народ і азёры. «Я лічу, што менавіта Дзень Незалежнасці найбольш ярка і красамоўна адлюстроўвае духоўнае адзінства нацыі, аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй Айчыны і верыць у яе годную будучыню». То цётка, хто шануе рэферэндум, тых аб’ядноўвае Дзень Незалежнасці.

    – А астатніх?

    – Астатніх – не. Астатнія – «усялякага кшталту песімісты». Яны ходзяць неаб’яднаныя.

    – А ты аб’яднаны?

    – Не, цётка, я прапашчы ныцік. Далей ізноў пра людзей. Чытаць не буду. Тут ён кажа, што беларускія людзі – харошыя, і ва ўсіх рэгіёнах думаюць толькі пра адно – як высокаэфектыўна выканаць пяцігодку ў імя Айчыны. Цётка, а гэта свежая газета?

    – Свежая, сынок, свежая.

    – То чапляйце свой камсамольскі значок – пойдам на парад.

    – От што я табе скажу. Паслухай мяне сюды. Ідзі ты дахаты і не дуры мне галаву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці