“Intex-press” судзіцца з Мінінфармацыі за скарачэнне “РБ”
У лютым рэгіянальнае выданне атрымала афіцыйнае папярэджанне за выкарыстанне скарачэння назвы краіны да “РБ”. Рэдакцыя не пагадзілася з папярэджаннем і абскарджвае яго ў Вярхоўным судзе.
28 красавіка скаргу ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” будзе разглядаць Калегія па эканамічных справах Вярхоўнага суда Беларусі. Менавіта гэты орган мае права адмяніць незаконны, на думку рэдакцыі выдання, загад Міністэрства інфармацыі.
Па словах кіраўніка Выдавецкага дома Уладзіміра Янукевіча, шанцы на перамогу ў судовай спрэчцы ў газеты ёсць. У адваротным жа выпадку, паводле беларускага заканадаўства, наступнае папярэджанне цягам года можа стаць падставай для закрыцця “Intex-press”.
Газета “Intex-press” з’яўляецца лідарам недзяржаўнага друку ў Баранавічах. Першы нумар выдання выйшаў 30 снежня 1994 года. Найбольшы наклад выданне мела ў 2010 годзе – больш за 20 тысяч асобнікаў. У 2006‑м годзе выданне было выключана з дзяржаўных сістэм распаўсюду, але насуперак захадам уладаў захавала поспех у чытача.
Разам з “Intex-press” у лютым-сакавіку бягучага года папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі атрымалі яшчэ пяць недзяржаўных выданняў, сярод якіх “Газета Слонімская”, “Ганцавіцкі час”, “Борисовские новости”, “Рекламный Боржоми”, “Новы час”.
Разгляд скаргі пачнецца 28 красавіка а 10‑й гадзіне па адрасе вул. Валадарскага, 8, пакой 218.