На загад суда на некалькі дзён быў заблакаваны мабільны тэлефон непаўнагадовай дачкі Алеся Ляўчука
Як паведаміў журналіст, напачатку ліпеня на яго імя прыйшоў ліст з аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Брэста. У лісце ўтрымлівалася патрабаванне сплаціць штраф памерам 3 мільёны 780 тысяч рублёў паводле рашэння суда, які пакараў незалежнага журналіста за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
– На той суд мяне не запрасілі і рашэнне было агучана без майго удзелу, а спробы абскардзіць рашэнне ў абласным судзе не мелі плёну, – кажа Алесь Ляўчук. – Паколькі ў лісце судовага выканаўцы Анастасіі Максімук не быў пазначаны тэрмін выплаты штрафу, я патэлефанаваў і папярэдзіў, што зраблю гэта да канца ліпеня, з чым судовы выканаўца згадзілася.
Паводле словаў журналіста, штраф ён сплаціў 22 ліпеня, пра што зноў папярэдзіў па тэлефоне судовага выканаўцу, а пазней даслаў па электроннай пошце квітанцыю аб аплаце. Аднак 30 ліпеня на тэлефон 7‑гадовай дачкі Алеся Ляўчука (нумар зарэгістраваны на бацьку) прыйшло паведамленне пра тое, што ён заблакаваны паводле рашэння суда.
– На наступны дзень я патэлефанаваў судоваму выканаўцу, якая заявіла, што гэта яна звярталася ў кампанію “МТС”, каб тэлефон быў заблакаваны, але зараз ніякіх прэтэнзій няма, і тэлефон разблакуюць. Між тым, гэта адыблося толькі праз чацвёра сутак: увесь гэты час у аддзеле прымусовага выканання Маскоўскага раёна Брэста мяне адпраўлялі у кампанію “МТС”, а адтуль – разбірацца з судовымі выканаўцамі”, – кажа журналіст.
Пры гэтым прадстаўнікі МТС адмаўляліся паведаміць журналісту, на падставе якога менавіта рашэння суда быў заблакаваны нумар тэлефона, і не пажадалі прасіць прабачэння за нязручнасці.