Куды зьнікаюць кнігі?
Падручнікаў па журналістыцы у нашай краіне зусім ня шмат. А якасных яшчэ меней. Літаральна днямі спатрэбіўся «Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». І, каб ня корпацца ў кніжных завалах, набраў назву праз Google. Цудоўна. Старонка Катэдры тэхналёгій камунікацыі радасна паведамляе: «Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Мн., 1995. (есть в „Электронной библиотеке“!)».
Заходжу ў разьдзел «Электроннная бібліятэка» сайта Інстытута журналістыкі. Дапаможніка няма. Відавочна, быў. Бо ў рэкамэндаваным сьпісе падкрэсьлена, што ёсьць! Не без дапамогі выкладчыкаў катэдры ўдалося знайсьці на тым жа сайце расейскамоўную вэрсыю, якая падкрэсьлівае: «Этот „Справочник для журналистов“ на деле оценили тысячи журналистов и студентов факультетов журналистики в Центральной и Восточной Европе. Было отпечатано и распространено более ста тысяч экземпляров на английском, албанском, белорусском, болгарском, чешском, венгерском, польском, румынском, русском, сербском и хорватском языках».
Вось так. Але беларускамоўнай вэрсыі няма. Каму замінала і чаму? Застаецца губляцца ў здагадках.