Журналіст з Гродна шукае паклёпнікаў
Гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка 11 ліпеня падаў заяву ў міліцыю з просьбай высветліць асобы і прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія пішуць паклёпніцкія ананімныя артыкулы пра гродзенскіх журналістаў і грамадскіх дзеячоў на адным з сайтаў.
На працягу апошніх гадоў там з’яўляліся артыкулы пра сябраў ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча, Вітаўта Парфёненку і Уладзіміра Хільмановіча, Віктара Сазонава і Андрэя Мялешку.
Сваю заяву журналіст аднёс па месцы жыхарства, у Кастрычніцкі РАУС Гродна. Ён убачыў у матэрыялах сайта паклёп на сябе і чальцоў сваёй сям’і.
Паводле артыкула 9.2 КаАП, за паклёп прадугледжваецца штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў.
Маёр Скуратаў, што прымаў заяву, паведаміў, што справа можа быць кваліфікаваная і паводле Крымінальнага Кодэксу. Ён параіў журналісту ў бліжэйшыя два тыдні нікуды не з’яджаць з горада.
Андрэй Мялешка лічыць, што такія сайты аказваюць псіхалагічны ціск не толькі на журналістаў, але і на іх сем’і, сяброў і калег па цэху. І з кожнай праявай паклёпу трэба змагацца законнымі спосабамі, праз заявы ў суд ці ў міліцыю.