Незалежная журналістка накіравала скаргу на міліцыянтаў пракурору Магілёва
Магілёўская журналістка Аліна Скрабунова накірава скаргу на дзеянні службовых асобаў Ленінскага РАУС Магілёва і УУС Магілёўскай вобласці пракурору горада.
У скарзе журналістка распавядае пра шматлікія парушэнні беларускага заканадаўства, дапушчаныя пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да яе старшым інспектарам ААПП Ленінскага РАУС Магілёва маёрам А. Сініцкім, што мелі месца на погляд журналісткі.
Аліна Скрабунова просіць пракурора правесці расследаванне ўказаных ёй у скарзе фактаў і прыцягнуць да адказнасці маёра А. Сініцкага. Таксама журналістка звяртаецца да пракурора з просьбай абавязаць падпалкоўніка Д. Паркава здаць пісьмовы залік па рускай мове на дакладнасць і яснасць выказвання сваіх думак, у сувязі са стылістычна непісьменным рапартам міліцыянта.
27 ліпеня суддзя Ленінскага раёна Магілёва Алена Волкава спыніла вытворчасць па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Аліны Скрабуновай у сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Журналістку спрабавалі абвінаваціць у парушэнні часткі 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які азнаёміўся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы Аліны Скрабуновай, таксама адзначае шматлікія парушэнні, дапушчаныя ў афармленні дакументаў міліцыянтамі. Ён не выключае, што з гэтай прычыны суд і вырашыў “спусціць справу на тармазах”, дачакаўшыся заканчэння тэрміну даўніны.