• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрусь Горват: Паслухайце мяне сюды

    Тэлевізійная паверхня мазгоў

    Да таго моманту, як я пераехаў жыць у вёску, перада мной не паўставала такой неабходнасці  шукаць агульнай мовы з рознымі людзьмі. Там, у Мінску, мне хапала абранага мною ўтульнага для мяне кола кантактаў. Усе астатнія людзі мне былі нецікавыя, я мог дазволіць сабе грэбаваць імі.

    У вёсцы я адразу стаў ізгоем. Ну, новы чалавек, прыехаў з Мінска. Чаму прыехаў? Нашто прыехаў? Жыве адзін. Мо і нехарошы чалавек. Я насіўся па Прудку з дыктафонам і прагай збірання нацыянальных каштоўнасцяў — ва ўспамінах, у мове. Я насіўся, а прудкаўцы зачынялі перада мной дзверы і казалі:

    — Нічога не помню. Нічога не скажу. Ідзі адселя.

    І калі мне выпадала размова з кімсьці, я чапляўся за яе любую. Сядзеў і піў самагонку з дзядзькам, а ён праз кожнае слова:

    — Фашысцкія ўкропы, фашысцкія ўкропы…

    Ну, цярпеў. Цярпеў і піў. “Гэта табе не Мінск, дзетка”, — казаў сабе. Мог пагрэбаваць размовай, але грэбаваць лёгка ў Мінску за ноўтбукам. У вёсцы, калі іншых людзей няма, трэба браць тое, што даюць.

    Але раз за разам (колькі ж я той самагонкі з дзядзькам выпіў, а кажу, што няп’юшчый!) мы пачалі размаўляць шчыра. Ён выказваўся мне, я выказваўся яму. Укропы ўжо не такімі фашысцкімі сталі, ды і не такімі ўкропамі.

    А я навучыўся не зважаць на тэлевізійную паверхню мазгоў, а глядзець у чалавека глыбей.

    Ату яго, ату!

    У тым сваім белсатаўскім тэксце я напісаў, што нам трэба не крычаць адзін на аднаго, а размаўляць. Што ў любым незразумелым выпадку мы выбіраем пазіцыю пакрыўдзіцца і згнабіць. І што найчасцей робім гэта не для абароны гонару і годнасці нацыі, а з нянавісці.

    Я не ведаю, што рабіць з тым Гарашчэнем. Я хутчэй ведаю, што не рабіць. Калі я пачаў чытаць каменты, у якіх мае сябры абмяркоўвалі, як пазбавіць яго бацькоўскіх абавязкаў, калі я чытаў пра пагрозлівыя эсэмэскі яму, то падумаў: а хто мае сябры? Што гэта за такая супольнасць, часткай якой я з’яўляюся? І хто я такі ў ёй? Бо і я гэтым пагрозам і абразам таксама радаваўся. Ату яго, ату!

    Але няхай. Пра гэта ўжо і я, і ўсе сказалі, што хацелі. Цяпер мне больш баліць, што мы можам зжэрці і адзін аднаго таксама, а не толькі клятых ворагаў. Што антыгероем можа стаць любы.

    “Не забудзем, не прасцім”

    Аднойчы я назваў прагу вычысціць нацыю, выкінуць з яе няправільных беларусаў барацьбой марачкіных з фомачкінымі. Я напісаў гэта з нагоды з’едлівай карціны Марачкіна на Алексіевіч і яго камента. Пад марачкінымі я меў на ўвазе людзей, якія не ўмеюць дараваць крыўду, якія зацыкліліся на чысціні нацыі, на тым, што хтосьці штосьці калісьці сказаў — як Алесь Марачкін не можа забыць Святлане Алексіевіч яе выказванняў пра беларускую мову. Алексіевіч сказала, Марачкін намаляваў, я напісаў і — цяпер ўжо мне не могуць дараваць.

    Недзе ў беларускай нябеснай канцылярыі і на мяне ўжо ёсць “дзела”, у якім пад загалоўкам “Не забудзем, не прасцім” ляжаць скрыншоты, якія ніколі не можна будзе дараваць потым. І, калі я дам нагоду, мне гэта ўспомняць. Ды ўжо ўспамінаюць. Але я ад сваёй пазіцыі не адмаўляюся.

    У Алеся Марачкіна ёсць харошыя карціны. У Святланы Алексіевіч ёсць харошыя кнігі. А беларусаў няма “шчырэйшых” і “ліцьвінейшых”. Мы ўсе выйшлі з аднаго кораня і ўсе носім нацыянальны характар, нават калі гаворым рознымі мовамі. Нават калі не разумеем адзін аднаго на адной мове.

    Як я пакрыўдзіў цётку

    Колісь я напісаў пра адну прудкаўскую цётку, што яна п’е. Мне не хацелася крыўдзіць яе. Я нават змяніў ёй імя ў тэксце і не думаў, што яна прачытае. Для мяне гэта быў проста літаратурны персанаж. Але яна прачытала і пазнала сябе. А яе муж прыйшоў са мной “пагаварыць”. Ён не біў мяне і не абяцаў спаліць хату. Сказаў, што я паскудны чалавек і пайшоў. А я застаўся адзін і вельмі спужаўся. Я забаяўся не расправы, а адзіноты. Я падумаў, што ён разнясе пра мяне сваю крыўду па вёсцы, і людзі зусім перастануць мяне паважаць. Таксама мне было паскудна, што цётка прачытала пра сябе тое, што я ніколі б не сказаў ёй ў вочы. Я выкарыстаў яе для стварэння літаратурнага персанажа і недзе нават перабольшыў праўду для ўзмацнення эмоцыі.

    Помню, тады быў позні вечар, спакойна падаў на зямлю кудлаты снег, я сядзеў на ганку і скурыў пачак цыгарэт. Мне хацелася сабраць рэчы і вярнуцца ў Мінск. Альбо, калі застацца, то ездзіць у краму ў Калінкавічы і выходзіць з дому толькі ў цемру. Я спрабаваў прыдумаць любое выйсце, абы не глядзець прудкаўцам у вочы.

    Калі б я жыў у Мінску, я б так і зрабіў — як-небудзь адгарадзіўся б ад праблемы. Можна ўскочыць у метро і ўсё — праблемы няма. А ў вёсцы гэта немагчыма зрабіць. Трэба было ісці на кантакт.

    Я ўзяў пляшку гарэлкі і пайшоў грукацца ў дзверы. Не скажу, што канфлікт цалкам вырашыўся, але я выбачыўся і патлумачыў прычыны свайго ўчынку. Болей я нічога зрабіць не магу — я пакінуў права гэтым людзям крыўдзіцца на мяне ці не. Але мы вітаемся, пазычаем грошы, то ўжо няблага.

    Прорвы і масты

    Няма “шчырэйшых” і “ліцьвінейшых” беларусаў. Ёсць проста людзі са сваімі крыўдамі і страхамі. Людзі, якія выраслі ў розных інфармацыйных прасторах і розных асяродках. Таму мы можам размаўляць і рабіць інакш, можам памыляцца, потым змяняць сваю думку і нават выбачацца. І Алексіевіч можа памыляцца, і Марачкін можа памыляцця, і я магу памыляцца. Памыляцца можа чалавек з дзяржаўным сцягам і з нацыянальным. І цётка ў краме, якая скажа вам: “Говорите нормально, я не понимаю этого вашего языка”, можа памыляцца. Усе могуць памыляцца.

    Але не трэба з памылак утвараць прорву. Нас яднае дзеканне і адзін нацыянальны характар. Мы не зможам быць сільнай нацыяй, пакуль будзем шукаць паміж намі рознае, утойваць крыўды і адзін адным грэбаваць.

    Я не думаю, што збіранне ў зграі называецца фарміраваннем грамадзянскай супольнасці. Натоўпам, які сілкуецца крыўдай і нянавісцю, вельмі лёгка кіраваць. Грамадзянская супольнасць будуецца тады, калі ўзводзяцца масты.

    Давайце размаўляць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці