• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Генадзь Кеснер: На знак салідарнасці з намі Мінск скалануўся ад рову клаксонаў. А мы проста заплакалі…

    Чвэрць стагоддзя таму ўлады знішчылі першую недзяржаўную беларускамоўную прыватную радыёстанцыю — «Радыё 101,2 FM». Нагода была чыста фармальнай, надуманай, а малады, таленавіты калектыў самабытнага, сапраўды беларускага радыё мусіў быў гвалтоўна спыніць сваё існаванне.

    Генадзь Кеснер: На знак салідарнасці з намі Мінск скалануўся ад рову клаксонаў. А мы проста заплакалі…

    …30 жніўня 1996 года мы рыхтаваліся пасля эфіру адзначыць Дзень нараджэння нашай кіраўніцы — Жанны Літвіной. Праца яшчэ ішла поўным ходам, аднак свабодныя калегі ўжо пачалі накрываць на стол. Тут раптам з факса вылезла паперчына — не на бланку, без пячаткі, набраная дробным шрыфтам. Без залішніх уступаў там значылася, што «з мэтай выключэння перашкод у прыёмных каналах ЦС РТС «Алтай» эксплуатацыю перадатчыка на частаце 101,2 МГц з выкарыстаннем АФС на апоры па адрасе вул. Камуністычная, 6 спыніць ад 1 верасня 1996 г. Нач. БелГІЭ Ніканаў».

    У першыя хвіліны мы не маглі зразумець, што ўсё гэта азначае. Потым стала ясна, што нас закрываюць. Зноў надумана, зноў нахабна, без дай прычыны. Нешта падобнае мы — а гэта людзі з «Радыё 101,2», што раней працавалі на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» (на дзяржаўным радыё), якую ў 1994 годзе гэтак жа надумана зліквідавалі напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў з ініцыятывы тагачаснага ўрада пад кіраўніцтвам Вячаслава Кебіча — ужо аднойчы перажылі, і яшчэ вельмі свежымі былі шнары на сэрцы пасля той нашай асабістай трагедыі. І вось цяпер зноў…

    На «Маладзёжцы» мы таксама працавалі з вялікім задавальненнем, але на «Радыё 101,2» — з яшчэ большым, бо гэта было наша, уласнае дзіця, народжанае галоўнай рэдактаркай БМ Жанай Літвіной, гукарэжысёрам Змітром Новікавым (цяпер дырэктар «Еўрапейскага радыё для Беларусі») і некаторымі іншымі паважанымі людзьмі. І вось цяпер нас пазбаўляюць гэтага дзіцяці. За што? А вельмі проста. Пазней на адной прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне журналісткі «Радыё Свабода» Вольгі Караткевіч, якая сама раней працавала і на «Радыё 101,2 FM», дагэтуль бяззменны правадыр без усякіх выдумак і мудрагелістасцей адказаў: «Нікому на дзяржаўнай частаце за дзяржаўныя грошы праводзіць антыдзяржаўную палітыку дазволена не будзе». Няўцям, відаць, было афіцыйнаму лідару, што гэта — ПРЫВАТНАЕ радыё, якое не толькі не бярэ грошы ў дзяржавы, але наадварот, папаўняе дзяржаўную скарбонку праз падаткі. Дарэчы, і афіцыйная матывацыя пра нібыта перашкоды нашага перадатчыка для міліцэйскіх частот была хлуснёй: міліцэйскія радыёстанцыі кшталту «Алтай» у той час працавалі ў дыяпазоне 300–344 МГц.

    Якую «антыдзяржаўную палітыку» праводзіла «Радыё 101,2», Лукашэнка не растлумачыў, як не зрабілі гэтага і іншыя яго памагатыя ў асобах чыноўнікаў самага рознага пашыбу. Магчыма, такую, што наша радыё было цалкам беларускамоўным і што мы не круцілі ў сваіх эфірах танную безгустоўную папсу, асабліва рускамоўную? Што ў нас былі асветніцкія праграмы? Што мы распавядалі пра айчынны і замежны рок? Што мы шанавалі нацыянальную гісторыю і культуру? Што на нашай частаце гучалі непрадузятыя аб’ектыўныя навіны? Што да нас у эфір прыходзілі выбітныя асобы, якім не знаходзілася месца ў эфірах іншых радыёстанцый і ўвогуле ў дзяржаўных медыя — да прыкладу, былыя старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Георгі Таразевіч, Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб? Я ўжо не кажу пра не вельмі шанаваных уладамі вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, музыкаў, актывістаў недзяржаўных прафсаюзаў.

    Варта згадаць, што набліжаўся сумна вядомы лістападаўскі плебісцыт 1996 года, які фактычна зрабіў неабмежаванай прэзідэнцкую ўладу ў Беларусі і перад якім незаконна быў пазбаўлены пасады і гвалтоўна выкінуты са свайго кабінета старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар, месца якога заняла Лідзія Ярмошына, якая дагэтуль ачольвае ЦВК і пры якой аніводная (!) выбарчая кампанія не была прызнаная беларускай і міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю.

    Магчыма, не апошнюю ролю сыграла і тое, што «Радыё 101,2» пэўным чынам паспрыяла абранню дзеяздольнага Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Па Мінску заставалася багата вакантных дэпутацкіх месцаў, бо народ на выбары не ішоў, а дзяржаўныя медыя фактычна ігнаравалі парламенцкую кампанію пасля таго, як вельмі адмоўна пра яе выказаўся Лукашэнка. Маўляў, сам ён галасаваць не пойдзе, бо «всё равно обманут». У асноўны дзень галасавання дадатковага тура мы прыдумалі аўдыёролік пра вядомых парасяткаў:

     — Ніф-Ніф!

     — Што, Нуф-Нуф?

    — Ты прагаласаваў?

    — Не!

    — Ну і свіння ж ты!

    Кажуць, што мінчукі, пачуўшы гэты ролік на нашай хвалі, пашыбавалі на выбарчыя ўчасткі, кампанія адбылася, а такі непажаданы для афіцыйнага кіраўніка дзяржавы парламент быў абраны. Падобнае правадыр не забывае і не даруе ніколі і нікому. Магчыма, і гэта мелася ім на ўвазе пад «антыдзяржаўнай палітыкай»?

    Сімвал радыёстанцыі. Аўтар малюнка мастак Сяргей Сялецкі

    «Радыё 101,2 FM» праіснавала крыху больш за год, але за такі непрацяглы час стала вельмі папулярным у сталіцы і ў Мінскай вобласці. А таксама паспяховым бізнес-праектам. Пашырыцца мы не паспелі — нам проста не далі гэта зрабіць. Як і рэалізаваць шмат іншых праектаў — як то стварэнне сваёй вялікай музычнай студыі, уласнай кавярні і гэтак далей.

    Баючыся свабоднага слова ў любым фармаце, улада прадэманстравала сваю «сілу» праз задушэнне таго самага свабоднага слова. Потым, цягам чвэрці стагоддзя, рэжым будзе яшчэ вельмі часта і шмат забараняць незалежныя выданні, радыёстанцыі, звальняць «непатрэбных» яму журналістаў з дзяржаўных СМІ — адным словам, «зачышчаць» інфармацыйную прастору. Афіцыйна ўжо ліквідавалі «Беларускую асацыяцыю журналістаў» (БАЖ), у краіне няма аніводнага незалежнага грамадска-палітычнага радыё і тэлеканала, немагчыма набыць друкаваныя недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні. Такое вось супадзенне — 25 гадоў таму знішчана «Радыё 101,2», роўна праз 25 год знішчаецца БАЖ. І кожным разам гэта адбываецца напярэдадні дня нараджэння нязменнага кіраўніка дзяржавы. А ці супадзенне гэта? Або такі своеасаблівы падарунак яму ад адданых падначаленых?  

    У гэтым будынку размяшчалася «Радыё 101,2». Аўтар фота: Liashko, commons.wikimedia.org

    … «Радыё 101,2 FM» змушана спыніла сваё вяшчанне 1 верасня 1996 года. Напярэдадні, 31 жніўня, апошняй у нашым эфіры стала кампазіцыя слыннага расійскага рок-гурта «Чайф» «Не спяшайцеся нас хаваць», які за некалькі месяцаў да гэтага быў у мяне ў гасцях у жывым эфіры ў нашай студыі на вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а. Мадэратары Вольга Бабак і Ірына Курапаткіна на развітанне папрасілі нашых слухачоў, хто за стырном, прасігналіць на знак салідарнасці з намі. Мінск скалануўся ад рову клаксонаў. А мы проста заплакалі…

    … Сумны юбілей. І яшчэ больш сумны таму, што за гэты час пайшлі ў лепшы свет некаторыя з тых, хто прысвяціў сябе «Радыё 101,2». Гэта журналісты Вольга Караткевіч і Юрась Бушлякоў, гукарэжысёр Уладзімір Сакульскі, рэкламны менеджар Ганна Вольская, бухгалтар Святлана Багачова. Светлая ім памяць. Як і памяць нашаму Радыё 101,2 FM…          

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці