• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На незалежнага журналіста Алеся Леўчука завялі дзве адміністратыўныя справы за два дні

    КДБ і міліцыя працягвае пераследаваць незалежнага журналіста Алеся Леўчука. 23 чэрвеня ў Ленінскім РАУС на журналіста склалі пратакол за інтэрвю з футбалістам Раманам Васілюком, а ўжо 24 чэрвеня журналіст даведаўся, што супраць яго рыхтуецца новы адміністратыўны працэс.

    Алеся Леўчука вінавацяць па частцы 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»). На гэты раз падставай для гэтага стаў матэрыял, які меў вялікі рэзананс, – пра рэлігійны канфлікт, што разгарэўся ў аграгарадку Белавежскі на Берасцейшчыне.

    Дзякуючы розгаласу ў медыях канфлікт быў вырашаны. А сведкай, якая дала супраць журналіста паказанні, стала Ірына Нігерыш – старшыня Камянецкага раённага Савету дэпутатаў, у якой спадар Ляўчук узяў невялікі каментар.

    «Для мяне відавочна, што беларускія ўлады гэтак спрабуюць задушыць незалежных журналістаў і хоць неяк папоўніць апусцелую за час кіравання Лукашэнкі казну, – кажа ў размове з Belsat.eu Алесь Ляўчук. – Але пакуль мне невядомыя выпадкі, каб журналісты, правы якіх парушаюць улады, спалохаліся. Я ўспрымаю ўсё гэта як праяву страху з іх боку. Звон ужо звініць, хутка прыйдзецца адказваць за парушэнне закону».

    Журналіст зазначае: «Важна, што мяне будуць судзіць за адзін з найлепшых маіх матэрыялаў, які рэальна дапамог вырашыць праблему. Пасля яго я пачуў шмат падзяк ад людзей, прычым зусім незнаёмыя людзі звярталіся да мяне, бо »Белсат« сапраўды дапамагае людзям вырашаць іх праблемы. Улада вымушаная з гэтым лічыцца, і таму гэтак подла помсціць, незаконна ўвёўшы падатак на прафесію».

    Нагадаем, што гэта ўжо 4‑ая справа супраць берасцейскага журналіста Алеся Леўчука. 26 чэрвеня яго будуць судзіць за інтэрв’ю з футбалістам Раманам Васілюком. Пры гэтым міліцыя не мае аніякіх доказаў, што для «Белсату» гэтае інтэрв’ю зрабіў менавіта спадар Ляўчук.

    «У пятніцу я дакажу, што ў Беларусі могуць асудзіць, нават калі ты робіш матэрыял для акрэдытаванага ў краіне СМІ», – заяўляе журналіст.

    Раней Алеся Леўчука ўжо пераследавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся ў снежні 2014-га года – на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»). Тады працэс адбыўся са шматлікімі парушэннямі. Суддзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на Br 6 млн.

    У сакавіку 2015-га суддзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Леўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на Br 4 млн.

    Цягам 2015-га года незалежных журналістаў у Беларусі аштрафавалі за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» на суму Br 108,18 млн.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці