• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Волнующие вопросы»

    ­ГА «БАЖ» выпусьціла чарговую (за 2008 г.) справаздачу, прысьвечаную становішчу СМІ ў краіне. Зьмест дакладу, на жаль, традыцыйны: «Замахі на журналістаў, затрыманні, спробы ціску», «Цэнзура», «Эканамічны ціск, перашкоды друку і распаўсюду». Кожны з названых разьдзелаў базуецца, натуральна, на фактах.

    Ад прачытанага застаецца супярэчлівае ўражаньне несувымернасьці той увагі, што была нададзеная ў мэдыях некаторым пазытыўным фактам. Як падкрэсьлівае і сама справаздача, «вяртанне журналістам адабранай у іх падчас неабгрунтаваных ператрусаў маёмасці, прыпыненне спраў аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі, вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду дзвюх незалежных газет … прывялі ўсяго толькі да аднаўлення становішча, якое было да грубага ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць СМІ і журналістаў». А «сістэмных змен да лепшага не адбылося».

    Афіцыйная ацэнка той жа самай сытуацыі на сайце Міністэрства інфармацыі, вядома, іншая. Працытуем:

    «По состоянию на 1 марта 2008 года в Республике Беларусь зарегистрировано 1254 периодических издания, в том числе 692 газеты, 522 журнала, 35 бюллетеней, 4 каталога, 1 альманах. (…)
    Такое многообразие в сфере СМИ является гарантией реализации конституционного права граждан нашей страны на свободу слова, получение полной и достоверной информации о событиях, происходящих в стране и за рубежом. Оно предоставляет возможность общественным движениям и отдельным гражданам донести свою точку зрения по любому волнующему их вопросу до жителей Беларуси»
    .

    Пастэральная ідылія! Але не будзем дыскутаваць. Дастаткова пазнаёміцца з амаль абсурднай гісторыяй, прыведзенай у справаздачы.

    23 траўня 2008 г. прадстаўніка недзяржаўнай газэты «Ганцавіцкі час» выклікалі ў раённую пракуратуру і ўзялі тлумачэньні з нагоды парушэньняў закона «Аб рэкламе». Адным з такіх «парушэньняў» было тое, што аб’ява пра пошук працы тынкоўшчыка-маляра была надрукаваная бяз нумару ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне гэтай дзейнасьці. «У беларускім Заканадаўстве, — патлумачыў сытуацыю намеснік галоўнага рэдактара „ГЧ“ Пётр Гузаеўскі, — нідзе не сказана, каб з чалавека, які шукае працу тынкоўшчыка-маляра, цесляра і г. д., газета альбо наймальнік патрабавалі ліцэнзію».

    «Парушэннем закона „Аб рэкламе“ ў райвыканкаме палічылі і тое, што ў рэкламных блоках „дрэнна чытаюцца“ некаторыя звесткі (УНП, дадзеныя аб ліцэнзіі), а паводле закона надрукаваны тэкст павінен быць кантрастным. „У рэдакцыі ГЧ“ няма сваіх машын для друку. Каб раённыя ўлады адкрылі друкарню і паставілі ў Ганцавічах якаснае абсталяванне, то і друк быў бы кантрастным», — заявіў на гэта П. Гузаеўскі».

    Вось і паспрабуй «донести свою точку зрения… по… волнующему… вопросу». А калі «волнующий вопрос» палітычнага зьместу? Што будзе тады? Адказ на пытаньне ва ўжо цытаваных назвах падразьдзелаў: «Замахі на журналістаў, затрыманні», «ператрусы, выклікі ў праваахоўныя органы, гвалт, спробы ціску» і, нарэшце, «перашкоды друку і распаўсюду»…

    А, ну, канешне ж! Даруйце, я ня ўзяў пад увагу адну важную акалічнасьць: «точка зрения по волнующему вопросу» мае супадаць з афіцыйнай!

    ­

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці