• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Студзень-верасень 2021 года

      Беларускі ПЭН вядзе сістэмны збор інфармацыі аб рэалізацыі культурных правоў і выкананні правоў дзеячаў культуры. Са жніўня 2020 і па цяперашні час мы з’яўляемся сведкамі і дакумэнталістамі спланаванага і надзвычайнага ціску на беларускую грамадзянскую супольнасць і дзеячаў культуры ў прыватнасці. Гэта трагічны час для свабоды самавыяўлення, свабоды творчасці, свабоды думкі. Зацяжны грамадска-палітычны крызіс характарызуецца зневажаннем асноўных правоў і свабод чалавека, перасьледам за іншадумства, цэнзурай, атмасферай страху і выцясненнем з краіны прыхільнікаў пераменаў.

     “Галоўныя культурныя навіны зараз — эміграцыя, ліквідацыя культурных арганізацый, суды і арышты”.

    Максім Жбанкоў, журналіст і культуролаг

    Гэты дакумент змяшчае статыстыку парушэнняў. Ён падрыхтаваны на падставе абагульнення інфармацыі з адкрытых крыніц, камунікацыі з дзеячамі культуры за перыяд са студзеня па верасень 2021 года.

    АГУЛЬНЫЯ ВЫНІКІ

    За 9 месяцаў 2021 года зафіксавана:

    Колькасць парушэнняў за студзень-верасень большая за аб’ём сітуацый, зафіксаваных за ўвесь 2020‑ы год (593). Можна сцвярджаць, што ціск і рэпрэсіі, якія асабліва моцна выявіліся са жніўня 2020-га года, пачынаючы з перыяду прэзідэнцкай кампаніі, па-ранейшаму не слабеюць, набываюць новыя формы і закранаюць усё шырэйшае кола суб’ектаў культуры Беларусі.

    Дынаміка зафіксаваных парушэнняў з пачатку 2020 года:

    ПАЛІТВЯЗНІ

    Па стане на 30 верасня 2021 года 715 чалавек прызнаныя ў Беларусі палітычнымі зняволенымі. Сярод іх 60  дзеячы культуры:

    • Павел Севярынец — пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч, 25.05.2021 асуджаны да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Максім Знак — адвакат, паэт і аўтар-выканаўца песень, 6.09.2021 асуджаны да 10 гадоў узмоцненага рэжыму

    • мецэнат Віктар Бабарыка06.07.2021 асуджаны да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Ігнат Сідорчык — паэт і рэжысёр, 16.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі» (так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў па крымінальных артыкулах — абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу);

    • Мікалай Дзядок — актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 11.11.2020;

    • Юлія Чарняўская — літаратарка і культуролаг, з 20.05.2021 знаходзіцца пад хатнім арыштам (без магчымасці выхаду на вуліцу і якой-небудзь камунікацыі са знешнім светам, за выключэннем адваката);

    • Кацярына Андрэева (Бахвалава) — аўтарка кнігі і журналістка, 18.02.2021 асуджаная на 2 гады калоніі агульнага рэжыму;

    • Андрэй Пачобут — паэт і сябра «Саюза палякаў Беларусі», знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 27.03.2021;

    • Андрэй Аляксандраў — паэт, журналіст і медыяменеджар, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 12.01.2021;

    • Марыя Калеснікава — музыка і менеджарка культурных праектаў, 06.09.2021 асуджаная да 11 гадоў калоніі;

    •  Ігар Банцар — музыка, 19.03.2021 асуджаны на 1,5 гады «хіміі»;

    • Аляксей Санчук — бубнач, 13.05.2021 асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Анатоль Хіневіч — бард, 24.12.2020 асуджаны на 2,5 гады калоніі;

    • Аляксандр Васілевіч — менеджар культурных праектаў і бізнесмен, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 28.08.2020;

    • Эдуард Бабарыка — менеджар культуры, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.06.2020;

    • Іван Канявега — дырэктар канцэртнага агенцтва, 04.02.2021 асуджаны на 3 гады калоніі;

    • Мія Міткевіч — менеджарка культуры, 20.05.2021 асуджаная на 3 гады калоніі;

    • Лявон Халатран — менеджар культуры, 19.02.2021 асуджаны на 2 гады «хіміі»;

    • Анжаліка Борыс — старшыня «Саюзу палякаў Беларусі», знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 23.03.2021;

    • Алесь Пушкін — мастак, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 30.03.2021;

    • Сяргей Волкаў — актор, 06.07.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Даніла Ганчароў — мастак па святле, 09.07.2021 асуджаны на 2 гады калоніі;

    • Аляксандр Нурдзінаў — мастак, 05.02.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Уладзіслаў Макавецкі — мастак, 16.12.2020 асуджаны на 2 гады калоніі;

    • Арцём Такарчук — архітэктар, 20.11.2020 асуджаны на 3,5 гады калоніі;

    • Расціслаў Стэфановіч — дызайнер і архітэктар, 19.07.2021 асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Максім Таццянок — дызайнер, 26.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі»;

    • Павел Спірын — аўтар фільмаў і блогер, 05.02.2021 асуджаны на 4,5 гады калоніі;

    • Дзмітры Кубараў — UX/UI-дызайнер, 24.03.2021 асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Ксенія Сырамалот — паэтка і публіцыстка, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;

    • Яна Арабейка і Кася Будзько — студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, 16.07.2021 асуджаныя на 2,5 гады калоніі;

    • Марыя Каленік — студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў, 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;

    • Вікторыя Гранкоўская — былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ, 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;

    • Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў — танцоры, 10.06.2021 асуджаныя на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Анастасія Міронцава — мастачка, адлічаная з апошняга курсу студэнтка Акадэміі мастацтваў, 01.04.2021 асуджаная на 2 гады калоніі;

    • Святлана Купрэева — паэтка, каардынатарка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 11.06.2020 (згодна з інфармацыяй ад 12.10.21, Святлана Купрэева выйшла на волю 11.10.21 (правяла ў заключэнні 16 месяцаў));

    • Алесь Бяляцкі — літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст і праваабаронца, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 14.07.2021;

    • Андрэй Скурко — літаратар, музыка і аўтар журнала «Наша гісторыя», знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 08.11.2021;

    • Павел Ларчык — музыка, 09.07.2021 асуджаны на 3 гады калоніі

    • Іван Вярбіцкі — мастак, мультыплікатар, 15.03.2021 асуджаны на 8 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Уладзімір Мацкевіч — філосаф і метадолаг, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 04.08.2021;

    • Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пётр Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп і Дзмітры Шыманскі — музыкі, знаходзяцца ў Следчым ізалятары з 02.08.2021;

    • Андрэй Петровский — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, 25.08.2021 асуджаны на 1,5 гады калоніі;

    • Ксенія Луцкіна — гісторык, рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 22.12.2020;

    • Алесь Мінаў — літаратар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 25.08.2021;

    • Мікола Папека —  паэт, 08.06.2021 асуджаны на 2 гады «хіміі»;

    • Аляксандр Багданаў — менеджар культуры, музыка, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 02.09.2021;

    • Максим Крук — мастак, сцэнограф, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з  02.09.2021;

    • Артур Аміраў — музыка, дыджэй, 20.08.2021 асуджаны на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Дзмітры Падрэз — стрыт-арт мастак, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 15.07.2021;

    • Яўген Пятроў — музыка, 11.09.2021 асуджаны на 1 год калоніі;

    • Валерыя Касцюгова — аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 30.06.2021;

    • Яўген Крачкоўскі — аўтар праекту «Адвеку», знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 08.09.2021.

    Да крымінальнай адказнасці таксама прыцягнутыя: 

    Вольга Калацкая — перакладчыца, 24.03.2021 асуджана на 2 гады «хатняй хіміі»(так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў па крымінальных артыкулах — абмежаванне волі без накіравання у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу)

    Уладзімір Гундар — краязнаўца і актывіст, 20.05.2021 асуджаны на 3 гады калоніі; 

    Ганна Важнік — паэтка і музыка, 28.06.2021 асуджаная на 1 год «хатняй хіміі»; 

    Юлія Лаптовіч — бібліятэкарка, 04.08.2021 асуджаная на 3 гады «хатняй хіміі»; 

    Таццяна Мініна — дызайнерка, 12.08.2021 асуджаная на 4 гады «хатняй хіміі».

    Ігар Аліневіч — публіцыст, актывіст анархісцкага руху, знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 29.10.2020.

    За перыяд са студзеня па верасень 2021 года 42 дзеяча культуры былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці і атрымалі наступныя віды пакарання і тэрміны:

    З сярэдзіны чэрвеня дзеячы культуры, прысуджаныя да «хіміі», пачалі адбываць пакаранне: музыка Ігар Банцар, паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык, дызайнер Максім Таццянок, менеджар культуры Лявон Халатрян, паэт Мікалай Папека і музыка Максім Шаўлінскі (у верасні трапіў пад амністыю і быў вызвалены). Менеджар культуры Цімур Газізаў, асуджаны 20 верасня на 2 гады “хіміі”, знаходзіцца на волі да апеляцыі. 

    УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ

    Мы працягваем атрымліваць паведамленні аб парушэннях, звязаных з умовамі ўтрымання зняволеных. Пра тое, што для іх часцяком ствараюцца асабліва жорсткія ўмовы: асобныя ўздымы і праверкі ноччу, адсутнасць матрацаў, перанаселенасць камер, святло, якое можа гарэць суткамі, радыё, якое «ніколі не змаўкае», абразлівае стаўленне персаналу і забарона перадач, адсутнасць або неналежнае аказанне медыцынскай дапамогі, адмова ў шпіталізацыі, адмова ў прыёме неабходных медыцынскіх прэпаратаў, адмова ў спатканнях з роднымі, забарона займацца спортам (у камеры або ў перапынках на працы ў калоніі), умовы, якія спрыяюць заражэнню каронавірусам, змяшчэнне ў штрафны ізалятар, пастаноўкі на ўлік як «схільных да экстрэмізму ды іншым дэструктыўным дзеянням», што азначае больш жорсткае стаўленне: больш частыя праверкі камер, кайданкі падчас усіх перасоўванняў ды іншыя ўмовы, якія нярэдка вызначаюцца тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў няволі або выйшлі адтуль, як «камера катаванняў» і «нечалавечыя». 

    Усяго зафіксавана 80 паведамленняў пра ўмовы ўтрымання дзеячаў культуры ў месцах зняволення, якія могуць быць ахарактарызаваны як жорсткае і прыніжаючае годнасць абыходжанне. 

    ДОСТУП ДА КНІГ 

    Доступ да кніг у месцах зняволення падлягае асобным вывучэнню і аналізу. На сённяшні дзень мы фіксуем факты цяжкасцяў або непераадольных перашкод для людзей за кратамі ў атрыманні (доступе да) кніг: навучальных, мастацкіх, публіцыстычных ды інш. 

    Напрыклад, вядома, што:

    • У Віктара Бабарыкі няма доступу да турэмнай бібліятэкі – пра гэта ў сацыяльнай сетцы паведаміла яго адвакатка Наталля Мацкевіч. У Папраўчай калоніі №1 Наваполацка, дзе ён знаходзіцца, ёсць бібліятэка і права ў яе запісацца. Аднак умовы ўтрымання створаны такім чынам, што запісацца ў бібліятэку Віктар Бабарыка не мае магчымасці.
    • Аляксей Магілёўцаў, які знаходзіцца ў калоніі № 13 у г. Глыбокае, напісаў, што з мінулага года [2020] набываць літаратуру магчыма выключна праз адміністрацыю калоніі, а атрымліваць ад родных нельга.
    • Мікіту Емяльянава перавялі ў Магілёўскую калонію №4 — калонію строгага рэжыму. Там ён вырашыў купляць кнігі ў рознічнай сетцы, як гэта прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Аднак тое, што напісана ў законе, на практыцы працуе даволі цяжка, і толькі ў выніку трохмесячнай перапіскі магілёўскі «Букініст» адправіў Мікіту замову.
    • У Гомельскай калоніі ў Сафіі Малашэвіч з перадач адбіраюць падручнікі па французскай мове. 
    • «Кніг, на жаль, у чарговы раз купіць не атрымалася» — напісаў у лісце Эдуард Бабарыка, які знаходзіцца ў Следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў Мінску.
    • Марыя Калеснікава распавяла: «У Жодзіне для мяне не было кніг. У адміністрацыі патлумачылі гэта тым, што праблемы з кнігамі для мяне звязаныя са страхам, што ў іх ёсць нейкая інфармацыя, накшталт як у Леніна, «напісаная на малацэ» (нябачныя чарнілы)».

    МАСАВАЯ ЛІКВІДАЦЫЯ НЕКАМЕРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ У СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

    Трэці квартал 2021 года характарызуецца беспрэцэдэнтным ціскам на арганізацыі грамадзянскай супольнасці: праверкі, арышты рахункаў, вынясенне папярэджанняў, ліквідацыі без судовых рашэнняў і ў судовым парадку.

    За апошні год афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі пагрозы ў адрас грамадзянскай супольнасці. 10 красавіка кіраўнік Міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей адрэагаваў на абмеркаванне міжнародных санкцый так: «любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць, пра якую яны “клапоцяцца”, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана у дадзенай сітуацыі» (Макей о призывах к санкциям). 14–17 ліпеня прайшлі шматлікія ператрусы ў грамадскіх арганізацыях, партыях, у праваабаронцаў, незалежных экспертаў. За дзень да масавай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў 22 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «пад дзве тысячы на ​​невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Зараз азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі» (Лукашенко на совещании с Советом Министров). І 30 ліпеня, на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі, Лукашэнка канстатаваў, што «у выніку праведзеных мерапрыемстваў вызначаныя 185 дэструктыўных структур, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб’яднанне, 113 установаў» (Лукашенко на встрече с активом местной власти). 

    246 арганізацый грамадзянскай супольнасці ліквідуюцца ўладамі па стане на 30 верасня 2021 года (Ликвидация и приостановление деятельности ОГО 2021). Сярод іх – праваабарончыя, журналісцкія, асветніцкія, дабрачынныя, экалагічныя ды іншыя арганізацыі. 

    «Афіцыйна адказ» на міжнародныя санкцыі адбіўся і на арганізацыях сферы культуры. Мы адзначаем істотны рост парушэнняў у дачыненні да арганізацый і супольнасцяў у трэцім квартале бягучага года. 

    Рост парушэнняў у дачыненні да арганізацый і супольнасцяў ёсць вынікам «вайны», якая была абвешчаная грамадзкаму сектару ў адказ на пратэсты 2020 года і палітыку еўрапейскіх санкцый. Ціск на некамерцыйны сектар пачаўся восенню 2020 года і закрануў перш за ўсё праваабарончыя арганізацыі: ўзбуджэнне крымінальных спраў, «пошук» крыніц фінансавання, ператрусы ў офісах і ў супрацоўнікаў арганізацый. З траўня 2021 года пачаліся масавыя пазапланавыя праверкі Міністэрства юстыцыі. Так, у чэрвені намі былі зафіксаваныя першыя выпадкі праверак у дачыненні да арганізацый сферы культуры. Пад першыя праверкі трапілі «Беларускі ПЭН-цэнтр», «Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін (ІКАМОС)», «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”»,«Саюз беларускіх пісьменнікаў» ды іншыя. У арганізацый запатрабавалі беспрэцэдэнтны аб’ём інфармацыі, дакументаў. Пасля чаго Міністэрства юстыцыі ажыццяўляла ліквідацыю арганізацый у судовым парадку на розных малаважных падставах. Мы не ведаем ніводнага выпадка, калі б суд стаў на абарону інтарэсаў некамерцыйных арганізацый — позвы Міністэрства юстыцыі (Упраўленняў юстыцыі ў абласцях) аб ліквідацыі падлягаюць «безумоўнаму» задавальненню судамі. 

    Першыя ліквідацыі ў дачыненні некамерцыйных арганізацый культурнай сферы краіны зафіксаваныя намі пачынаючы з красавіка 2021 года. Так, яшчэ 19 красавіка «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў» Эканамічны суд Брэсцкай вобласці прыняў рашэнне аб ліквідацыі ТАА «Польская школа» (у межах кампаніі супраць польскіх меншасцяў і антыпольскай прапаганды). У маі ў Гродне было ліквідаваная культурна-асветніцкая ўстанова «Цэнтр гарадскога жыцця» (прычына — выстава Алеся Пушкіна, на якой нібыта была карціна, што падпадае пад закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму). У чэрвені стала вядома аб ліквідацыі ў Брэсце сацыяльна-культурнай установы «Тэатр Крылы Халопа» і культурна-асветніцкай установы «Грунт будучыні», 30 чэрвеня ўлады запатрабавалі спыніць у Беларусі дзейнасць Інстытута імя Гётэ і Германскай служба акадэмічных абменаў (DAAD) — асноўных арганізацый па вывучэнні нямецкай мовы і культуры ва ўсім свеце. У першых чыслах ліпеня было ліквідаванае брэсцкае Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», якое ладзіла фэст культуры ды іншыя культурніцкія мерапрыемствы.      

    Далей стала зразумела, што не трэба шукаць нейкіх «за што?»: суды па ліквідацыі грамадскіх арганізацый (калі таго патрабавала арганізацыйна-прававая форма НКА) зрабіліся шараговай з’явай, у той час як установы проста ставілі перад фактам іх ліквідацыі (бо ўстановы ліквідуюцца ў спрошчаным парадку). Так, 9 жнiўня Вярхоўным судом быў ліквідаваны «Беларускі ПЭН-цэнтр» — грамадскае аб’яднанне, створанае вядомымі літаратарамі яшчэ ў 1989 годзе, чалец міжнароднага ПЭН-Клуба; а кіраўніку установы «Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”» (арганізатар міжнароднага кінафестываля «Лістапад», форума тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» ды інш.) проста паведамілі аб факце ліквідацыі арганізацыі 25 жніўня 2021 года.

    Па стане на 30 верасня 2021 года, у гэтым маніторынгу зафіксаваная ліквідацыя як мінімум 77 некамерцыйных арганізацый, што мае на мэце стварыць адміністрацыйныя перашкоды для ажыццяўлення дзейнасці арганізацый, якія ўплываюць на развіццё культурнай сферы краіны. 

    1 кастрычніка таксама стала вядома аб ліквідацыі найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі, «Саюза беларускіх пісьменнікаў» — грамадскага аб’яднання, створанага ў 1934 годзе. Цягам ліпеня арганізацыя двойчы атрымлівала папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі, 14 ліпеня ў саюзе адбыўся ператрус з канфіскацыяй тэхнікі і дакументаў. Улады стварылі ўсе ўмовы (затрымка лістоў з апавяшчэннямі, апячатванне офіса і закрыццё доступу да дакументаў, кароткія тэрміны на збор інфармацыі, якая была запатрабаваная), каб Саюз фізічна не здолеў сабраць і падаць ўвесь аб’ём запатрабаванай Мінюстам інфармацыі. Суд палічыў гэта праблемай арганізацыі, і ў канцы пасяджэння пракурор зачытаў загадзя, як палічылі многія з прысутных у залі, падрыхтаванае рашэнне аб ліквідацыі «Саюза беларускіх пісьменьнікаў».

    СТРУКТУРА ПАРУШЭННЯЎ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ І ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ 

    Пераслед за іншадумства займае першы радок у «рэйтынгу» парушэнняў. Пераследуючы дзеячаў культуры за пазіцыю, адрозную ад той, што транслюецца дзяржапаратам, на іх ажыццяўляюцца ўсе формы ціску: ад звальнення да затрымання і крымінальнага пераследу. За 9 месяцаў 2021 года зафіксаваныя:

    ⮚ Адвольныя затрыманні — 200 выпадкаў за перыяд;

    ⮚ Ператрусы — 94 выпадкі (111 з улікам арганізацый);

    ⮚ Крымінальныя пераследы — 69 выпадкаў; 

    ⮚ Канфіскацыі (канфіскацыя маёмасці) — 75 выпадкаў;

    Звальненні / не падаўжэнне кантракту — 64 выпадкі;

     Вымушаная эміграцыя — 62 выпадкі;

    ⮚ Выклікі на допыты, цэнзура, дэпартацыі, адлічэнні з навучальных установаў, адмысловая агляды пры перасячэнні мяжы, арышты банкаўскіх рахункаў, «прафілактычныя» гутаркі Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі ды інш. 

    СУМНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ

    Для жыцця і творчасці ў краіне ў сітуацыі пераследу за іншадумства і пастаянных рэпрэсій характэрныя наступныя з’явы:

    – самацэнзура: «удзельнікі гурта вырашылі не публікаваць песню, бо асцерагаюцца пераследу з боку ўладаў», «прайшоў закрыты паказ спектакля», рэдактар «ладзіць унутраную цэнзуру на прадмет “экстрэмізму” ўсіх кніг, якія плануе выдаваць», «праз адчуванне небяспекі адмовілася ўдзельнічаць у фэсце», «песнямі пратэсту лепш не дзяліцца тым, хто застаецца на радзіме» ды інш.;

    – перамяшчэнне «прадукта беларускай культуры» за мяжу: «прэм’ера ў Беларусі не запланаваная», «на жаль, у Беларусі паказаў пакуль што не плануецца», «”Рэвалюцыю” беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча паставяць у нямецкім тэатры», «у Кіеве адбылася прэм’ера спектакля па матывах рамана Сашы Філіпенкі “Былы сын”» і г.д .;

    – апроч вымушанага ад’езду з краіны ў мэтах асабістай бяспекі, з’язджаюць з краіны творчыя людзі і ў мэтах самарэалізацыі. Так, у Вільні прайшоў першы спектакль з удзелам актораў Гродзенскага тэатра, якія страцілі працу ў Беларусі; Павел Харланчук з’ехаў з Беларусі і далучыўся да трупы Маскоўскага Губернскага тэатра Сяргея Бязрукава ды іншыя прыклады;

    – фактычна «забарона на прафесію» у Беларусі: немагчымасць займацца справай жыцця, што асабліва актуальна для дзеячаў культуры, звольненых з дзяржаўных устаноў культуры;

    – таксама мы ведаем пра існаванне вялікага шэрагу рэпрэсій, якія застаюцца незаўважанымі. Дзеячы культуры (асабліва тыя, што жывуць у рэгіёнах) застаюцца сам-насам з ціскам і рэпрэсіямі, але ніяк гэтага не афішуюць дзеля таго, каб была магчымасць заставацца ў краіне і працаваць далей — хоць бы і ў іншым месцы, а не там, адкуль творца быў (-ла) раней звольнены (-ая);

    – страх дэманстрацыі сваёй ідэнтычнасці — напрыклад, польскай (у сувязі з сітуацыяй стыгматызацыі палякаў і агульнай антыпольскай палітыкай).

    ЗАБАРОНА НА ПРАФЕСІЮ

    Асобна неабходна спыніцца на тэндэнцыі «забароны на прафесію». Феномен «чорных спісаў» — пералік музыкаў, літаратараў ды іншых дзеячаў культуры, якім фактычна забаронены свабодны распаўсюд прадуктаў іх творчасці — вярнуўся ў беларускую рэчаіснасць у 2021 годзе: адмовы ў выдачы гастрольных пасведчанняў музыкам, немагчымасць зладзіць аўтограф-сэсіі ў дзяржаўных кнігарнях аўтарам кніг ды іншыя сітуацыі забаронаў. Ці бачыў хто-небудзь з творчых людзей свае імёны ў такіх спісах на свае вочы раней? —  гэта застаецца пытаннем. Тым часам, 5 жніўня ў праўладным Telegram-канале былі апублікаваныя спісы «непажаданых» асобаў. Большая частка імёнаў у іх (больш за 320 чалавек) —  былыя супрацоўнікі дзяржаўных установаў, якія звольніліся на тле прэзідэнцкіх выбараў: журналісты, рэдактары, фотакарэспандэнты, выканаўцы, акторы, вядучыя, спартоўцы ды інш. Яшчэ 43 прозвішчы пазначаныя ў катэгорыі «творчыя работнікі, якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных арганізацый» —  і тут музыкі, прадусэры, менеджэры культуры, рэжысёры, музычныя калектывы ды іншыя. Агулам як мінімум 150 асобаў з гэтых спісаў маюць дачыненне да сферы культуры. Падобна на тое, што з’явіліся яны яшчэ ў пачатку лістапада 2020 года, але ўвесь час папаўняліся новымі імёнамі. Асноўная ідэя, якая суправаджае распаўсюд дадзенага «дакумента», палягае на тым, што асобы са спісаў — гэта «здраднікі», з якімі немэтазгодна распачынаць працоўныя адносіны». Ёсць інфармацыя, што лісты з «рэкамендацыяй» не наймаць гэтых людзей паступілі і ў беларускія кадравыя агенцтвы.       

    АДКАЗНАСЦЬ ЗА КАМЕНТАРЫ, АБО «УСІМ МАЎЧАЦЬ!»

    Практыка прыцягнення да адказнасці (адміністрацыйнай, крымінальнай) за каментары да грамадска-палітычных падзей (рэзанансных) у сацыяльных сетках развіваецца на працягу ўсяго 2021 года. Гэтая практыка таксама патрабуе асобнага і дэталёвага даследавання, бо яна набывае маштабны і спланаваны характар.

    Так, 28 верасня 2021 г. у Мінску трагічна загінулі IT-спецыяліст і супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Па ўсёй краіне пачаліся затрыманні людзей, якія выказаліся ў сацыяльных сетках на адрас апошняга. Праз тыдзень, 6 кастрычніка, было афіцыйна паведамлена, што «выяўленыя» 200 каментатараў, а 136 чалавек, якіх да таго моманту ўжо затрымалі і змясцілі пад арышт, знаходзяцца ў статусе падазраваных па крымінальных артыкулах: арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, што была здзейсненая ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт).    

    Затрыманні ажыццяўляліся на тле публічных заклікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь да «неабыякавых» грамадзянаў дасылаць інфармацыю, сведчанні выказванняў — для таго, каб «выкрыць мярзотнікаў» і «супольнымі намаганнямі пакараць іх максімальную колькасць». 

    ТЭНДЭНЦЫІ, ЯКІЯ ПАТРАБУЮЦЬ ДАДАТКОВАГА ВЫВУЧЭННЯ

    «Мова варожасці»

    Цягам 2021 года мы назіраем практыку запалохвання, якой карыстаюцца дзяржаўныя службовыя асобы і дзяржаўныя СМІ. Мы лічым, што дадзеная тэма патрабуе асобнай увагі, асэнсавання і адмысловага даследавання.

    Культура памяці і «скажэнне гісторыі»

    Нароўні з дыфамацыйнымі практыкамі на адрас людзей і арганізацый, «зарэкамендавала» сябе на дзяржаўным узроўні і шырокамаштабная кампанія па скажэнні гісторыі: дыскрэдытацыя «непажаданых» гісторыкаў, сімвалаў і фальсіфікацыя гістарычных фактаў і падзеяў. Так, толькі за даследаваны перыяд 2021 г. стала вядома аб звальненнях не лаяльных дзяржаве гісторыкаў з Полацкага, Магілёўскага, Беларускага дзяржаўных універсітэтаў, а настаўнік гісторыі са Смаргоні, які расказваў на ўроку вучням 11-га класа пра бел-чырвона-белы сцяг, у канцы жніўня быў асуджаны да 1,5 гадоў калоніі. З бібліятэкаў прыбіраюць кнігі пра ваенную гісторыю выдавецтва «Харвест» (у прыватнасці, кнігі Віктара Ляхара «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» і «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры»), а замест іх у бібліятэкі рассылаецца і займае паліцы крамаў «сацыяльна значная кніжная прадукцыя» — з ідэалагічна выверанай трактоўкай пэўных гістарычных падзеяў (што тычыцца, напрыклад, ідэі паланізацыі тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы ў ролі акупанта). Новыя падручнікі па гісторыі Беларусі для 11‑х класаў (якія не паспелі нават раздрукаваць і раздаць па школах да пачатку навучальнага года) перапісаныя выключна з мэтай дыскрэдытацыі бел-чырвона-белай сімволікі і лозунга «Жыве Беларусь!» (нібыта, аналагу вітання «Хайль Гітлер!») у вачах старшакласнікаў. Ажыццяўляецца мэтанакіраваная спроба засваення антызаходняй культурнай палітыкі: у красавіку 2021 года Генеральны пракурор распачаў крымінальнаую справу аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў перыяд Другой сусветнай вайны. Па словах гомельскага гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава, такое супрацьстаянне нейкаму абстрактнаму Захаду — чыста ідэалягічная канструкцыя, якая мусіць адцягнуць увагу грамадзянаў ад злачынстваў, здзейсненых пасля жніўня 2020 года, на злачынствы Другой сусветнай вайны.

    НОВЫЯ ФАКТЫ І СТРАТЫ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

     Спіс прадуктаў, прызнаных экстрэмісцкімі (кніга Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас» была прызнаная экстрэмісцкай; па кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» было дадзена заключэнне, што яна змяшчае «прыкметы праяваў экстрэмізму») узбагаціўся кліпам: 22 ліпеня экспертная абласная камісія прызнала кліп на песню «Баю-бай» гурта «Дай Дарогу!» экстрэмісцкім.

    ⇒ Творы Святланы Алексіевіч, Аляксандра Салжаніцына і Уладзіміра Набокава выключаныя са школьнай праграмы па літаратуры для 11 класа. Творы Салжаніцына і Набокава раней уваходзілі ў раздзел «дысідэнцкая літаратура», а ў раздзеле «Проза. Чалавек і вайна» у новай праграме замест Алексіевіч пазначаны старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.  

     Да канца 2021 года беларускія ўлады плануюць скараціць 20% работнікаў сферы культуры (НАУ: До конца года планируется сократить каждого пятого работника культуры) (на сёння ў гэтай галіне працуюць 65,5 тысячаў чалавек). Міністэрства культуры тлумачыць, што гэта «аптымізацыя колькасці арганізацый культуры і скарачэнне штатных адзінак». Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтва, таксама ў мэтах «аптымізацыі», ліквідаваў (расфармаваў) кафедру этналогіі і фальклору, пра што стала вядома ў першых чыслах верасня. Да моманту расфармавання кафедра паспела адпрацаваць 20 гадоў.

    МЫ ТАКСАМА ПРАЦЯГВАЕМ ФІКСАВАЦЬ

      Дыскрымінацыю па прыкмеце беларускай мовы.

      Мэтанакіраваную дыскрэдытацыю дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ.

    ⮚ Прыцягненне да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за карыстанне нацыянальнай сімволікай (бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня») і за выкарыстанне вольных варыяцый спалучэння колераў гэтай гістарычнай сімволікі: мы паспелі зарэгістраваць ужо больш за 450 выпадкаў па ўсёй краіне за акрэслены перыяд; прыцягненне да адказнасці за ўдзел у акцыях салідарнасці пратэстнага руху.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці