• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хранічная стабільнасць і ген змагарства на Палессі

    Андрусь Горват

    Назад у СССР

    Вельмі добра помню, як завітаў у госці да сваёй дваюраднай бабы Гашы. Я зваліўся ёй на галаву са сталіцы — у модных беластоцкіх ботах, у вязанай віленскай бабцяй шапцы. Такі нармальны мінскі хіпстар. І першай справай палез у бабіну шафу:

    — Раскажыце мне пра арнаменты. Раскажыце мне пра рэгіяналізм “анігадкі”. А чаму мужчынская вышываная кашуля ў вас называецца гуцулкай? А адкуль пайшла назва Боруск?

    Баба Гаша дзівілася маім пытанням і адказвала:

    — Вой, нехарошы свет, нехарошы.

    У яе гасціў сын — грэчаскі святар. Ён мае даўгую бараду і адказы на ўсе пытанні. Айцец Саламон хадзіў па хаце і паўтараў:

    — Гэта ўсё ўкраінцы-заходнікі. Гэта ўсё заходнікі. Заходнікі-раскольнікі.

    Дзед Косцік набіваў тытунем самакрутку і цяжка ўздыхаў.

    А да бацькоў прыехалі сваякі з Расіі. Я далучыўся да бяседы. Але госцейкі хутка пачалі абмываць языкамі ўкраінцаў. Цётачка расказала гісторыю, як яе адфрэндзіла ў “аднакласніках” даўняя сяброўка:

    — Я сперва обиделась, а потом, Юля Ванна, знаете, что подумала? У них ведь сейчас такой беспредел творится. Может, она побоялась репрессий. Увидят, что дружит с русской, могут и посадить.

    А мая маці, Юля Ванна, божкала. А тата крычаў:

    — Цішэй! Навіны пачынаюцца! Дайце паглядзець, што ў свеце робіцца.

    Госці сціхалі і глядзелі навіны пра “нармальных рускіх украінцаў”, якія пакутуюць ад бандэраўцаў і даюць інтэрв’ю з узорным разанскім акцэнтам.

    А я сядзеў і думаў: вось ты, пекла, якое.

    Адчуванне было падобна на тое, калі я ўпершыню з’ездзіў у Польшчу, а потым вярнуўся ў Беларусь. У наступныя паездкі арганізм навучыўся лёгка пераключацца з Еўропы на “краіну былога СССР”, але ўпершыню гэта было балюча. Я пазіраў на беларускіх мытнікаў і не хацеў вяртацца да беларускіх паранаідальных рэалій. Але, як кажа мама Юля Ванна, хочаш, не хочаш, а мусіш.

    Праз час я навучыўся вібрыраваць — без дэпрэсіі жыць у розных інфармацыйных прасторах адначасна. Любая інфармацыйная нагода — вайна, выбары ці Алексіевіч — спараджала два розныя светы, як дзве розныя Беларусі, якія ніяк не маглі сысціся і злучыцца ў адну.

     

    Дайце паглядзець, што ў свеце робіцца!

    Бацькаву фірмовую фразу “Цішэй! Дайце паглядзець, што ў свеце робіцца!” я памятаю з дзевяностых гадоў, калі хадзіў у школу. За дваццаць год змянілася толькі колькасць каналаў.

    Якое змесціва тых каналаў, якія міты яны ствараюць і сілкуюць, вы, мусіць, добра ўяўляеце: у Беларусі хранічная стабільнасць, дзяды ваявалі, братнія народы, Амерыка ўсіх знішчае. Як казала бабця ў цягніку: “Абама прыжаў Меркель, і тая не можа прыехаць у Маскву павіншаваць Пуціна з Днём Перамогі”.

    Тэлевізар стаў галоўным аб’ектам у хаце, не менш важным за покуць ці печ.

    Можна жыць без пральнай машыны, без канапы, без ноўтбука і інтэрнэта. Без тэлевізара — няможна. Нядаўна да суседкі прыехаў сын з Мазыра, падключыў да тэлевізара DVD-плэер і збіў адзіны канал, які ішоў. Яна неяк вытрымала два дні з белым шумам, потым пачала шукаць па вёсцы майстра, прыйшла да мяне:

    — Ты, кажуць, журналіст. То разбіраешся ў тэлевізарах. Паглядзі мой.

    Я пакорпаўся, нейкім цудам наладзіў ёй дзевяць каналаў замест аднаго. Суседка так узрадавалася, што аддала мне рулет, батон і сала — усё, што трапіла пад руку. Ніводную жанчыну ніколі я не рабіў такой шчаслівай, як сваю суседку, калі даў ёй пульт ад тэлевізара.

    “Андрушачка, “Народная воля” прыйшла!”

    Тэлебачанне стварае на Палессі шкілет усёй інфармацыйнай прасторы. Большасці палешукоў гэтага шкілету і дастаткова.

    Газеты і часопісы тут маюць нязначны эфект.

    Памятаю, на пошце цётачка гартала “СБ” і запыталася ў паштаркі:

    — Мо выпісаць? Ёсць тут штоліся цікавае?

    — Выпішы. Але пачнецца вайна, па тэлевізары скажуць.

    Ёсць прудкаўцы, якія спраўна выпісваюць тую ж “СБ”. І мяне таксама агітавалі. Кажуць: “Людзі выпісваюць, і ты выпішы. Ну, хаця б на “Гомельскую праўду” падпішыся. Там ёсць праграма тэлеперадач”.

    Цікаўлюся ў маці пра раёнку — я там колісь друкаваўся.

    — Акрамя некралогаў, — кажа, — няма чаго чытаць.

    Раёнкі сёння дарма імкнуцца быць падобнымі на “Комсомольскую правду” — перадрукоўваюць плёткі пра “ацечаственную звязду” Пугачову, пераходзяць на расійскую мову. Так яны губляюць адзіную перавагу — рэгіянальную пяшчоту. Загаловак “Наша любімая паштарка Паўлаўна” — гэта ж мілата!

    Пра незалежныя газеты хацелася б расказаць, ды няма чаго.

    Я, пэўна, адзіны чалавек у Прудку, якому прыносяць “Народную волю”. Мяне на яе падпісалі сябры, каб я не кіс у палескім інфармацыйным вакууме. Думаў нават, што паштарка не будзе болей любіць мяне, калі даведаецца, што я чытаю. Але не, прыносіць газету, грукае ў шыбу і крычыць:

    — Андрушачка, Андрушачка, табе “Народная воля” прыйшла. Забяры, каб не ўкралі!

    Я ведаю некалькі чалавек з Мазыра і Калінкавіч, якія купляюць “Нашу Ніву”. Але я даведаўся пра іх толькі таму, што сам там друкаваўся. Яны прачыталі і прыехалі са мной пазнаёміцца. А адзін мазырскі сябар ездзіць да мяне рэгулярна, каб за кавай абмеркаваць апошнія падзеі ў Свеце. Ён не мае ў сваім атачэнні тру-беларусаў, а партызанскі ген не дае яму магчымасці выказаць сваю пазіцыю ў чужой інфармацыйнай прасторы.

    Сябра пакутуе, калі слухае разважанні свайго калегі пра адзінства беларусаў і расійцаў супраць амерыканцаў, але, згодна з даўняй беларускай традыцыяй, церпіць і маўчыць. І такіх людзей, па праўдзе, шмат. Але яны жывуць хамелеонамі ў сваёй палескай адзіноце.

     

    Маршрутка з СССР у Еўропу

    Я памятаю кіроўцу маршруткі на Мінск — больш разняволенага хлопца, — які пачаў спрачацца з, як той кажа, тыповым застабілам. У маршрутцы ехалі звычайныя жыхары палескага мястэчка — розных узростаў, розных сацыяльных роляў. Першую гадзіну ўсе цярпліва маўчалі і слухалі. Суразмоўцы мелі палярныя погляды: кіроўца даводзіў, што Беларусь — еўрапейская краіна, а Расія — азіяцкая, і яна цягне нас у багну; яго апанент расказваў пра святую Русь, СССР і вайну з немцамі. Праз гадзіну пасажыры таксама разняволіліся і па чарзе ўцягнуліся ў спрэчку. Мяне тады вельмі моцна ўразіла, што ўсе занялі бок кіроўцы і накінуліся на яго апанента. Мужык не паспяваў пярэчыць, расчырванеўся і, на яго шчасце, выйшаў раней за астатніх — у Салігорску. Калі яго не стала ў салоне, мы адчулі палёгку і еднасць. Зноў узнікла цішыня, але простая, шчырая і нейкая агульная. Мы маўчалі разам, а не кожны сам сабе.

    Гэты кіроўца глядзеў усе выпускі “Назад у будучыню” — адукацыйную перадачу з Лявонам Вольскім на “Белсаце”. Ён вынятак з правіла. Але ж пасажыры маршруткі – не выняткі. І тое самае адбываецца ў любой кампаніі, дзе з’яўляецца адзін смелы ўсмешлівы чалавек.

     

    Юля Ванна і Нобель

    Беларусаў прынята дзяліць на застабілаў і змагароў. Я лічу, што ўсе беларусы — змагары.

    Прага змагарства існуе ў нас на генетычным узроўні.

    Уся розніца ў тым, што адныя больш любяць працэс змагання, іншыя — яго вынік, то бок, перамогу. Таму дзяржаўная прапаганда праз СМІ так лёгка ўтрымоўвае свае міты. Разгарніце любую дзяржаўную газету ці ўключыце тэлевізар, і вы ўбачыце: “На дварэ ідзе дождж, а ў нас ідзе канцэрт”. Там усё кепска, а мы перамаглі: нашыя калгаснікі намалацілі збожжа, нашыя спартоўцы атрымалі медалі, нашыя ветэраны забілі ўсіх ворагаў. А ў незалежнай прэсе толькі садзяць, разганяюць і знішчаюць.

    Беларусы не пойдуць туды, дзе параза, яны хочуць адчуваць смак перамогі сёння, а не заўтра. Агітатары дзяржаўнай ідэалогіі гэтым умела скарысталіся.

     Сканфузіліся толькі, калі не далі сваёй аўдыторыі атрымаць асалоду ад Нобелеўскай прэміі. Перамога адбылася, але пра яе расказалі мала. І шмат хто пачаў наўмысна шукаць інфармацыю – напрыклад, мая маці. Яна патэлефанавала і радасна паведаміла:

    — У газеце “Друг пенсионера” цэлую старонку напісалі пра Алексіевіч!

    — І што там пішуць?

    — Цёця Вера ўзяла пачытаць. Калі верне, я табе раскажу.

    Ужо мо месяц мінуў пасля таго. Я збіраўся да маці ў госці.

    — Што прывезці? — пытаюся.

    — Прывязі тое відэа, дзе Алексіевіч даюць прэмію.

    І помніла ж мая маці, Юля Ванна, увесь гэты час! Трымала ў галаве. Чакала.

    Таму, калі хтосьці з выдаўцоў незалежнай прэсы мае намер данесці сваю інфармацыю да палешукоў, назавіце сваё выданне “БП. Беларусы перамаглі!” і пішыце пра дасягненні, толькі пра дасягненні. А пра разгоны, зняволенні, знішчэнні — толькі калі прайгралі яны, а не мы.

    Насуперак майму першаму ўражанню пасля пераезду, насуперак распаўсюджанаму меркаванню пра светапогляды простых людзей, гэтыя светапогляды не такія адназначныя, не зважаючы на тое, што існуюць у даволі закрытай і аднароднай інфармацыйнай прасторы. На Палессі вы можаце пачуць, што Абама прыжаў Меркель, а яна ж так хацела павіншаваць Пуціна з перамогай над Германіяй. Але сабака брэша — караван ідзе. Сапраўдныя словы палешука схаваныя ў цішыні і глыбіні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці