• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Дзень адчыненых дзвярэй» у Нацыянальным прэс-цэнтры. Уражанні відавочцы

    ­Дачакаліся — лібералізацыя дакацілася да Нацыянальнага прэс-цэнтра! І, трэба сказаць, журналістаў яна асабліва не ўсцешыла.

    Як выглядае «свабода слова па-беларуску», пабачылі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі з удзелам дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы 18 лютага.

    Натуральна, падзея гэтая выклікала вялікую цікавасць з боку журналісцкай браціі, таму многія калегі паспяшаліся загадзя акрэдытавацца ў Нацыянальным прэс-цэнтры. (Каб не атрымалася як у чэрвені летась, калі на прэс-канферэнцыю Ліліі Ананіч на тэму новага закона «Аб СМІ» прапускалі «толькі журналістаў», пакідаючы прадстаўнікоў прэс-службаў і фрылансераў без журналісцкіх «корачак» за дзвярыма канферэнц-залы).

    На сустрэчу з дэлегацыяй ПАРЕ змаглі трапіць усе. І тыя, хто меў з сабою хоць які-кольвек дакумент, і нават тыя, хто пашпарт «дома забыў». Дзяўчыны на рэгістрацыі былі лагоднымі і ўсмешлівымі. І гэта стала сюрпрызам нумар адзін.

    Неспадзяванка нумар два таксама не прымусіла сябе доўга чакаць. Яна з’явілася ў выглядзе чалавека з камерай, які назваўся «асабістым блазнам прэзідэнта» і пачаў задаваць еўрапейскім дэлегатам, мякка кажучы, дзіўныя пытанні, перамяжоўваючы іх з прыкладамі з асабістага жыцця.

    Да гонару прысутных прадстаўнікоў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, яны не толькі ўважліва выслухалі «асабістага блазна», але і паспрабавалі адказаць нешта адэкватнае на яго малаўцямныя скаргі.

    Тлустую кропку ў прэс-канферэнцыі, зноў-такі нечакана для ўсіх, паставілі некалькі жанчын ва ўзросце, якія літаральна кінуліся да дэлегацыі ПАРЕ з крыкамі: «Ня верце ўладам! У нас парушаюць правы чалавека!»

    Пакуль прадстаўнікі Нацыянальнага прэс-цэнтра разгублена спрабавалі высветліць, што гэта за жанчыны і якім чынам яны трапілі ў такую паважаную ўстанову, журналісты з цікавасцю назіралі за дыялогам еўрапейцаў і «прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краіны».

    На выхадзе з канферэнц-залы я краем вуха пачула разгубленае пытанне журналісткі дзяржаўнага СМІ, звернутае «ў нікуды»: «І што, гэта і ёсць дэмакратыя? Выглядае даволі мярзотна…»

    Улічваючы спазненне еўрапейскіх парламентарыяў і час, які адняло выслухоўванне падрабязнасцяў арышту «блазна», на пытанні ў журналістаў засталося не больш за 20 хвілін…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці