Сяргей Ваганаў: Вакцына ад міністра
У поўнай адпаведнасці з т. зв. «інфапандэміяй», гэтым геніяльным адкрыццём Аляксандра Лукашэнкі. А як інакш зразумець «новы курс», пазначаны ў шырока распаўсюджанай заяве міністра аб «стратэгіі», якая «будзе заключацца ў тым, каб карэктаваць дзеянні сродкаў масавай інфармацыі для таго, каб… абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве».
Заўважце, шкоду не насельніцтву, а дзяржаве. Пра насельніцтва хай клапоціцца Міністэрства аховы здароўя, шукае сваю вакцыну ад каранавірусу. Ну а новастворанае, дзякуючы высілкам новага міністра, міністэрства вынайдзе сваю, каб толькі — свят! свят! — інфармацыя не нанесла дзяржаве шкоду.
Мушу прызнацца, у гэтай пачэснай справе я цалкам на баку хуткаспечанага міністра!
Ну вось, да прыкладу, інфармацыя пра 900 тысяч долараў Ціханоўскага, схаваных за канапай на лецішчы. Ці ж не падумае сваё, роднае, альбо варожае насельніцтва замежжа штосьці дрэннае пра дзяржаву, ад якой трэба хаваць грошы за канапай?!
Абмежаваць!
Альбо інфармацыя пра жахлівае няведанне прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта адрозненняў «свінаматкі ад храка»! Гэта ж такая шкода дзяржаве! А калі выберуць? Тут і ўвогуле дзяржаве — «храк».
Абмежаваць!
Ды што там храк! Вось інфармацыя спачатку пра 200 тысяч подпісаў за два дні, а потым і пра мільён ці не за тыдзень, «па-чэснаму»… Але хто ж паверыць? Адразу насельніцтва вырашыць, што дзяржава хлусіць. Вялікая шкода дзяржаве!
Абмежаваць!
Подпісы подпісамі, а вось інфармацыя пра псіхоз замест пандэміі, пра вірус, які, маўляў, «нідзе не лётае», мо, самая шкодная для дзяржавы. Бо ва ўсім свеце адразу будзе зразумела, якая бедная наша «сацыяльная» дзяржава, не ў стане дапамагчы не толькі хворым, але і ўсім пацярпелым ад сусветнай бяды. І ўвогуле, калі нічога няма, дык і звонку дапамагаць навошта? Шкода? Так, найвялікшая шкода.
Абмежаваць!
А інфармацыя пра пагрозу расстрэльваць насельніцтва, якое незадаволена тым, што цягам 26 гадоў дзяржаве наносіцца непапраўная шкода?!
Абмежа…
Стоп, тут нешта не тое. Шкода якой дзяржаве? Той, што Рэспубліка Беларусь? Ці той, што ўладкавалася ў Драздах, «за плотам»?
Па-усяму, міністр «аховы дзяржавы ад насельніцтва» не вельмі натужваўся ў пошуках адказу на гэтае пытанне. Бо інакш ён успомніў бы, што ў дзяржаве Рэспубліка Беларусь цэнзура забароненая. І перш, чым браць на сябе функцыю сумнавядомых «глушылак», успомніў бы, як адбывалася і чым скончылася «абмежаванне насельніцтва ад інфармацыі». І здагадаўся б, што насельніцтва Рэспублікі Беларусь здольнае само разабрацца, дзе праўда, а дзе хлусня. І паклапаціўся б пра тое, каб усе без выключэння сродкі масавай інфармацыі былі роўнымі перад Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, вольнымі ў сваёй дзейнасці і адказнасці перад грамадствам. А пачаў з таго, што прымусіў бы чынавенства, у адпаведнасці з заканадаўствам, даваць дакладную, праўдзівую інфармацыю СМІ пра становішча ў сферах іх адказнасці, не дзяліць журналістаў на «чэсных і нячэсных»…
І ў гэтым рэчышчы сапраўды ёсць патрэба ў рэформе Міністэрства інфармацыі, каб яно нарэшце занялося сваёй справай. Іншымі словамі, ператварылася б, у адрозненне ад прапанавай міністрам Луцкім, у «міністэрства аховы насельніцтва ад дзяржавы».
Той, што за плотам…