У розных краінах прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Ночы расстраляных паэтаў ФОТА
29 кастрычніка, у 86-ю гадавіну расстрэлу ў Мінску 132 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі дзясяткі паэтаў і пісьменнікаў, у многіх краінах, дзе ёсць беларускія дыяспары, прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы пад агульнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў». Калегі з «Нашай Нівы» сабралі фота– і відэаматэрыялы толькі пра некаторыя з іх.
Бельгія
У Беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) царкве ў Антверпене прайшла памінальная малітва за душы расстраляных прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай і творчай інтэлігенцыі ў засценках НКВД у ноч з 29 на 30 кастрычніка.
Пасля Боскай літургіі адбылася імпрэза, прысвечаная забітым пісьменнікам і паэтам, з чытаннем іх твораў.
Літва
Асноўнае мерапрыемства прайшло ў Вільні. Імпрэза адбывалася ў скверы ля Музея акупацыі. На сцэне выступалі музыкі, літаратары, журналісты, дыпламаты, грамадскія дзеячы, гучалі вершы рэпрэсаваных паэтаў. Гледачы маглі пагрэцца ды пачаставацца гарачымі напоямі ў намёце насупраць сцэны.
А шостай вечара пачалося мерапрыемства на Ратушнай плошчы, арганізаванае НКА «Дапамога». На прыступках віленскай ратушы запалілі 132 свечкі, каб ушанаваць памяць 132 прадстаўнікоў беларускай эліты, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Ля мікрафона выступалі былыя палітвязні і іх сваякі, прадстаўнікі «Дапамогі».
Таксама ў гэты дзень беларусы сабраліся ў Коўне.
Польшча
У Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі адбылася літаратурна-тэатральная імпрэза ад «Купалаўцаў», на якой яны прачыталі вершы расстраляных паэтаў, а таксама прайшла лекцыя гісторыка Алеся Смаленчука «Беларусь (не)расстраляная».
Вольны хор у гэты дзень у варшаўскім касцёле Святога Аляксандра выканаў песні паводле твораў забітых бальшавікамі Алеся Дудара, Цішкі Гартнага і Міхася Чарота, рэпрэсаваных Міколы Куліковіча, Наталлі Арсенневай, Міколы Равенскага, Міхася Кавыля, Дзмітрыя Верасава, Вольгі Бурнос, Сяргея Новіка-Пеюна і іншых.
Швейцарыя
Ушанавалі памяць расстраляных беларускіх творцаў сябры беларуска-швейцарскага аб’яднання RAZAM. Сярод іншых на мерапрыемстве прысутнічалі БЧБ-нявеста Іна Зайцава і былая палітзняволеная журналістка Вольга Класкоўская.
Чытайце яшчэ:
Анджэй Пачобут застаецца без неабходных яму лекаў і знаходзіцца ў ізаляцыі
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой