• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Этнафатограф – новая іпастась журналісткі, якая засталася без працы

    Творчая асоба нават у складанай жыццёвай сітуацыі знойдзе выйсце свайму дараванню, сваёй мастацкай ці нейкай іншай інтэлектуальнай дзейнасці. Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў беларускія ўлады распачалі маштабныя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і журналістаў, многія супрацоўнікі медыяў патрапілі за краты, іншыя эмігравалі. Нямала і тых, хто застаўся без працы, інакш кажучы, без сродкаў існавання. Паўсталі пытанні: як жыць, што рабіць далей? У ліку апошніх апынулася і журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова. Знайшла яна сябе ў новай іпастасі – этнафатографа.

    — Ларыса, ці складана было развітвацца з журналістыкай?  Дзесяцігоддзе ў прафесіі — гэта не фунт разынак, гэта асаблівы лад жыцця, вір падзеяў.

    — Развітацца з журналістыкай я проста была вымушана і заявіла пра гэта публічна. Працаваць стала не проста складана, а нават небяспечна. Шэраг незалежных выданняў, у тым ліку і беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», з якім я супрацоўнічала, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.  Супрацоўнічаеш — значыць, спрыяеш экстрэмісцкаму фармаванню, а гэта ўжо крымінальная адказнасць у адпаведнасці з унесенымі зменамі ў заканадаўства. 

    Мне і без таго хапіла пераследу за працу без акрэдытацыі: цягалі ў міліцыю, штрафавалі праз суды больш як сорак разоў.

    Хапала і іншых формаў пераследу — сачылі за асабістым жыццём, рабілі інфармацыйныя ўкіды ў сацыяльных сетках, размяшчалі мае прыватныя фотаздымкі ў агульным доступе, затрымлівалі на акцыях. Адно што “сутак” не прызначалі, паколькі я адна гадавала непаўнагадовага сына. Але ў 2020‑м годзе, калі пачаліся масавыя акцыі пратэсту, міліцыя падпільноўвала мяне каля дома і адпраўляла ў ІЧУ да суда, прычым здаралася гэта звычайна ў пятніцу, а судзілі ўжо ў панядзелак. Праз такія хітрыкі ўжо і мацярок з малымі дзецьмі можна было трымаць за кратамі да 72 гадзін. Такое ўчынялі са мной тройчы, адзін раз мне зрабілася блага, і я патрапіла не ў ізалятар, а ў шпіталь. Супрацоўнічаць у такіх варунках з «экстрэмісцкімі» медыямі ўжо ніяк не выпадала.

    Ідэя заняцца этнаграфічнымі фотаздымкамі мела пад сабой нейкі грунт ці прыйшла нечакана, па прынцыпе «Эўрыка!», як легендарны вокліч Архімеда?

    — Першыя фотаздымкі гамельчукоў у нацыянальных строях я зрабіла гады тры таму. Гэта пераважна здымкі сваякоў. У мяне была калекцыя тэкстылю, вышыванак, тканых рушнікоў, посцілак. Што называецца, пазабаўлялася і кінула. Бо была праца, якая займала шмат часу. Вольная гадзіна рэдка калі выпадала. Канешне, фотаздымкі ўсім падабаліся, усё было файна. Мне і самой было неяк дзіўна і нават крыху крыўдна: у мяне ёсць запасы нацыянальных строяў і побытавых рэчаў, а яно ўсё ляжыць без руху. Ніхто яго не бачыць, ніхто ім не любуецца. Сарочку ж можна апрануць на чалавека, даць яму рушнік, пасадзіць на зэдлік каля куфра ці дывана. Але разважаючы так, даводзілася ўсё адно адкладаць — у прыярытэце  была журналісцкая праца.

    Вы сказалі, былі запасы нацыянальных строяў. Уяўляецца адразу музейнае сховішча, неслабы такі запаснік. У лічбах можна неяк выразіць свае запасы?

