• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СТРАТЭГІЯ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 2019 – 2024

    Дадзены дакумент стаў вынікам супрацы прадстаўнікоў незалежнага медыясектару Беларусі на працягу 2017–2018 гг. Удзел у падрыхтоўцы Стратэгіі прынялі прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыя», Фонда «Масавыя камунікацыі», нацыянальных і рэгіянальных СМІ, медыяэксперты.

    ВЫЗНАЧЭННЕ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРУ БЕЛАРУСІ

    Незалежны медыясектар Беларусі з’яўляецца неаднастайным і складаецца з недзяржаўных СМІ з рознымі тыпамі кантэнту – грамадска-палітычнага, забаўляльнага, інфармацыйнага, у тым ліку нішавых выданняў, а таксама медыяў, якія працуюць на беларускую аўдыторыю з‑за мяжы, і франшыз, зарэгістраваных у Беларусі.

    Да незалежнага медыясектару таксама адносяцца няўрадавыя некамерцыйныя арганізацыі (сяброўскія аб’яднанні журналістаў, уласнікаў і кіраўнікоў СМІ), а таксама незалежныя кансультанты і медыяэксперты, сэрвісныя няўрадавыя арганізацыі, рэкламныя агенцтвы і іншыя ўдзельнікі незалежнага медыярынку.

    МІСІЯ

    Незалежны медыясектар Беларусі дапамагае грамадзянам рабіць усвядомлены выбар на аснове поўнай і праўдзівай інфармацыі, стварае ўстойлівае асяроддзе для свабоднага абмену меркаваннямі, імкнецца да рэалізацыі фундаментальных грамадзянскіх правоў і свабод чалавека.

    АСНОЎНЫЯ ВЫКЛІКІ,

    на працу з якімі накіравана стратэгія

    1. Палітычны ціск, абмежаванне свабоды слова і дзейнасці незалежных СМІ, блогераў і фрылансераў.

    2. Недахоп фінансавання, скарачэнне аб’ёмаў даступных сродкаў на рынку незалежных СМІ ва ўмовах дамінавання расійскіх медыя на беларускім рынку, тэхналагічных платформ (Google, Youtube, Face­book, Yan­dex) на сусветным рынку медыя.

    3. Кадравыя праблемы незалежных СМІ – уцечка кадраў, нізкія заробкі, недахоп маркетолагаў, адмыслоўцаў па продажы і прасоўванні медыяпрадукцыі, інш.

    4. Змены форм медыяспажывання – пераход аўдыторыі ў сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, спажыванне кантэнту праз мабільныя прылады, рост праглядаў відэа і Live-трансляцый.  

    5. Недастатковае супрацоўніцтва ў сектары – слабая кааперацыя, негатыўны ўплыў канкурэнцыі за абмежаваныя рэсурсы (фінансавыя, чалавечыя і інш.).

    6. Парушэнне аўтарскіх правоў гульцамі медыясектару – неправамернае выкарыстанне чужога кантэнту, недастатковае самарэгуляванне ў вобласці аўтарскага права.

    Кожны з прыведзеных выклікаў быў прааналізаваны па схеме SWOT-аналізу, з дапамогай якога былі вызначаныя моцныя і слабыя бакі сектара ва ўзаемадзеянні з праблемай, а таксама быў праведзены аналіз магчымасцяў і пагроз.

    На падставе SWOT-аналізу былі прапанаваныя пяць

    прыярытэтных накірункаў дзейнасці незалежнага медыясектару Беларусі у 2019–2024 г., а менавіта:

    1. Пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова.

    2. Умацаванне фінансавай устойлівасці незалежнага медыясектару Беларусі.

    3. Умацаванне кадравага патэнцыялу СМІ і павышэнне кваліфікацыі журналістаў.

    4. Адаптацыя незалежных СМІ да змен у медыяспажыванні.

    5. Развіццё самарэгулявання сектара, у тым ліку ў сферы аўтарскага права.

     

    СТРАТЭГІЧНЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ

    Прыярытэт 1.

    Пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова:

    Мэта: умацаванне здольнасці сектара абараняць свабоду выказвання і правы на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

    Задачы і ключавыя дзеянні:

    Задача 1: Прасоўванне каштоўнасці свабоды слова ў беларускім грамадстве

    Што трэба рабіць:

    • Рыхтаваць і распаўсюджваць публікацыі на адпаведную тэму.

    • Удзельнічаць у публічных дыскусіях на гэтую тэматыку.

    • Укараняць праграмы развіцця медыяпісьменнасці і медыякампетэнтнасці.

    Задача 2: Арганізацыя маніторынгу і апублікаванне фактаў парушэння свабоды слова ў Беларусі

    Што трэба рабіць:

    • Фіксаваць і абнародаваць факты парушэння правоў журналістаў і свабоды выказвання меркавання.

    • Інфармаваць пра вынікі маніторынгу нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі і структуры, іншых актораў.

    • Сістэматычна абмяркоўваць сітуацыю ў сферы правоў і свабод журналістаў, а таксама свабоды выказвання меркавання з выкарыстаннем існуючых пляцовак (праваабарончых арганізацый, грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы СМІ і іншых дыялогавых пляцовак).

    Задача 3: Садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў і інтарэсаў прадстаўнікоў незалежнага медыясектару і свабоды выказвання меркавання

    Што трэба рабіць:

    • Прадстаўляць і абараняць інтарэсы суб’ектаў сектара ў адносінах з дзяржаўнымі органамі, грамадскім сектарам, бізнесам.

    • Арганізаваць кансультаванне прадстаўнікоў незалежнага медыясектару, якія сутыкаюцца з парушэннямі іх правоў і свабоды выказвання меркавання.

    • Садзейнічаць абскарджанню рашэнняў, якія парушаюць правы прадстаўнікоў незалежнага медыясектару.

    • Звяртацца ў дзяржаўныя органы з мэтай прадухілення ці спынення парушэння правоў прадстаўнікоў незалежнага медыясектару.

    • Умацоўваць сістэму падтрымкі журналістаў і выданняў, якія трапляюць у крытычныя сітуацыі.

    Задача 4: Прасоўванне змен заканадаўства ў сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый з мэтай яго лібералізацыі

    Што трэба рабіць:

    • Ажыццяўляць маніторынг, аналіз і экспертызу прававых актаў і практыкі іх прымянення ў сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый.

    • Інфармаваць прадстаўнікоў незалежнага медыясектару пра змены прававых умоў дзейнасці (у тым ліку праз правядзенне семінараў).

    • Распрацоўваць рэкамендацыі па паляпшэнні прававых умоў дзейнасці суб’ектаў сектара і іншых актораў у сферы свабоды выказвання меркавання і масавых камунікацый, роўна як канцэпцыі і праекты нарматыўных актаў, дабівацца іх замацавання ў прававых дакументах.

    Задача 5: Забеспячэнне бесперапыннай прававой адукацыі журналістаў і рэдактараў, іншых прадстаўнікоў незалежнага медыясектару

    Што трэба рабіць:

    • Праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы для журналістаў, рэдактараў і іншых прадстаўнікоў незалежнага медыясектару.

    • Ствараць і распаўсюджваць метадычныя і іншыя матэрыялы па пытаннях прававой пісьменнасці.

    • Інфармаваць прадстаўнікоў незалежнага медыясектару пра магчымасці выкарыстання міжнародных праграм у сферы прававой адукацыі.

    Задача 6: Умацаванне патэнцыялу медыяюрыстаў

    Што трэба рабіць:

    • Праводзіць адукацыйныя праграмы і праграмы абмену досведам (у тым ліку міжнародныя) для медыяюрыстаў.

    • Садзейнічаць спецыялізацыі юрыстаў у сферы медыяправа.

    Задача 7: Абарона інтарэсаў журналістаў-фрылансераў

    Што трэба рабіць:

    • Дамагацца прызнання на заканадаўчым узроўні статусу журналістаў-фрылансераў і іх роўных прафесійных правоў з правамі журналістаў, якія працуюць у штаце СМІ.

    • Дамагацца спынення незаконнага пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі пры МЗС Беларусі (у прыватнасці, выкарыстанне супраць іх ч. 2 арт. 22.9 КаАП «незаконны выраб і (ці) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»).

    • Дамагацца змены практыкі правапрымянення тэрміна «акрэдытацыя» (як для журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, так і для ўсіх журналістаў) з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з дэмакратычнымі стандартамі.

    Прыярытэт 2.

    Умацаванне фінансавай устойлівасці незалежнага медыясектару Беларусі

    Задача 1: Павышэнне кампетэнтнасці менеджараў беларускіх медыя ў сферы кіравання кантэнтам, персаналам, фінансамі, стратэгічнага планавання

    Што трэба рабіць:

    • праводзіць навучальныя праграмы для медыяменеджараў;

    • лабіяваць удзел беларускіх медыяменеджараў у міжнародных адукацыйных праграмах і шукаць сродкі для арганізацыі такога навучання;

    • знаёміць з сучаснымі бізнес-мадэлямі і практыкамі (замежны досвед і ўнутрысектаральны);

    • навучаць менеджараў эфектыўнаму фандрэйзінгу (у тым ліку краўдфандынгу і іншым інавацыйным бізнес-мадэлям);

    • навучаць маркетолагаў і іншых супрацоўнікаў рэдакцыі (рэкламшчыкаў, праграмістаў, бухгалтараў, тэхнічных супрацоўнікаў, якія садзейнічаюць вырабу  мультымедыйнага кантэнту).

    Задача 2: Замацаваць фінансавую ўстойлівасць беларускіх медыя праз прымяненне (у тым ліку сумеснае) інавацыйных падыходаў па развіцці медыябізнесу

    Што трэба рабіць:

    • Выводзіць на рынак унікальныя платныя прадукты праз конкурсы стартапаў, у межах адмысловых конкурсаў, у межах праграмы навучання фандрэйзараў.

    • Навучаць стварэнню і ўкараненню прылад аплаты анлайн.

    • Папулярызаваць паспяховыя гісторыі прасоўвання і распаўсюду прадукцыі СМІ.

    • Вывучыць магчымасці арганізацыі сумеснага аўтсорсінгу няпрофільных паслуг (юрыдычных, бухгалтарскіх, маркетынгавых і інш.), выкарыстання інфармацыйных тэхналогій і стварэння сумесных сэрвісаў.

    Задача 3: Паляпшэнне супрацоўніцтва паміж ключавымі гульцамі беларускага незалежнага медыясектару

    Што трэба рабіць:

    • Арганізаваць абмен інфармацыяй паміж ключавымі гульцамі беларускага незалежнага медыясектару з мэтай каардынацыі іх дзейнасці.

    • Лабіяваць інтарэсы сектара перад міжнароднымі арганізацыямі (узмацняць уплыў на вызначэнне прыярытэтаў іх праграм).

    • Умацоўваць узаемадзеянне паміж ключавымі гульцамі сектара для выпрацоўкі сумеснай пазіцыі па ключавых пытаннях і для сістэмнай абароны/прасоўвання інтарэсаў сектара перад дзяржавай і бізнесам.

    • Арганізаваць сумесную замову даследаванняў, якія тычацца пытанняў развіцця медыясектару, ці лабіяваць іх правядзенне.

     

    Прыярытэт 3.

    Умацаванне кадравага патэнцыялу СМІ і павышэнне кваліфікацыі журналістаў

    Задача 1: Удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі журналістаў і росту прафесійнага майстэрства

    Што трэба рабіць:

    • Прааналізаваць існуючыя на рынку адукацыйныя праграмы і ацаніць іх патэнцыял, вызначыць запатрабаваныя, але незабяспечаныя кірункі.

    • Арганізаваць абмен інфармацыяй пра праграмы, якія рэалізоўваюцца, для журналістаў, рэдактараў, іншых прадстаўнікоў медыясектару.

    • Рэгулярна актуалізоўваць навучальныя праграмы з улікам запатрабаванняў сектара і сітуацыі на медыярынку.

    • Удасканальваць сістэму падрыхтоўкі трэнераў.

    • Забяспечыць падрыхтоўку і даступнасць падручнікаў, дапаможнікаў, метадычных матэрыялаў.

    • Арганізоўваць стажыроўкі ў рэдакцыях.

    • Праводзіць конкурсы прафесійнага майстэрства.

    Задача 2: Папулярызацыя паспяховых практык працы з кадрамі

    Што трэба рабіць:

    • Арганізоўваць абмеркаванні кадравай палітыкі з менеджментам рэдакцый.

    • Распаўсюджваць паспяховы досвед/практыкі арганізацыі працы з кадрамі.

    Задача 3: Абарона працоўных і сацыяльных правоў працаўнікоў медыясферы і спрыянне вырашэнню канфліктаў

    Што трэба рабіць:

    • Навучаць метадам адстойвання сваіх працоўных і сацыяльных правоў (у тым ліку журналістаў-фрылансераў).

    • Навучаць менеджмент рэдакцый асновам кіравання канфліктамі.

    • Выкарыстоўваць прыёмы медыяцыі для вырашэння канфліктных сітуацый.

    • Рэкамендаваць рэдакцыям распрацоўваць унутраныя дакументы, якія рэгулююць сферу працоўных ўзаемаадносін.

    • Выкарыстоўваць досвед незалежных прафсаюзаў па абароне сацыяльных правоў прадстаўнікоў медыясферы (наёмных працаўнікоў і фрылансераў).

     

    Прыярытэт 4.

    Адаптацыя незалежных СМІ да змен у медыяспажыванні

    Задача 1: Даследаванне новых тэндэнцый у медыяспажыванні і інфармаванне пра іх прадстаўнікоў медыясектару

    Што трэба рабіць:

    • Даследаваць спосабы манетызацыі кантэнту ў сацыяльных асяродках і абменьвацца досведам працы ў гэтым кірунку.

    • Даследаваць спосабы дыстрыбуцыі кантэнту ў сацыяльных асяродках і папулярызаваць лепшыя практыкі ў гэтым кірунку.

    • Вывучаць аўдыторыю і карэктаваць стратэгіі развіцця медыясектару.

    • Вывучаць уплыў манапалізацыі каналаў камунікацыі (Face­book, Google, «Вконтакте», «Аднакласнікі» і г. д.) на бізнес-стратэгіі развіцця медыя, з’яўленні фарматаў спажывання кантэнту без пераходу на сайт.

    • Навучаць кіраванню і прасоўванню кантэнту менеджэраў і іншых супрацоўнікаў СМІ.

    Задача 2: Далучэнне аўдыторыі да фармавання парадку дня беларускіх медыя

    Што трэба рабіць:

    • Папулярызаваць механізмы далучэння аўдыторыі да  планавання, стварэння і абмеркавання медыякантэнту.

    • Прыцягваць блогераў да рэдакцыйнай працы і выкарыстоўваць кантэнт, створаны карыстальнікамі (User Gen­er­at­ed Con­tent — UGC).

    • Абмяркоўваць канцэпцыі рэдакцыі, як куратара UGC.

    • Праводзіць адкрытыя рэдакцыйныя мерапрыемствы з прыцягненнем аўдыторыі.

    Задача 3: Умацаванне даверу да незалежных беларускіх медыя ў новых умовах медыяспажывання

    Што трэба рабіць:

    • Фармаваць лаяльнасць аўдыторыі праз стымуляванне зваротнай сувязі, стварэнне механізмаў уплыву на парадак дня.

    • Ствараць належныя ўмовы для забяспячэння інтарэсаў і правоў грамадзян у суадносінах з медыясектарум.

    • Супрацьдзейнічаць прымітывізацыі кантэнту, штучнай драматызацыі матэрыялаў у СМІ, клікбейту і матываваць да стварэння якаснага кантэнту (шляхам правядзення ўнутрысектаральных дыскусій, конкурсаў і інш.).

    • Абмеркаваць унутрысектаральныя стандарты вытворчасці натыўнай рэкламы, прасоўвання ў СМІ брэндаў і г. д.

    • Рэалізоўваць і папулярызаваць праграмы медыяпісьменнасці і медыякампетэнтнасці для павышэння даверу аўдыторыі да якасных медыя.

    Задача 4: Развіццё мультыплатформеннасці

    Што трэба рабіць:

    • Папулярызаваць магчымасці стварэння і дыстрыбуцыі кантэнту на шматлікіх платформах, уключаючы фарматы спажывання кантэнту без пераходу на сайт.

    • Навучаць магчымасцям выкарыстання розных платформаў для манетызацыі кантэнту і прасоўвання брэнду СМІ.

    • Арганізаваць абмен досведам развіцця медыя на прынцыпах мультыплатформеннасці (спажыванне кантэнту на камп’ютарах, у мабільным браўзары і ў мабільных дадатках, з выкарыстаннем розных каналаў – сайты, сацыяльныя сеткі, месэнджары, мабільныя прылады, новыя спосабы дыстрыбуцыі з выкарыстаннем пуш-апавяшчэнняў і г. д.).

     

    Прыярытэт 5.

    Развіццё самарэгулявання сектара, ў тым ліку ў сферы аўтарскага права

    Задача 1: Стварэнне механізмаў для ўрэгулявання канфліктных сітуацый у сферы аўтарскага права

    Што трэба рабіць:

    • Ствараць кансультацыйныя пляцоўкі для абмеркавання сітуацыі і канфліктаў, у тым ліку ў сферы аўтарскага права.

    • Рэкамендаваць суб’ектам сектара распрацоўваць і ўдасканальваць унутраныя і сумесныя дакументы ў сферы самарэгулявання.

    • Праводзіць маніторынг і аналіз канфліктаў, у тым ліку ў сферы аўтарскага права.

    Задача 2: Асвета і кансультаванне па пытаннях аўтарскага права і падтрымка самарэгулявання ў гэтай сферы

    Што трэба рабіць:

    • Навучаць прадстаўнікоў медыясектару асновам аўтарскага права (абарона аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, асабістых немаёмасных правоў аўтараў і іншых праваўладальнікаў, маёмасных правоў) і правілам выкарыстання запазычанага кантэнту.

    • Арганізаваць дыскусію па выпрацоўцы агульных прынцыпаў працы з запазычаным кантэнтам.

    • Стымуляваць распрацоўку і ўкараненне рэдакцыйных палітык, якія ўлічваюць пытанні выканання аўтарскіх правоў.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці