• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    КДБ схіляе да супрацоўніцтва незалежнага журналіста Змітра Лупача

    Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач распавёў, што прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва – каб ён паведамляў падрабязнасці пра тутэйшых актывістаў, пра сустрэчы з сябрамі ГА "БАЖ" і пра апазіцыйную актыўнасць у рэгіёне.

    Спачатку ён вырашыў проста ігнараваць прапановы, але яны паўтараліся. Тады Зміцер вырашыў звярнуцца да журналістаў і праваабаронцаў. Ен распавёў, што меў некалькі сустрэч са спецслужбамі – і мінскімі, і глыбоцкімі.

    Першая адбылася 25 чэрвеня ў фінансавай міліцыі. Журналіста не здзівіў выклік туды, бо напярэдадні ён меў праблемы з падатковай інспекцыяй і заплаціў штраф. Між тым, як высветлілася, выклік быў звязаны не з гэтым. Яго сустрэлі мясцовыя прадстаўнікі КДБ і двое невядомых людзей, якія сказалі, што прыехалі з Мінску адмыслова дзеля сустрэчы з ім. «Яны назвалі сябе, паказалі «чырвоныя кніжачкі», але я ад нечаканасці нічога не запомніў, – кажа Зміцер Лупач. – Адзін з іх пачаў распытваць мяне пра паездкі ва Украіну, а таксама пра мае кантакты з замежнікамі».

    Адзін з  такіх «кантактаў» адбыўся ў чэрвені. Зміцер сустракаўся з палякамі, якія прыязджалі на Глыбоччыну, і пазней на сайце «Еўрарадыё» і ў газеце «Вольнае Глыбокае» выйшаў артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года». Аповед пра гэта стаў нагодай для адміністрацыйнага працэсу. Змітра Лупача абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі – парушэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над незалежным журналіста быў прызначаны на 10 ліпеня, але дакументы адправілі на дапрацоўку ў міліцыю.

    30 чэрвеня Змітра па тэлефоне выклікаў на сустрэчу супрацоўнік мясцовага КДБ. У часе размовы ён папярэдзіў жуналіста пра недапушчальнасць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК РБ) –– прадастаўлення замежнай дзяржаве непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і г.д.

    «Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў іх ёсць шмат доказаў майго супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, але яны не будуць іх агучваць, калі я пагаджуся «дапамагчы». Мне было прапанавана  інфармаваць «органы» –– яны, маўляў, зацікаўленыя, «каб у рэгіёне ўсё было спакойна». Прычым супрацоўнік КДБ зазначыў, што ў выпадку адмовы будуць праблемы ў маёй жонкі і дзяцей».

    Зміцер меркаваў, што КДБ страціць для яго цікавасць, калі не даваць ніякай інфармацыі. Між тым, 9 ліпеня той самы супрацоўнік патэлефанаваў і зноў прапанаваў сустрэцца. Зміцер Лупач кажа, што катэгарычна адмовіўся быць “стукачом”, нягледзячы на пагрозы. І вырашыў распавесці сваю гісторыю, каб папярэдзіць сяброў і калег, што яны таксама могуць трапіць у падобную сітуацыю.

    Нагадаем, што акурат 9 ліпеня ГА «БАЖ» звярнулася да кіраўнікоў шэрагу дзяржаўных органаў, у тым ліку КДБ, менавіта ў справе пераследу журналістаў-фрылансераў.

    “Матэрыялы судовых спраў сведчаць, што ў шэрагу выпадкаў судовы пераслед журналістаў быў ініцыяваны супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, якія праводзілі маніторынг замежных сайтаў, апытвалі сведкаў і г.д., –– гаворыцца ў лісце на імя старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. –– На наш погляд, гэтая дзейнасць не адпавядае задачам органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, замацаваным у Законе Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”. Ніякіх пагроз бяспецыі асобы, грамадства і дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз матэрыялы, якія прыцягнулі ўвагу супрацоўнікаў КДБ, не неслі. Большасць з іх была прысвечана культурнаму, спартыўнаму жыццю краіны, і, наадварот, прапагандавала Рэспубліку Беларусь у замежных СМІ. Але і крытычныя матэрыялы цалкам адпавядалі заканадаўству краіны. Ва ўсіх выпадках прыцягнення журналістаў да адказнасці падставай для гэтага стала не змест іх матэрыялаў, а сам факт з’яўлення іх у замежных медыя”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці