• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Злавесны цень НКВД і той, хто смяецца апошні

    Якую здзелку прапаноўваў Вользе супрацоўнік Генпракуратуры, чаму яе не даслалі ў крытую турму і як служакі пераконваюць палітвязняў у тым, што яны вар’яты? Чытайце ў чарговай частцы турэмных дзённікаў журналісткі Вольгі Класкоўскай, якія друкуюцца зараз у «Новым часе», а хутка выйдуць асобнай кнігай.

    «Цалую. Люблю. Ваша Ляля»

    —  Блін, чагосьці не хапае, — запытальна гляджу на Волю Ялцэвіч і працягваю ёй паперу са сваім зваротам у Дэпартамент выканання пакаранняў. 

    Брэсцкае СІЗА № 7. Снежань 2021-га. Разумею, што пасля прысуду па новай крымінальнай справе мяне зноў этапуюць у гомельскую калонію і думаю, як гэтага пазбегнуць. 

    Вяртацца ў ПК‑4 страшэнна не хочацца. Выдатна разумею, што мяне там чакае. Напярэдадні этапу ў Брэст начальнік калоніі Талсцянкоў адкрытым тэкстам сказаў, што супраць мяне будуць узбуджаць яшчэ адну крымінальную справу — па артыкуле 411. «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі». А тое, што яны незаконныя — гэта нікога не хвалюе. 

    У этапнае памяшканне ў лістападзе 2021-га мяне забралі наўпрост з ШІЗА. Са штрафнога ізалятара я ўвогуле не вылазіла апошнім часам. «Так будзе і цяпер, нават яшчэ горай, — з сумам падумала я. — Трэба гэтага неяк пазбегнуць па магчымасці».

    Варыянтаў няшмат. Спрабавала застацца ў брэсцкім СІЗА (асуджаныя з невялікімі тэрмінамі маюць такую магчымасць. Яны адбываюць пакаранне ў следчых ізалятарах, працуючы там у сферы гаспадарчай абслугі). Але нічога не атрымалася. Тагачасны начальнік Лук’яновіч сказаў мне, што ў «хозотряде» ў брэсцкім ізалятары працуюць толькі мужчыны.

    Тады вырашыла звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў з хадайніцтвам аб пераводзе мяне ў магілёўскую турму. Так званую крытку. 

    «Сваё знаходжанне ў папраўчай калоніі № 4 лічу немэтазгодным, паколькі я асуджаная за свае палітычныя перакананні, мяняць якія не збіраюся, адпаведна, выпраўляць мяне няма ад чаго», — напісала я ў лісце да кіраўніцтва Дэпартаменту. 

    — О, ведаю, чаго тут бракуе, — кажу Волі, перачытваючы ліст. — Напрыканцы трэба дадаць: «Цалую. Люблю. Ваша Ляля».

    Камера пырснула смехам. 

    А служакі з ДВП мяне цалкам праігнаравалі. Хадайніцтвы ім я дасылала двойчы, але адказаў адтуль так і не атрымала. Нават фармальнай адпіскі. 

    Ужо вярнуўшыся ў сакавіку ў гомельскую калонію, звярнулася з такой жа просьбай да Талсцянкова і яго намесніка Кавалёва

    — Давай по чесноку. Зачем тебе это нужно? Попиариться хочешь? — хітра прыжмурыўся Кавалёў. 

    Я шчыра не зразумела, што ён мае на ўвазе. 

    — Мне няма чым дыхаць тут. Я ненавіджу гомельскую калонію. І ведаю, што вы мяне тут задушыце. Вось і ўсе прычыны, — адказала я тады падпалкоўніку. 

    — Нет, Оля, не поедешь ты туда. Почему? Потому что ты туда хочешь. И больше не дури мне голову с этим вопросом, — скончыў размову службоўца. 

    З гэтай гісторыі я зрабіла адну выснову: ніколі не трэба агучваць турэмнікам свае сапраўдныя жаданні і думкі. З імі трэба гуляць, маніпуляваць імі. І агучваць у якасці пажаданняў цалкам супрацьлеглае. Тады яны зробяць наадварот. Гэта ж залюстроўе. З крывымі люстрамі. 

    Гумар супраць вытанчаных катаванняў

    — Класковская, ну что ты постоянно жалуешься? Температура в камере соответствует норме. Сейчас я тебе это докажу, — мажная супрацоўніца рэжымкі Ала Дашэўская няўклюда ўвалілася ў камеру штрафнога ізалятара. У руках трымала вялікі тэрмометр. Побач з ёй — два кантралёры. 

    Служакі пачалі замяраць у памяшканні тэмпературу. Дашэўская ўвесь працэс фіксавала на відэарэгістратар. Чамусьці адразу згадаліся радкі з жартаўлівай песенькі з папулярнай некалі гумарыстычнай перадачы «Я всегда с собой беру видеокамеру». Ала Уладзіміраўна пазіравала. Падбірала словы. Крыўлялася. Казала пафасныя прамовы. Той яшчэ перформанс.

    Праз некалькі хвілін прыбор паказаў 24 градусы цяпла. 

    — Я вам не веру. Такога не можа быць. Я ўся сіняя ад холаду, зуб на зуб не трапляе, — кажу Дашэўскай.

    — Что и требовалось доказать, — пераможна вымавіла грузная маёрша. — И это тебе не так, и то тебе не этак. На ровном месте выдумываешь проблемы. Все, вопрос с температурой закрыт. 

    Рэжымніца са світай і тэрмометрам рэціраваліся, а я адчувала сябе як той дурань з вымытай шыяй з анекдоту.

    «Бог ты мой, ну які ж цырк, які цынізм, — падумала я тады. — Ну ўсе ж яны выдатна ведаюць, што ў ШІЗА страшэнны холад, адмыслова яго ствараюць, а цяпер імкнуцца белае выдаць за чорнае. На каго гэта ўсё разлічана толькі?..»

    Усе, хто праходзіў праз штрафны ізалятар, выдатна разумеюць, пра што я зараз. Камеры ШІЗА — гэта лядоўні. Праз некаторы час знаходжання там цела ад холаду робіцца сінім. Спаць у такіх варунках немагчыма. Батарэя ледзь грэе, а ўначы яе часта адключаюць. У міжсезонне яна не грэе ўвогуле. У вокнах і падлозе — вялікія шчыліны.

    Больш-менш цёплай батарэя робіцца ў ранішнія гадзіны — у час, калі ў ШІЗА прыходзіць кіраўніцтва калоніі і іншыя «проверяющие». Робіцца такая пастаноўка наўмысна — каб у выпадку чаго ткнуць цябе носам, маўляў, ну якое-такое катаванне холадам, ды ў цябе ж тут тропікі! Пасля іх сыходу батарэя зноў халодная. Пачынаеш наракаць — робяць з цябе дурня. Прычым, робяць гэта настолькі пераканаўча, што часам і сам пачынаеш думаць: а мо, сапраўды, мне гэта ўсё прымроілася?

    Вытанчаныя катаванні. У гэтай сістэме ўсё прадумана. Як і ўздзеянне холадам у ШІЗА, так і здзек з тваёй псіхікі. Цябе катуюць і пры гэтым пераконваюць, што табе гэта падаецца, што ты вар’ят і дзівак. 

    Пастаяннае пачуццё віны — служакі ўбіваюць гэта ў тваю галаву ўвесь час. «Письма не приходят? Так а мы здесь при чем? Все вопросы к почте. И вообще, вам просто никто не пишет, потому что вы нахрен никому не нужны», «В ШИЗО мы тебя посадили законно, ты сама виновата, нарушаешь правила внутреннего распорядка». І так ва ўсім. Ва ўсіх пытаннях і аспектах, чаго б яны не датычыліся. Палітвязень заўсёды сам ва ўсім вінаваты.

    Вельмі важна не паддавацца на гэтыя маніпуляцыі. Як і ў прынцыпе на любыя маніпуляцыі. Мяне вельмі часта ў такіх сітуацыях ратаваў гумар. 

    А калі было асабліва цяжка, згадвала сваіх рэпрэсаваных сваякоў па бацькоўскай лініі. Прапрадзед Вацлаў у сталінскія часы быў асуджаны за антысавецкую агітацыю і шпіянаж. Шмат гадоў правёў у Сібіры. Другога прапрадзеда карнікі абвінавацілі ў сувязях з польскім Генштабам і расстралялі. 

    Калі думала аб тым, што маім родным давялося перажыць… разумела, што мне яшчэ пашчасціла што я абавязкова мушу ўсё вытрымаць. Не маю права падвесці іх і запэцкаць іх светлую памяць. Я не маю права зламацца.

    Брэх маленькага сабакі

    — Чего смеемся? Что такого смешного? Досмеешься скоро, — грозна вымавіў аператыўнік Данііл Баранаў. Гэтаму хлопцу ледзь за 20, але выраз твару і амбіцыі ў яго ўжо як у сапраўднага энкавэдэшніка са стажам. Далёка пойдзе. 

    Мы ў пакоі, дзе адбываюцца тэлефонныя званкі. У мяне добры настрой, а шырокую ўсмешку выклікала менавіта спроба гэтага юнака выглядаць сур’ёзным страшным начальнікам. Перад сабой я бачыла не аператыўніка, а звычайнага падлетка, якому ў дзяцінстве не хапіла матчынай любові і пяшчоты, якога булілі ў школе, якому давалі падпатыльнікі дваровыя пацаны і не бралі яго гуляць з сабой у футбол. 

    Цяпер Данік вырас і сам вырашыў усім даваць падпатыльнікі. Самасцвярджаўся і помсціў за свае комплексы безабаронным жанчынам. За кошт гэтага ён узвышаўся. Адчуваў сябе мужчынам. Рос ва ўласных вачах і вачах калег з аператыўкі. 

    Гэты недарэка любіў пагражаць палітвязням. Любіў заціснуць каго-небудзь у сталоўцы (эфект нечаканасці, у Даніка ўсё прадумана) і прашыпець у твар: «Какая категория профучета? Вину признали? Нет?! Будем работать!»

    У мяне ж яго з’яўленне заўсёды выклікалі ўсмешку і  смех. Настолькі недарэчна ён выглядаў і настолькі няўмела капіраваў сваіх старэйшых таварышаў з аператыўкі, што ўспрымаць яго ўсур’ёз было немагчыма. Гэты служака нават не ўсведамляе, наколькі абмежаваным персанажам ён выглядаў у вачах палітвязняў. І наколькі яго ніхто не баяўся. З яго проста смяяліся. Як і тады, у яго школьныя гады, гэта рабілі дваровыя пацаны.

    Маленькі сабака — да старасці шчанюк. 

    І толькі пры гэтым рэжыме такія кадры носяць афіцэрскія пагоны і маюць неабмежаваную ўладу. Але смяецца той, хто смяецца апошні. І як бы падобныя персанажы не забаранялі беларусам усміхацца, права пасмяяцца апошнімі, бясспрэчна, належыць менавіта нам.   

    Генпракуратура прапаноўвае здзелку.

     Ольга Александровна, а вы знаете, что в стране объявлена амнистия? — запытальна паглядзеў на мяне чалавек у сінім мундзіры. 

    Я адказала штосьці невыразнае, жадання ўступаць у камунікацыю з няпрошаным госцем у мяне не было. 

    Госць прадставіўся супрацоўнікам Генпракуратуры, у якасці пацвярджэння сваіх слоў паказаў «корачку». Прозвішча яго я не запомніла, помню толькі імя — Арцём. 

    — Предлагаю вам признать вину и написать прошение о помиловании. Буквально через несколько дней вас могут освободить, — працягваў тым часам пракурор. — Скажите, у вас есть вид на жительство или ПМЖ в европейском государстве? В случае, если мы вас отпустим, вам есть куда ехать?

    Я асалапела. Але выгляду не падала. Служака адкрытым тэкстам прапаноўваў здзелку. Прызнаеш віну, пішаш прашэнне і пакідаеш краіну. Ад гэтых прапаноў я адмовілася. 

    Пасля мяне да пракурора выклікалі Марыю Калеснікаву. Яна таксама не прыняла ўмовы людзей у пагонах. 

    Быў яшчэ і трэці чалавек, якога выклікалі пасля нас. Жанчына сталага ўзросту, пенсіянерка, сядзела за каментар. Яна пагадзілася, напісала прашэнне і літаральна праз тыдзень яе вызвалілі. 

    — Ну и дура, что отказалась, — сказаў мне пасля начальнік рэжымкі Сіўцоў. — Сейчас бы сидела дома и ела драники. 

    А я ніколі не пашкадавала аб сваім учынку. 

    Разам з тым шчыра радавалася за тых палітвязняў, у якіх атрымалася вырвацца з гэтага пекла раней.

    Чытайце яшчэ:

    «У калоніі дапамагаў іншым зняволеным, але непублічна, таемна». Інтэрв’ю Леаніда Судаленкі для БАЖ

    Дзяржаўная беларускамоўная газета «Культура» пачала дубляваць навіны ў тэлеграме па-руску

    Што не так у беларускіх медыя з асвятленнем тэмы ЛГБТК+? Запыталіся ў экспертаў і калег

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці