З Калядамі!
Як і ў мінулым годзе хтосьці з беларускіх журналістаў абавязкова напіша пра «католическое рождество», маючы на ўвазе, што «праваслаўнае» яшчэ толькі надыдзе. Так разам з журналістамі думае і большасьць беларусаў. Між тым 25 сьнежня — каляды не менш «праваслаўныя». Бо менавіта ў гэты дзень нараджэньне Хрыстова адзначае ці ня большасьць усіх праваслаўных вернікаў у сьвеце.
Разыходжаньне ў сьвяткаваньні паходзіць, як вядома, з таго, што каталіцкая царква прытрымліваецца новага, Грыгарыянскага, календара, а Праваслаўная — старога, Юльянскага, розьніца паміж якімі складае 13 дзён. Але ў 1923 г. шэраг праваслаўных цэркваў пачалі ўжываць перагледжаны Юльянскі каляндар, у якім год пачынаецца зь 1 студзеня. Такім чынам, да 2800 г. нараджэньне Хрыстова будзе, паводле абодвух календароў, прыпадаць на адзін і той жа дзень — г.зн. на 25 сьнежня.
Вернікі якіх жа праваслаўных цэркваў сьвяткуюць каляды разам з каталікамі? Гэта вернікі Канстантынопальскай, Александрыйскай, Антыохскай, Грэцкай, Кіпрскай, Румынскай і Балгарскай цэркваў.
А не прынялі перагледжаны Юльянскі каляндар Ерусалімская, Расейская, Сэрбская, Македонская, Грузынская, Польская цэрквы ды г.зв. старакаляндарнікі Грэцыі.
Адпаведна, 25 сьнежня нараджэньне Хрыстова сьвяткуюць у нашай краіне і тыя праваслаўныя вернікі, якія не належаць да РПЦ.
А таму вясёлых калядаў усім — і каталікам, і праваслаўным!
Хрыстос НАРАДЗІЎСЯ!