• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Джынса за чорную ікру

    Маштабныя прэс-туры расійскіх медыя ў Беларусь, арганізаваныя на прэзідэнцкім узроўні, сталі традыцыяй. За няпоўныя 25 год кіравання беларускага лідара такіх прэс-тураў ладзілася ўжо 14. На некалькі дзён з насычанай праграмай запрашаюць пад сотню расійскіх журналістаў, блогераў, экспертаў, пераважна рэгіянальных.

    Традыцыя шчыльных кантактаў з Расіяй і расійскімі рэгіёнамі, у тым ліку праз медыя, мае карані ў часах размоў пра інтэграцыю пры Ельцыне. Калі малады беларускі кіраўнік мог марыць пра магчымасць асесці ў Крамлі, а таму быў заклапочаны сваім рэйтынгам у Расіі (пра гэта распавядае, напрыклад, Валер Карбалевіч у сваёй кнізе “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт”). Сёння мы бачым, што інтэграцыя становіцца пасткай, у якую беларускі кіраўнік ужо не надта імкнецца: згадкі расійскім бокам хаўрусніцкіх пагадненняў 1999 года вымушаюць яго казаць пра “сур’ёзную рэвізію Беларусі на прадмет незалежнасці”.

    Таму і прэс-туры выконваюць ужо іншую ролю: узмацненне мяккай сілы Беларусі ў расійскім грамадстве, уплыў на двухбаковыя адносіны незалежных дзяржаў. Але ёсць пытанні: наколькі гэтыя прэс-туры эфектыўныя, ці ўплыў адпаведны выдаткам?

    У якім дзесяцігоддзі вы апошні раз чыталі ЖЖ?

    Як вынікае з заяваў саміх удзельнікаў апошняга прэс-туру, запрашэннямі займаецца беларуская амбасада ў Расіі.

    Можна толькі здагадвацца, якімі крытэрамі яна кіруецца, бо сучасных уплывовых медыя накшталт “Медузы” альбо “Дождя” (які глядзіць і сам Лукашэнка) у такіх прэс-турах не ўбачыць. За прагрэсіўнасць можна было б прыняць запрашэнне блогераў, але нават самыя заўважныя з іх прадстаўлялі платформу Live Jour­nal.

    Так, ЖЖ у 2018 годзе, Карл! Дзіўна, што не запрашаюць нікога з MySpace, ICQ ды FidoNet. Безумоўна, не складана ўваходзіць у нейкія топы на платформе, якая парасла павуціннем і болей падобная на археалагічны выкапень. Напрыклад, калінінградскі блогер Андрэй Румянцаў займае 1987 месца ў агульным рэйтынгу карыстальнікаў ЖЖ. Яшчэ адзін удзельнік прэс-туру “Прамблогер №1” Ігар Ягубкаў — 246‑е. Пры гэтым у яго 1501 сябар і 72 падпісанты; у спадара Румянцава — і таго меней: 735 сябраў і 29 падпісантаў. Якая ступень уплыву на расійскае грамадства ў такіх медыязорак?

    Выбар платформы і ахоп аўдыторыі — гэта асабістая справа расійскіх рэгіянальных блогераў, пакуль іх не пачынаюць вазіць за кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў. А як прызнаецца ўдзельнік прэс-туру, галоўны рэдактар “Владимирских ведомостей” Ігар Яфрэмаў, “трансфер Владимир-Москва-Владимир оплачивал сам — все остальные расходы взяла на себя принимающая сторона”. То бок мы з вамі.

    Публічнай інфармацыі пра абъём бюджэтных выдаткаў на прэс-туры расійскіх медыйшчыкаў няма (прыблізныя падлікі Naviny.by — ад 100 500 BYN толькі на апошні з іх). 

    Цяжкая праца за ежу

    Можа быць, сакрэт запрашэння ЖЖ-блогераў і іншых дзіўнаватых медыйшчыкаў у тым, што сапраўды ўплывовыя персоны проста не ездзяць на такія мерапрыемствы ад беларускай амбасады. Бо гасціннасць даводзіцца адпрацоўваць: як піша блогер Румянцаў, “второй отрицательный момент — это сверх напряженный график работы в пресс-туре … Работать приходилось так, что 3 дня из 4‑х я спал ночью буквально по 2,5 часа. Уже в 5 утра приходилось быть свежим и опрятным, с зарядом бодрости на весь рабочий день”.

    У адкрытых крыніцах няма інфармацыі, ці выстаўляліся арганізатарамі прэс-туру нейкія ўмовы адносна колькасці і аператыўнасці выхаду матэрыялаў. Аднак той жа Румянцаў піша, што падчас прэс-туру атрымаў вялікі досвед: “умение с ходу выдавать оперативный качественный контент в день мероприятия и вскоре видеть свои статьи в пабликах МИДа, местных новостных интернет-порталах и т. д.”

    Частуюць падчас такой працы журналістаў як след. Тут вам і яблычны сок без цурку, і чорная ікра. Яна Вікулава з “Кубанских новостей” распавяла пра прэзідэнцкія падарункі: “картина с пейзажами Беларуси, шоколад «Президент» и бутылка водки с портретом Батьки”. А блогер Ігар Ягубкаў пісаў нават самаіранічна (аўтарская арфаграфія і пунктуацыя захаваныя): “Да, мы, блогеры такие, работаем за еду 🙂 А так я всё больше влюбляюсь в #РеспубликаБеларусь, тут очень вкусно принимают. Мясо-молоко, просто огонь!”

    Жарты-жартамі, але грунтоўных матэрыялаў з крытычным поглядам на Беларусь па выніках прэс-туру не адшукаць. Большасць — пахвальба, бясконцыя кампліменты і пазітыў без абгрунтавання. Карацей, тыповая джынса. На медыйным слэнгу тых, чыё меркаванне можна так лёгка набыць, завуць фуршэтнымі журналістамі. Так, усе мы людзі, і на асабістым узроўні можа быць прыемна, калі цябе пасля доўгай прэс-канферэнцыі пачаставалі смачнай ежай, а пераезды падчас прэс-тураў былі на сучасным транспарце. Аднак гэта ўсё не ўплывае на сутнасць якасных тэкстаў годных журналістаў з сур’ёзных выданняў, а толькі на такіх і варта выдаткоўваць сродкі.

    Раскоша альбо бартэр

    Дарэчы, пра чорную ікру і выдаткі. Як заўважыла “Наша Ніва”, госці прэс-тура частаваліся чорнай ікрой са слоікаў вагой 250 грамаў, кожны з іх каштуе 575 BYN. Але ці былі гэтыя грошы выдадткаваныя з бюджэту на частаванне расійскіх журналістаў? Бо гэта той самы вытворца, пра якога я ўжо ўзгадваў раней у калонцы. Ці не мог гэта быць бартэр: газета Адміністрацыі прэзідэнта бязвыплатна спявала дыфірамбы прыватнай фірме, якая арганізавала кармленне далікатэсам удзельнікаў прэс-туру?

    Шчыра кажучы, абодва варыянты выглядаюць так сабе. Чорная ікра — настолькі дарагі прадукт, што нават цяжка прывесці гіпербалізаваны прыклад, чым частаваць у прэс-туры было б даражэй. Не надта рацыянальныя бюджэтныя выдаткі, калі гэта яны. Але ж і быць піяршчыкам камерцыйнай установы за ежу — такая сабе роля для афіцыйнай газеты.

    Зрэшты, не здзіўлюся, калі хто з уладных структураў не зразумее майго абурэння. Маўляў, даў добры вытворца ікру на частаванне замежных журналістаў, а наш айчынны журналіст пра яго напісаў добры артыкул, што тут такога? То не дзіва, калі людзі з такім мысленнем не разумеюць, што прасоўваць краіну праз джынсу фуршэтных журналістаў і блогераў з архаічнага ЖЖ — марная справа.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці