Чаму газэта «Le Monde» не павіншавала французскіх жанчын з днём 8 Сакавіка?
У гэтым годзе штодзённая газэта «Le Monde» узгадала пра Міжнародны дзень жанчын двойчы. Першы раз — 26 лютага ў зьвязку з савецкай традыцыяй сьвяткаваць у Расеі «дзень мужчын» і «дзень жанчын». І другі раз — у зьвязку з Інгрыд Бэтанкур, Айян Хіршы Алі, Таслімай Насрын ды іншымі жанчынамі, жыцьцё якіх знаходзіцца пад пагрозай.
Лішне казаць, што імёны гэтых жанчын невядомыя ў Беларусі. Інгрыд Бэтанкур, калюмбійскі палітык, былая сэнатарка і змагарка супраць карупцыі. 23 лютага 2002 г. была скрадзена антыўрадавамі паўстанцамі падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. З таго часу ўтрымліваецца ў якасьці закладніцы.
Айян Хіршы Алі нарадзілася ў Самалі. Пісьменьніца й палітык. За крытыку ісламу ёй пагражае смяротная кара. Знаходзіцца пад абаронай дацкага ўраду.
Тасліма Насрын паходзіць з Бангладэш. Лекар. Яе ўласны досьвед сэксуальнага гвалту над жанчынай стаўся падставай зацікаўленьня тэмай «жанчына ў Ісламе». Напрыканы 20 стагоддзя яе творы набылі шырокую вядомасьць. Фэмінісцкая пазыцыя прывяла яе да крытыкі іслама і рэлігіі ўвогуле. За гэтую крытыку ісламскія фундамэнталісты пагражаюць ёй сьмерьцю.
Лёс гэтых ды іншых, меней вядомых, жанчын — галоўны фокус увагі артыкула ў «Le Monde», надрукаванага 8 сакавіка. Вядома, праблема правоў жанчын і, перадусім, абарона права на жыцьцё і свабоднае выказваньне сваіх меркаваньняў надаюць праваабарончы акцэнт і зусім іншае гучаньне дню міжнароднай салідарнасьці жанчын. На тле перасьледаў ды драматычных лёсаў тых жанчын, што насьмеліліся змагацца за свае правы, сьвяточны настрой выглядае недарэчнасьцю.
А на былой савецкай прасторы зусім недарэчным выглядае прыметнік «міжнародны». Бо што супольнага мае гэтае афіцыйнае савецкае сьвята з салідарнасьцю жанчын і іхнымі правамі? Але савецкім жынчынам, хоць раз на год, так хочацца «женского счастья»!
І ўсё ж пазытыўнае тое, што ўмоўнасьць гэтага шчасьця і «сьвята» падзяляе ўсё больш маладых асобаў у нашай краіне. Вось так не ў рэзананс напісала на сайце газэты чытачка «Нашай нівы»: «Я не сьвяткую 8 сакавiка. А што сьвяткаваць? Мне не патрэбны шампанскае/вiно/пiва/гарэлка ў гэты дзень. Шкада кветак. Тое дурное ахвярапрынашэньне кветак выгодна толькi гандлярам. I iдуць п’яныя кабеты з гэтымi кветкамi 7 сакавiка! Шаноўныя жанчыны! Ёсьць iншыя падзеi ў жыцьцi, вартыя адзначэньня! А 8 сакавiка — пустое сьвята».
Вось і французскія (гэтак жа сама як і нямецкія, швэдскія) жанчыны таксама не сьвяткуюць гэтага сьвята. А таму газэта «Le Monde» і не павіншавала іх з днём 8 Сакавіка.