«Народная воля» судзіцца зь Міністэрствам інфармацыі за артыкул Калінкінай
14 cтудзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачне разглядацца пазоў газэты «Народная воля» да Міністэрства інфармацыі, якое вынесла папярэджаньне газэце за артыкул «На цепь». Рэдакцыя патрабуе адмяніць гэтае папярэджаньне.
Сутнасьць спрэчкі, як падае сайт Вярхоўнага суду, — у праверцы законнасьці нарматыўных актаў, дзеяньняў дзяржорганаў, службовых асобаў.
Шэф-рэдактар «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна патлумачыла карэспандэнту Свабоды, што заўтра пройдзе папярэдняе пасяджэньне.
«Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне газэце за маю аўтарскую калёнку, якая тычылася ўступленьня Беларусі ў Эўразійскі саюз. Мы лічым, што гэтае папярэджаньне павінна быць анулявана, бо яно ня мае пад сабой ніякіх падставаў. Міністэрства інфармацыі сьцьвярджае ў сваім папярэджаньні, што мы падманулі чытачоў, напісаўшы, што Беларусь можа з гэтага саюзу ня выйсьці, калі захоча. А мы, прачытаўшы дамову аб стварэньні Эўразійскага саюзу, лічым інакш. Але ў любым выпадку меркаваньні, як вядома, ня могуць адпавядаць ці не адпавядаць рэчаіснасьці. Яны могуць аспрэчвацца. З намі ніхто не спрачаўся, а вось вырашылі пакараць нас за тое, што мы выказалі клопат аб пагрозе незалежнасьці Беларусі. Мне здаецца, для дзяржаўнага ведамства гэта наагул недапушчальна — караць за клопат аб інтарэсах дзяржавы».
Карэспандэнт: «Як вы ацэньваеце шанцы выйграць пазоў да Міністэрства інфармацыі?»
Калінкіна: «Цяжка сказаць. Калі Міністэрства інфармацыі проста рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў і хоча падвесіць незалежныя СМІ, каб мець магчымасьць у нейкім там патрэбным выпадку закрыць іх напярэдадні выбараў, — гэта адзін выпадак. Тады яны ня будуць слухаць ні нашых аргумэнтаў, ні аргумэнтаў вядомых у краіне юрыстаў і будуць настойваць на сваім. Калі міністэрства насамрэч будзе выступаць проста як нэўтральны дзяржаўны орган, то яно павінна пачуць нашы аргумэнты. Бо наагул гэты выпадак беспрэцэдэнтны, калі СМІ караюць не за тое, што яно там памылілася адносна нейкага чалавека ці надрукавала не зусім дакладныя зьвесткі наконт нейкай фірмы. А калі яно выказвае клопат, каб мы сябе не загналі ў пастку і каб мы заставаліся самастойнай незалежнай дзяржавай, якая сама ў сябе прымае рашэньні. І за гэта караць — гэта беспрэцэдэнтна».
Гэта ўжо другое па ліку папярэджаньне, якое мае газэта «Народная воля». Першае было вынесена ў жніўні 2014 году. Яно тычылася адкрытага ліста жонкі былога галоўнага ўрача раённай Касьцюковіцкай бальніцы, якога судзілі. Жонка апісвала ў лісьце, што гэта за справа і як яна вядзецца. Аднак публікацыю гэтага ліста дзяржаўныя органы палічылі ціскам на суд. Цяпер газэта мае яшчэ адно папярэджаньне. Паводле беларускага заканадаўства гэта можа прывесьці да спыненьня ліцэнзіі газэты.