Суд па публікацыі на “Белорусском партизане” прыпынілі
23 снежня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прыпыніў разгляд позвы тэлевядоўцы Люцыі Лушчык аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, – паведамляе TUT.by. Нагодай для звароту ў суд стаў артыкул «Телеведущая Люся Лущик оказалась в центре некрасивого семейного скандала» на інтэрнэт-сайце belaruspartisan.org ад 3 снежня.
У публікацыі ішла гаворка пра відэа з удзелам Люцыі Лушчык, якое разышлося ў сацыяльных сетках на пачатку снежня і тычылася ўнутрысямейнага скандалу.
“Па меркаванні зыскоўцы, з публікацыі вынікае, што, будучы жонкай Андрэя Герашчанкі, Люцыя Лушчык ізалюе яго дачку ад роднай маці, а таксама спрабуе дыскрэдытаваць яе ў прысутнасці дзяўчынкі. Тэлевядоўца лічыць, што апублікаваная інфармацыя закранае яе добрае імя, дзелавыя і прафесійныя якасці”, – піша TUT.by.
Прычынай прыпынення разгляду стала сустрэчная позва ад былой жонкі бізнесоўца Ілоны Герашчанкі да тэлевядоўцы – таксама аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі “ў сувязі з інфармацыяй, распаўсюджанай у прысутнасці дзіцяці”.