    — Можна (пасміхаецца). У мяне, з улікам нядаўна прыдбаных, 73 рушнікі, тканых і вышываных, 25 посцілак, 30 абрусаў, 17 жаночых і 5 мужчынскіх сарочак. Ёсць калаўроткі, кросны, гладышкі, розныя кашолкі і кошыкі, куфарок, жалязка, прасніцы, косы, граблі, зэдлікі, чыгуны, насценныя дываны. Хапае артэфактаў, каб, глянуўшы на асобу ў даўнейшых строях і антуражы, можна было сказаць, што гэта адносіцца да беларускага этнасу.

    — Адкуль такое багацце?

    — Збірала гадамі, па натхненні. Мне ўсё гэта даспадобы. Наведвала барахолкі ў Гомелі, Добрушы, Ветцы. Бывала ў няглюбскіх майстрых, адмыслоўцаў з Калінкавіцкага, Брагінскага раёнаў. Купляла ўсё за свае грошы. Былі, канешне, і выпадкі, калі людзі нешта аддавалі ў «нагрузку» да набытага, так бы мовіць, на знак падзякі, што зацікавілася вышыванкай ці абрусам, і яны ўжо не састарэюць дарэшты ў шафе ці скрыні. Усё потым даводзілася праць, сёе-тое рамантаваць. Так і сабрала калекцыю.

    — Ці можна казаць, што збіральніцтва рушнікоў і вышыванак гэта як покліч душы на сітуацыю ў дзяржаве з беларушчынай, калі сваё, роднае, у тым ліку і мова, не надта шануецца альбо падмяняецца рознымі сурагатамі пад выглядам беларускага?

    — Вядома, можна. Як гісторыка па адукацыі мяне заўсёды цікавіла краязнаўства. Продкі мае па кудзелі з Нараўлянскага раёна — там таксама былі моцныя традыцыі: і вышывання, і ткацтва, і спеўныя традыцыі. А разнастайныя рамёствы дапамагалі продкам у іх побыце.

    Я была ў ліку заснавальнікаў моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака», ажно пакуль ўлады па фармальных падставах не зліквідавалі яе ў 2021 годзе, калі пад дзяржаўным прэсам апынуліся шматлікія няўрадавыя арганізацыі. «Талака» плённа займалася адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збірала фальклор, рэканструктыявала аўтэнтычныя святы. З ініцыятывы талакоўцаў моладзь збіралася «гукаць вясну». Разам спявалі веснавыя песні, пяклі птушак з цеста і на адмысловых коўдрах падкідвалі ўверх — як рабілі продкі. Святкавалі Купалле на беразе Сожа альбо Іпуці, удзельнічалі ў «Пахаванні стралы» ў Стаўбуне і Неглюбцы. Узімку талакоўцы радавалі гараджан і бліжэйшых да абласнога цэнтра вёсак Калядою. Маю вось такі бэкграўнд. Так што ў пэўнай ступені мае этнафотаздымкі сапраўды скіраваныя на пашырэнне беларушчыны ў свядомасці людзей.

    —​ Як юрыдыча вы аформілі сваю дзейнасць, каб не казалі ізноў, што працуеце «без акрэдытацыі»? 

    — Якраз тут у мяне ўсё ў парадку: я зарэгістравалася ў выканкаме як індывідуальная прадпрымальніца, маю ўліковы нумар у падатковай інспекцыі. Пра сваю дзейнасць распавяла ў сацыяльных сетках. Двухгадзінную фотаэтнасесію з выкарыстаннем нацыянальных строяў і побытавага антуражу прапаную за восемдзесят рублёў. Гэта тры-чатыры вобразы з добрым дзясяткам мастацкіх здымкаў. Не было выпадкаў, каб хтосьці застаўся незадаволеным.

    Не магу сказаць, што ў мяне тут поўны аншлаг, але прапановы паступаюць, асабліва калі самі кліенты сталі выкладваць фотаздымкі ў Face­book,  іншых сацыяльных сетках. Людзі спакваля пачынаюць разумець, што гэта прыгожа, надзвычай эстэтычна. Музей — гэта добра, там гэта ёсць. Але ў музеі ўсё без асобы, само па сабе. Калі ж хто бачыць сваю сяброўку ў нацыянальных строях у стужцы Insta­gram, міжвольна вырываецца вокліч захаплення «Ваў!». Гэта наогул іншы вобраз дзяўчыны, жанчыны, іншы погляд на асобу як прадстаўніцу нашага этнасу. Лічу гэта важнай часткай папулярызацыі беларушчыны.

    З чым давялося сутыкнуцца па першым часе? Усё ж такі новая справа, немагчыма ўсё загадзя прадбачыць.

    — Натуральна, выявіліся і праблемы. Некаторыя сямейныя пары хочуць фатаграфавацца з дзецьмі. Але ў мяне бракуе дзіцячых вышыванак як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў.  Зноў жа няма наміткі. Хацелася б мець што-кольвечы з даўнейшай зімовай вопраткі беларусаў, мужчынскай і жаночай. Патрэбныя інвестыцыі ці хаця б які ільготны крэдыт, каб займець яшчэ і такія строі.

    З тэхнікі бракуе ў мяне шырокавугольнага аб’ектыва да здымача, асвятляльнай апаратуры. Дні зараз кароткія, а вечары доўгія. Іншыя не супраць і пры штучным асвятленні фатаграфавацца. Любыя густы трэба ўмець задавальняць, толькі ў такім разе можна спадзявацца на поспех. Гэта ж сфера паслуг, дзе прыярытэтным з’яўляецца жаданне, інтарэс чалавека. Мару, каб нацыянальна свядомыя гараджане падтрымалі маю новую дзейнасць сваім прыходам. А што, цалкам рэальна, калі трое ці чацвёра чалавек у складчыну замаўляюць двухгадзінную фотаэтнасесію. Групе гэта не стратна, а мне — добрая падтрымка.

    — Наколькі я разумею з расповеду і першай цікавасці людзей, фотаэтнасесія ў Шчыраковай не проста «шчоўк», «пстрык» і будзьце здаровы. Што яшчэ даведваюцца гамельчукі, трапляючы ў вашыя аб’ектывы?

    — Шмат чаго. Я не хвалюся, але трапляючы на мае фотаэтнасесіі, гамельчукі яшчэ на дадатак паслухаюць расповеды пра строі, іх выкарыстанне ў розных жыццёвых сітуацыях, даведаюцца пра асаблівасці вырабаў у неглюбскіх і калінкавіцкіх майстрых — гэта дзве такіх адметныя плыні ткацтва на Гомельшчыне, якія вылучаюць этнографы. Патанчаць са мною і «Лявоніху», і «Базар», і «Ойру». І на сене яны могуць ўлетку паваляцца. А пазіруюць ў нацыянальных строях перад аб’ектывам мудрэй Сіндзі Кроўфард.

    Бо ў кожнай народнай рэчы, як і ў чалавека, свая гісторыя, свой бэкграўнд, глыбокі і павучальны.                          

    Адна з жыхарак Гомеля напісала мне ліст пасля этнафотасесіі: «Нашыя жанчыны ў сваёй большасці загнаныя працаю і безліччу праблем. І нават калі ты разумееш, што ў цябе прывабная знешнасць, ты пад грузам праблем перастаеш ў гэта верыць, верыць ў сябе і сваю прыгажосць. Вашы фоты як моцным пражэктарам высвечваюць існасць, прыгажосць, жаноцкасць».  Паэтка Антаніна Хатэнка ў каментары да здымкаў ў нацыянальных строях заўважыла: «Дзівата дый годзе. Жыцьмем, калі гэткае хараство маем!». А зусім нядаўна мой фотаздымак дзяўчынкі ў нацыянальным уборы з калаўроткаю натхніў мастачку Юлію Кравец напісаць карціну.

    Такія водгукі і дзеянні надаюць сілы, мацуюць надзею, што беларускасць будзе адраджацца і ў недалёкай будучыні стане галоўным мэйнстрымам нашага быцця.  Кожны народ цікавы іншым сваёй адметнасцю, а ў нас ёсць што паказаць і суседзям, і свету.

    Чытайце яшчэ:

    КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» журналістак Tut.by Вольгу Лойку і Алену Талкачову

    Белорусская поэтесса и журналист Брило: «Жестокость необъявленной войны не менее страшна и трагична»

    Дзяніс Марціновіч: «Мінулае жыццё — гэта такая мілая ілюзія, якой ужо ніколі не будзе»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці