• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ва Украіне глянцавыя часопісы масава пераходзяць на ўкраінскую мову

    Моўная сітуацыя ва Украіне апошнім часам паступова змянялася на карысць украінскай мовы. Яшчэ ў 1990-ыя гады на захадзе і цэнтры краіны была ўкраінізаваная адукацыя. З 2014 года пачалося вяртанне навучання на ўкраінскай мове і ва ўсходнія, найбольш русіфікаваныя рэгіёны краіны. На музычных радыёстанцыях і тэлебачанні былі ўведзеныя моўныя квоты, пачалася актыўная падтрымка кнігадрукавання, Украіна з нуля стварыла рынак дубляжу замежных фільмаў. З дапамогай адпаведных законаў украінская мова стала паўнавартасна функцыянаваць, як дзяржаўная. Але быў апошні бастыён у публічнай прасторы, дзе цалкам татальна дамінавала руская мова, нават у Заходняй Украіне — глянцавыя часопісы і бульварныя газеты. Але, здаецца, і тут руская мова адступае — украінскі «глянец», а таксама газеты кшталту «Камсамольскай праўды» пераходзяць на ўкраінскую, піша "Наша Ніва".

    Важна: Ва Украіне з 16 студзеня 2022 года ўсе друкаваныя выданні абавязаныя выдавацца на ўкраінскай мове. Ніхто не забараняе мець версіі і на іншых мовах. Але версія на ўкраінскай мусіць выходзіць у той жа дзень, такім жа накладам і з такім жа зместам.

    Новая норма закранае 217 газет і 107 часопісаў. Выключэнне зробленае для мясцовых друкаваных медыяў: у іх версія на ўкраінскай мове мусіць з’явіцца з 16 ліпеня 2024 года. Таксама норма не датычыць выданняў на крымскататарскай і іншых мовах карэнных народаў Украіны і на англійскай і іншых афіцыйных мовах Еўрасаюза.

     

    Хаця ўкраінцы ўжо доўгі час спакойна спажываюць украінскую аўдыявізуальную прадукцыю па-ўкраінску (праз фільмы, тэлебачанне, радыё), з друкаванай прэсай было не так гладка — яны прывыклі яе чытаць па-руску.

    Амаль усе самыя папулярныя ўкраінскія газеты і часопісы, за рэдкім выключэннем, у 90-ыя выходзілі менавіта на рускай мове.

    Па-ўкраінску выходзілі хіба што некаторыя дзяржаўныя выданні з мізэрнымі тыражамі, а таксама рэгіянальная прэса ў Заходняй Украіне. Але нават заходнеўкраінская прэса, калі яна выходзіла на агульнаўкраінскі ўзровень, вымушаная была рабіць рускамоўныя версіі сваіх выданняў, кшталту львоўскага часопіса «Галицькі контракти», які пасля свайго пераезду ў Кіеў пачаў выходзіць па-руску.

    На фоне папулярных глянцавых рускамоўных часопісаў ва Украіне ў 90-ыя гады было толькі адно выключэнне — культавы эратычны часопіс пра каханне «Лель» быў адзіны, які тады прынцыпова выходзіў па-ўкраінску. Гэтае выданне было галоўным бастыёнам украінскай мовы ў масавай друкаванай прэсе.

    У пачатку 2000-ых ва Украіне пачалі з’яўляцца лакальныя версіі расійскіх і міжнародных часопісаў па ліцэнзіі, але яны выдаваліся ў Кіеве, і выходзілі амаль цалкам па-руску. Сітуацыя пачала мяняцца толькі апошнія некалькі гадоў.

    З 16 студзеня 2022 года ва Украіне набывае моц норма адносна выдання на дзяржаўнай мове агульнаўкраінскіх і рэгіянальных друкаваных выданняў. Пры гэтым гэта не залежыць ад таго, ці ёсць у выдання адначасова версія на нейкай іншай мове, у тым ліку і на рускай.

    Многія выдаўцы падрыхтаваліся да такіх зменаў загадзя і ўкраінізавалі ўласны кантэнт або запусцілі паралельна ўкраінамоўную версію.

    Напрыклад, 2 студзеня стала вядома, што часопіс Play­boy Ukraine будзе выходзіць выключна на ўкраінскай мове. Украінскі Play­boy з рэдакцыяй у Кіеве працаваў з 2005 года, але да гэтага — выключна па-руску.

     

     

    У пачатку снежня 2021 года з рускай на ўкраінскую мову перайшоў глянцавы часопіс ELLE Ukraine. Так, на вокладцы часопіса за снежань 2021 — студзень 2022 года надрукаваныя словы: «Початок нового ̶р̶о̶к̶у̶ життя. Перший українською». Журнал Elle выходзіў ва Украіне з 2001 года па-руску.

     

    У сакавіку 2021 года на ўкраінскай мове выйшаў глянцавы часопіс Marie Claire. На вокладках размясцілі фоты звычайных вясковых жанчын з Чаркаскай вобласці і Івана-Франкоўшчыны.

     

    На ўкраінскую мову перайшоў і грамадска-палітычны штотыднёвік «Фокус». Са студзеня 2022 года выданне афіцыйна мяняе мову друку ў адпаведнасці з законам «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай».

    Раней — у першай палове жніўня — часопіс НВ выпусціў першы друкаваны нумар на ўкраінскай мове.

     

    «Некалькі месяцаў таму я публічна абвясціў, што на Дзень незалежнасці часопіс НВ пяройдзе на ўкраінскую. Абяцалі — робім. Нават крыху раней. Заўтра (12 жніўня) першы ўкраінскамоўны выпуск штотыднёвіка ўбачыць свет», — гаворыцца ў паведамленні галоўнага рэдактара Віталя Сыча.

    «Мы — бізнэс і павінны турбавацца аб камерцыйным складніку, а колькі людзей адваліцца, калі мы пяройдзем на украінскую? Мы апыталі нашых падпісчыкаў і толькі 20% — менш, чым я чакаў — адказалі, што, напэўна, не падоўжаць падпіску, калі мы зменім мову. Крыўдна, але з гэтым мы можам справіцца», — адзначыў Віталь Сыч.

    У студзені на ўкраінскую мову цалкам пераходзіць «КП в Украине». Першы выпуск на ўкраінскай выйшаў 13 студзеня. Па-руску ў газеце выходзіць будзе толькі пастаянны зварот галоўнага рэдактара да чытачоў.

     

    Акрамя глянцавых часопісаў, працягваюць актыўна пераходзіць на ўкраінскую мову і глабальныя сэрвісы. 1 кастрычніка стрымінгавы сэрвіс Net­flix запусціў украінскамоўны інтэрфейс і пачаў дубляваць фільмы і серыялы на ўкраінскую мову. Таксама сэрвіс стаў весці свае сацсеткі ва Украіне па-ўкраінску.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці