Прыладзіўся на новую працу – трапіў у дэтэктыўчык
Зразумеў гэта, прыладзіўшыся нядаўна на новае месца.
Узялі карэспандэнтам на “Еўрапейскае радыё”. СМІ робіць ухіл на ўласны кантэнт. Рэдактура – маладая, сучасная.
Гадавую акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў далі без праблем.
Для разважлівай карэспандэнцкай працы ўсё было падрыхтавана.
Але не паспеў прыйсці ў рэдакцыю, як яе абклалі кароткастрыжаныя хлопцы з сіняга мікрааўтобусіка. Чакалі, пакуль на двор выйдзе адзін з журналістаў. Ды так “замаскіраваліся”, што нарабілі гулу на ўсю краіну.
Офіс «Еўрарадыё» звонку і знутры
Па нашых здагадках (іншых прычын, здаецца, быць не можа) помсцілі за публікацыю скандальнага матэрыяла пра мінскае метро.
У той жа дзень затрымалі і “этапавалі” на Акрэсціна нашага журналіста Паўла Свярдлова. Уляпілі 15 сутак, хоць да таго скандальнага матэрыялу Паша дачынення не меў.
З тае пары я стаў выходзіць з дому і з рэдакцыі, азіраючыся. А ў галовах пачалі гучаць мінорныя гармоніі — як у гульні “Супер-Марыё”, калі б’ешся з драконам.
Такі вось трылер, у якім міліцыя – гэта як бы зладзеі, а мы, журналісты, – як бы станоўчыя героі.
Чым сканчаюцца такія атакі на прэсу? Кароткастрыжаны баец выглядае перад усім светам бандытам. Карэспандэнт – вастразубым кацянём, а краіна – безапеляцыйнай дыктатурай.
Але навошта гэта патрэбна і каму робіцца лягчэй ад такога задавальнення нездаровых крыўдаў?
Спадзяюся, што дачакаюся тых часоў, калі начальнікі кароткастрыжаных хлопцаў з сіняга мікрааўтобуса перастануць цешыцца дзіцячымі помстамі і распачнуць дыялог з журналістамі на ўмовах законнасці. Для сваёй жа выгады.
Ну а пакуль даводзіцца жыць у дэтэктыўным рэжыме і ўцягвацца ў рытм новай працы.