Журналісты кажуць, што на іх склалі пратаколы. Міліцыя сцвярджае, што не (Абноўлена)
Журналісты, якія ўвечары 24 лістапада асвятлялі акцыю пратэсту ў цэнтры Мінска, паведамілі, што міліцыянты склалі на іх адміністрацыйныя пратаколы як на ўдзельнікаў. У сераду ж міліцэйскае начальства паправілася: “Пачалі складаць пратаколы, але зразумелі, што гэта журналісты, і не сталі”.
Пра складанне пратаколаў паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) паведамілі ГА “БАЖ” Галіна Абакунчык з “Радыё Свабода”, Кацярына Андрэева з “Народнай волі” і Дзмітрый Галко з “Новага Часу”.
Усе карэспандэнты мелі пры сабе журналісцкія пасведчанні. Супрацоўнікі міліцыі іх не затрымлівалі, але сказалі чакаць позваў у суд.
У сераду журналісты дзяліліся падрабязнасцямі аўторкавага канфлікту.
Між тым, у другой палове дня справа займела нечаканы фінал. Прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі так пракаментаваў сітуацыю “Еўрарадыё”: “Супрацоўнікі сказалі, што пратаколы не былі складзеныя. Яны пачалі складаць, але потым зразумелі, што журналісты, і ў дачыненні да іх пратаколы не былі складзеныя”.
Калегі сумняюцца, што міліцыянтам было цяжка адразу здагадацца пра прафесійную прыналежнасць журналістаў. Тым больш што пратаколы яны складалі не па пашпартах, а па журналісцкіх пасведчаннях. Яны пакуль не спяшаюцца з высновамі і не выключаюць, што атрымаюць позвы ў суд.