• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Белпошта» адмаўляецца распаўсюджваць недзяржаўныя СМІ. Нават насуперак уласнай выгадзе (Дакумент)

    Рэдакцыя "Intex-press" (г. Баранавічы) зноў атрымала ад РУП "Белпошта" адмову на просьбу ўключыць газету ў падпісны каталог.

    З 2006 года рэгіянальная газета «Intex-press» адсутнічае ў падпісным каталогу друкаваных выданняў РУП «Белпошта». Гэты факт стварае нязручнасці жыхарам г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна.

    Рэдакцыя лічыць, што мае права распаўсюджваць газету праз падпіску, а РУП «Белпошта» абавязана прымаць падпіску на газету і распаўсюджваць яе сярод падпісчыкаў.

    Як тлумачыць юрыст выдавецкага дома Наталля Нарожная, па-першае, дамова на аказанне паслуг па ўключэнні ў падпісны каталог РУП «Белпошта» з’яўляецца публічнай згодна з арт. 396 Грамадзянскага кодэкса. Гэта азначае заключэнне такой дамовы з усімі рэдакцыямі зарэгістраваных газет, якія звярнуліся з адпаведнай просьбай.

    Па-другое, загадам Дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2013 г. РУП «Белпошта» ўключана ў Дзяржаўны рэестр суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках Беларусі, па таварнай пазіцыі «паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасаванні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі». У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» ад 12 снежня 2013 г., забараняюцца дзеяннi (бяздзеянне) гаспадарчага суб’екта, які займае дамінуючае становішча, вынікам якіх з’яўляюцца або могуць з’явіцца недапушчэнне, абмежаванне, скасаванне канкурэнцыі і (або) замах на інтарэсы іншых гаспадарчых суб’ектаў, у тым ліку стварэнне перашкод доступу на таварны рынак (сыходу з таварнага рынку) іншым гаспадарчым суб’ектам, а таксама эканамічна або тэхналагічна неабгрунтаваныя адмова альбо ўхіленне ад заключэння дамовы з асобнымі спажыўцамі.

    У рэдакцыі лічаць, што газета «Intex-press» мае тыя ж правы, што і рэдакцыі астатніх друкаваных СМІ ў нашай краіне, і РУП «Белпошта» ў мэтах недапушчэння нядобрасумленнай канкурэнцыі абавязана заключыць дамову аб уключэнні газеты «Intex-press» у падпісны каталог

    Адказ з РУП «Белпошта» ад 7 мая 2015 года за подпісам першай намесніцы генеральнага дырэктара Алены Скрыпчык збянтэжыў сваёй юрыдычнай эквілібрыстыкай

    Як сказана ў адказе, у дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, РУП «Белпошта» ўключана па таварнай пазіцыі «паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасавані друкаваных сродкаў масавай інфармацыі». А вось паслуга па ўключэнні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ў падпісны каталог не з’яўляецца паслугай, якая аказваецца на падставе публічнай дамовы, і не ўключана ў пералік таварных пазіцый, па якіх РУП «Белпошта» ўключана ў дзяржаўны рэестр

    Ліст адрасаваны дырэктару ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс»» Уладзіміру Янукевічу:  

     

    Для рэдакцыі адмова не стала нечаканасцю. Яна неаднаразова звярталася ў РУП «Белпошта» з просьбай уключыць выданне ў падпісны каталог і кожны раз атрымлівала нічым не абргунтаваную, але нязменную адмову. Прычым ад супрацоўніцтва з папулярным незалежным выданнем РУП «Белпошта» адмаўляецца нават насуперак уласнай эканамічнай выгадзе. Як пісала раённая газета «Наш край», з кожнай падпісной кампаніяй наклады выданняў падаюць, пры тым што падпіска на перыёдыку пасля дастаўкі пенсіі з’яўляецца другой па даходнасці паслугай Баранавіцкага раённага вузла паштовай сувязі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці