На вайне як на вайне, альбо Аб моцы інфармацыйнай зброі
Гісторыя чалавечай цывілізацыі – гэта, на жаль, гісторыя войнаў. З
развіццём цывілізацыі змянілася і вайна. І, як ні дзіўна, яе
«цывілізаванасць» змяніла правілы гульні ў горшы бок. Стоадсоткавай
«праўды вайны» не існуе, бо ў кожнага боку гэтай крывавай «гульні» свая
праўда, а то і адразу некалькі «праўдаў» для розных карыстальнікаў.
Канфлікт у Паўднёвай Асетыі паказаў: паміж дзесяткамі «праўдаў» і
«напаўпраўдаў» толькі шчаслівец не скруціць галавы. Актыўнымі
стваральнікамі гэтага ваеннага сурагату сталі журналісты.
Шчыра
кажучы, падчас ваенных дзеянняў у Паўднёвай Асетыі вырашыла
абмяжоўвацца праглядам толькі асноўных навінаў з зоны баявых дзеянняў.
І не тое каб гэты канфлікт не быў мне цікавым, але неяк з першых гадзін
вайны адчувалася: бомбы і кулі — не адзіная зброя, якой карыстаюцца
абодва бакі канфлікту. У наш час галоўнай зброяй з’яўляецца інфармацыя,
а галоўнымі салдатамі — тыя, хто прафесійна валодае гэтай інфармацыяй,
тобок калегі-журналісты.
Тое, што слова можа быць моцнай зброяй, людзі зразумелі задоўга
да вайны ў Паўднёвай Асетыі. Як і тое, што зброя гэтая яшчэ больш
разбуральная, чым бомбы, бо апошнія спрацоўваюць кропкава і маюць
абмежаваны радыюс і тэрмін дзеяння. Слова раніць і забівае людзей
за сотні кіламетраў ад канфлікту, ўцягвае ў ваенныя дзеянні мірных
людзей па ўсім свеце, разбівае па лагерах у залежнасці ад
любові-нелюбові да той ці іншай дзяржавы-ўдзельніцы.
Здаецца, прафесійныя журналісты павінныя мець нейкую «прышчэпку» ад
спакусы ўдзельнічаць у інфармацыйнай вайне. Але відавочна, што спакуса
гэтая ў паўднёваасетынскім канфлікце была настолькі моцнай, што
стрымацца было цяжка, калі не сказаць — немагчыма.
Як вынік — журналісты не грэбавалі нічым, каб распавесці сваю
«праўдзівую» гісторыю канфлікту, а па сутнасці — выкарысталі
гарантаваную свабоду слова, каб абараніць сваю грамадскую пазіцыю і
свае сімпатыі, а таксама маніпуляваць грамадскай думкай. І падмена
фотаздымкаў — толькі вяршыня айсбергу, заўважаная дапытлівай аўдыторыяй.
Вось усяго некалькі прыкладаў таго, што называецца «інфармацыйнай
вайной». Грамадска-палітычная газета «Адзінства» і Асетынскае радыё і
тэлебачанне апублікавалі артыкул «Война в Южной Осетии в эсэмэсках».
З’явіўся ён і на сайтах гэтых выданняў. Першапачаткова артыкул
карэспандэнткі, якая знаходзілася ў Цхінвале, пабачыў свет без купюр,
але потым, відаць, хтосьці заўважыў, што некаторыя месцы ў артыкуле
не адпавядаюць «праўдзе» аб тым, што адбывалася ў горадзе ў ноч з 6
на 7 жніўня. І таму артыкул тэрмінова выправілі.
Параўнаем толькі адну з СМС да праўкі і пасля яе. У 6 гадзін раніцы ў
першым варыянце карэспандэнтка даслала ў рэдакцыю СМС «Возобн обстрел
гр. сел из тяж орудий», у праўленым варыянце — 6:00 «Возобн обстрел гр.
стрел из тяж орудий». Зразумела, што сэнс запісу змяніўся. І грузінскія
паселішчы ўжо нібыта ніхто не бамбіў, а зусім наадварот — грузіны
бамбілі…
А вось вам іншы прыклад з практыкі працы журналістаў BBC падчас
вайны ў Паўднёвай Асетыі. Расійская рэдакцыя гэтага паважанага СМІ,
відавочна, мае свой погляд на тое, што адбывалася падчас канфлікту. А
таму дазволіла вельмі вольна перакласці арыгінальны матэрыял англійскага журналіста, дадаўшы да яго некалькі словаў «ад сябе».
Так, між іншым, ў рускім варыянце артыкула «Сообщения о грабежах в Гори
и Южной Осетии» з’явіліся словы намесніка кіраўніка Генеральнага штабу
Расіі Анатоля Нагавіцына пра «ганебныя ўцёкі» адміністрацыі Горы і
знікла ўзгадка аб расійскім пастарунку па дарозе на Тбілісі.
Не засталася незаўважанай і праца амерыканскага тэлеканалу FoxNews, які запрасіў у наўпроставы эфір
асецінскую дзяўчынку і яе бабулю. Дзяўчынка падзякавала расійцам за
ўратаванне, а бабуля абвінаваціла ў бедах асетынаў кіраўніцтва Грузіі,
пасля чаго вядучы абвесціў рэкламу на канале. Зразумела, што не дзеля
гэтага асетынаў запрашалі ў студыю…
Здаецца, калі словы сведкаў можна падмяніць ці адкарэктаваць як
заўгодна, то відэа і фота звычайна кажуць самі за сябе. Але і тут
не абышлося без прыкметаў «інфармацыйнай вайны». Вядомае інфармацыйнае
агенцтва Reuters размясціла здымкі, зробленыя ў грузінскім горадзе
Горы, які бамбілі расійскія вайскоўцы. На здымках — забітыя і параненыя
людзі і блізкія, што праліваюць слёзы над нябожчыкамі. Але ж і тут
гледачы дазволілі сабе выказаць недавер
да натуральнасці фотаздымкаў. Маўляў, то ў параненага хлопчыка некая
напаўусмешка на твары, то забіты мужчына занадта чысценька апрануты,
да яшчэ і «варушыцца» на розных здымках. Далей – болей. Пайшлі чуткі,
нібыта фатограф Reuters прызнаўся ў тым, што здымкі ненатуральныя. І
хаця агенцтва афіцыйна заявіла, што гэтыя здымкі не былі
пастановачнымі, сумневы засталіся. «Інфармацыйная зброя» спрацавала.
Наўмысна
не хачу нічога казаць пра тую прапагандысцкую вайну, што адбывалася
гэтымі днямі ў сродках масавай інфармацыі Расіі і Грузіі, бо шмат якія
з гэтых «ваенных дзеянняў» маглі пабачыць і пачуць беларускія гледачы і
слухачы.
Ваенныя сутыкненні і бамбардзіроўкі ў Паўднёвай Асетыі скончыліся,
чаго нельга сказаць пра вайну інфармацыйную, якая працягваецца. То з
аднаго, то з другога боку канфлікту з’яўляюцца розныя «новыя» факты.
Каб давесці да журналістаў сваю «праўду», улады Расіі, напрыклад,
ладзяць прэс-туры, куды запрашаюць замежнікаў, спадзеючыся на змену
стаўлення да ролі сваёй дзяржавы ў вайне.
Кажуць, што праўда — першая ахвяра вайны. Падзеі ў Паўднёвай Асетыі
яшчэ прыйдзецца вывучаць і аналізаваць. Бо ўсе дні канфлікту што
расійскі, што грузінскі бок выдаваў шмат прапагандысцкай інфармацыі як
для аўдыторыі ў сваіх краінах, так і для вонкавай. Інфармацыі пафаснай
і гераічнай. Пра якую так добра гаворыцца ў эпіграфе да кнігі Артура
Пэрэса-Рэвэртэ «Тэрыторыя каманчаў»: «Калі гісторыя вайны выглядае як
мараль, не верце ёй». Бо вайна не можа быць прыкладам для жыцця. Яна
не вучыць і не натхняе. Прынамсі, не павінная гэтага рабіць…