• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вам каву з вяршкамі альбо без?

    Знаўцы кажуць, што смак кавы не трэба псаваць ні цукрам, ні вяршкамі, ні ўсялякімі лікёрамі ды арэхамі. Але калі ўжо трапіўся вам капучына, самымі смачнымі ў ім падаюцца вяршкі. Хуценька, каб шапка не здулася пад цяжарам паветра, але вельмі асцярожна, каб не сапсаваць дзіўныя ўзоры карыцы, бярэш лыжачку і смакуеш…

    Часам мне падаецца, што праца журналіста — зняць вяршкі з кавы, схапіць «самае смачнае», а па сутнасці — тое, што ляжыць на паверхні, з адной толькі розніцай: асцярожнасці і разважнасці тут не месца.

    У ноч з 3 на 4 ліпеня ў Мінску здарылася трагедыя: выбухнула самаробная бомба, пацярпелі людзі. Аб здарэнні журналісты даведаліся раніцай 4 ліпеня. Зразумела, што самыя «каштоўныя» для журналістаў хвіліны — адразу пасля трагедыі — ужо прайшлі. Заставалася толькі звяртацца па каментары да экспертаў і адсочваць крокі ўладаў перад трагедыяй і пасля яе. А яшчэ ісці ў бальніцы да пацярпелых, каб з першых вуснаў пачуць, што і як адбывалася ў тыя некалькі дзесяткаў хвілін ля стэлы. Каментары людзей, многія з якіх атрымалі не толькі фізічныя, але і псіхалагічныя траўмы, і сталі тымі «вяршкамі», што з ахвоткай «здымалі» журналісты…

    Асабліва ўразіла праца аднаго з калег з вядомага он-лайн рэсурса, які вырашыў звярнуцца да распаўсюджанага журналісцкага прыёму — стварэння «эфекту прысутнасці». Калі цябе не было на месцы трагедыі і ты не мог апісаць таго, што адбывалася падчас і пасля выбуху, усё не так блага, як можа падацца. Папросту трэба знайсці ахвяру выбуху, што пагодзіцца пайсці на гэтае месца зноўку і распавесці сваю гісторыю.


    Параненых выносяць з месца здарэння (фота з сайту Хартыі-97 са спасылкай на forum.onliner.by)

    І хай гэтай ахвяры толькі 16 гадоў. І хай дактары афіцыйна не дазвалялі ёй пакідаць бальніцу, і хай дзяўчына на падыходзе да месца здарэння заўважна нервуецца і ледзьве не плача (аб чым шчыры журналіст піша ў сваім артыкуле)… The show must go on!

    Дзяўчына распавяла сваю гісторыю, журналіст старанна ўсё апісаў, чытачы з апетытам усё «праглынулі». Задаволеныя амаль усе…

    Фармальна такія «штучкі» журналісты робяць штодзённа. Фармальна яны не хлусяць сваім чытачам і шчыра расказваюць, пры якіх абставінах адбылася гаворка. Фармальна…

    Але ці этычна? Ці разважліва? Ці прадумаўшы наступствы? Дзіця (а фактычна 16-гадовая дзяўчына — яшчэ дзіця) вымушана было ўсяго праз некалькі дзён пасля трагедыі зноўку прыйсці на гэтае месца. Не дзеля следчых мерапрыемстваў, не за руку з псіхолагам, які б мог кантраляваць яе стан, а разам з журналістам, які ўсяго толькі «рабіў сваю справу».

    Рабіў як мог? Як навучылі? Як сказаў рэдактар?…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці