• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як у Беларусі закрылі медыя праз скандал з ісламам. І пры чым тут выбары?

    Пачалося ўсё ў канцы 2005 года з публікацыі ў дацкай газеце Jyllands-Posten. Яна надрукавала тэкст пра свабоду слова, а ў якасці ілюстрацый абрала 12 карыкатур на цэнтральную фігуру іслама прарока Мухамеда. Гэта выклікала пратэсты мусульманаў, некаторыя мусульманскія краіны нават зачынілі свае амбасады ў Даніі. Аўтары карыкатур атрымлівалі пагрозы. Але многія журналісты з Еўропы падтрымалі калег і перадрукавалі карыкатуры. Тады прайшлі звальненні галоўных рэдактароў, а выданні былі аштрафаваныя, - піша Euroradio.

    Масавае пакаранне сёння тады было прэцэдэнтам

    Пра скандал напісала прыватная беларуская газета “Згода”, якую ў той час узначальваў Аляксей Кароль. Выпускаючым рэдактарам быў Аляксандр Здвіжкоў.

    — Мы не друкавалі карыкатуры самі па сабе, — кажа галоўны рэдактор “Новага часа” Аксана Колб, якая тады працавала ў “Згодзе”. — Гэта быў аналітычны артыкул, у якім мы расказвалі, што адбылося ў Даніі. І як ілюстрацыя да матэрыялу былі выкарыстаныя дзве карыкатуры без подпісаў. То бок нічога абразлівага, нечага накшталт сённяшняга спальвання Карана, там не было.

    У ісламе наогул забаронена выкарыстоўваць выявы людзей і няма нейкай кананічнай выявы прарока Мухамеда, таму карыкатуры без подпісаў нічога абразлівага ўяўляць не маглі.

    Наклад з карыкатурамі не паспеў выйсці, а ўжо нібыта абразілася татарская абшчына ў Беларусі. Выпуск так і не пабачыў свет — ён быў канфіскаваны КДБ.

    — КДБ была заведзеная ледзь не адзіная ў той час справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса [Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці. — Еўрарадыё]. Нашаму выпускаючаму рэдактару прысудзілі тры гады па частцы другой артыкула 130. Тое, што цяпер массава ідзе, тады было прэцэдэнтам.

    Гэта было самае суровае пакаранне ў Еўропе па інцыдэнце з карыкатурамі.

    Пры чым тут выбары ў Беларусі?

    Распальванне варожасці было ні пры чым, лічыць Аксана Колб.

    — Наш шэф [Кароль. — Еўрарадыё] у той момант быў даверанай асобай Казуліна [кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года. — Еўрарадыё]. Як раз былі выбары. І думаю, што яны [улады. — Еўрарадыё] чакалі якой-небудзь нагоды і скарысталіся менавіты гэтым, скарысталі татарскую абшчыну.

    На судзе быў муфцій. У яго пыталіся, як вы даведаліся, хто абражаў вашыя пачуцці? Ён сказаў, “а мы не ведалі гэтага, нам гэта паказалі і сказалі напісаць такую заяву”.

    Здвіжкоў з’ехаў з Беларусі, але ў 2007 годзе вярнуўся, каб трапіць на магілу бацькі. Яго знялі з цягніка і адправілі ў СІЗА КДБ.

    — Была вельмі моцная падтрымка міжнародная, былі заявы розных структур журналістскіх і міжнародных. Хутчэй за ўсё менавіта гэта і спрыяла таму, што Вярхоўны суд усё ж вызваліў нашага рэдактара. Ён адсядзеў толькі тры месяцы замест трох гадоў. І гэта быў ужо 2008 год. То бок зноў пачаўся перыяд гандлю палітвязнямі.

    Здзвіжкоў пасля вызвалення з’ехаў, а рэдакцыя працягнула працу, але ўжо ў “Новым часе”. “Згода” была закрытая праз скаргі Мінінформа.

    “Калі прыбіраць усё вострае, то лепш не працаваць”

    Ужо будучы рэдактарам Аксана Колб кажа, што ўсё адно друкавала б гісторыю.

    — Канешне б давалі. Ці была б ілюстрацыя ў выглядзе менавіта карыкатуры? Не ведаю. У кожны час свае выклікі. Я толькі ведаю, што ў 2020, у 2021 годзе мы сабе не здраджвалі. Мы не імкнуліся быць больш ціхімі, каб нас не закрылі. І я лічу, што гэта было правільна. Бо калі прыбіраць усё больш-менш вострае, то лепш наогул не працаваць.

    Што тычыцца ўвогуле карыкатур ці спальвання Карана, Колб лічыць, што непрымальна тое, што дыструктыўна.

    — Пытанне ў тым, што людзі спрабуюць данесці. Калі мы глядзім на французскія выданні, мы бачым, што гэта сапраўды карыкатура, тонкая сатыра, якая паказвае розныя бакі палітычнага жыцця.

    Тое, што робяць сёння праўладныя выданні, не мае нічога агульнага з палітычнай карыкатурай. Гэта абразлівыя карцінкі хворага мозгу. Таму немагчыма гэта параўноўваць.

    Калі мы кажам пра моманты, як спальванне чагосьці, я стаўлюся да гэтага адмоўна, бо паліць, зневажаць, руйнаваць — гэта ніколі не прыводзіць да чагосьці пазітыўнага і стваральнага. Толькі дабро мае сэнс і права на існаванне. Зло заўсёды неканструктыўнае, якія б мэты не ставіла, — рэзюмуе Аксана Колб.

    Чытайце яшчэ: 

    “Я не пераборлівы”. На “казённых харчах” у калоніі Андрэй Кузнечык заўважна схуднеў

    “Внимательно читайте договор!” Особенности авторского права в Литве

    “Зараз ёсць імкненне і жаданне. Больш нічога”. Гутарка з блогерам Аляксандрам Кабанавым

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці