Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія дзяржаўныя СМІ страцілі сур'ёзную частку супрацоўнікаў. У знак пратэсту супраць фальсіфікацый і гвалту дзясяткі работнікаў газет, радыё і тэлеканалаў вырашылі звольніцца. На нейкі час у Мінск нават прыязджала група з расійскага тэлеканала RT — дапамагчы "ў цяжкую хвіліну".
Але падначаленыя Маргарыты Сіманьян ужо з'ехалі, а камплектаваць штат неяк трэба. Колькіх супрацоўнікаў не хапае дзяржаўным СМІ і каго яны шукаюць, высвятляла "Еўрарадыё".
«Стаж, які патрабуецца, — 10 гадоў»
У дзяржаўнай службе занятасці зарэгістравана 17 вакансій выдавецкага дома «Беларусь сегодня», у які ўваходзяць газета «СБ. Беларусь сегодня», «Рэспубліка», «Сельская газета», «Альфа-Радио» і яшчэ некалькі медыя.
Напрыклад, патрабуюцца адразу чатыры аглядальнікі. Патрабаванне — «стаж працы ў друкаваных СМІ не менш за 10 гадоў». Таксама патрэбныя па два ўласныя карэспандэнты і стылістычныя рэдактары. Акрамя таго, шукаюць карэктараў, рэдактараў, сістэмных адміністратараў і іншых работнікаў.
Вядоўцу для «Альфа-Радио» шукаюць на заробак ад 265 рублёў.
Наогул, зарплаты ў гэтых вакансіях заяўлены больш чым сціплыя. Напрыклад, ад 465 рублёў для аглядальніка. Тут галоўны газетны холдынг какетнічае: па звестках Еўрарадыё, супрацоўнікі «Беларусь сегодня» атрымліваюць больш, многія з тых, хто піша, — больш за сярэднюю зарплату па краіне.
Агенцтва «Минск-Новости», якое займаецца навінавым сайтам, радыё і дзвюма газетамі, у службе занятасці вакансій не размяшчала, але шукае работнікаў праз іншыя сэрвісы. У тым ліку — карэспандэнтаў. Ёсць вакансіі і ў ваенным інфармагенцтве «Ваяр».
БТ: трэба 10 карэспандэнтаў і 11 рэдактараў
Больш як 100 чалавек не хапае ў Белтэлерадыёкампаніі. Яна зарэгістравала ў дзяржаўнай службе занятасці адразу 103 вакансіі. Медыяхолдынг шукае спецыялістаў практычна ва ўсіх галінах: маркетолагаў, сакратароў, гукарэжысёраў, інжынераў, прадзюсараў, палітычных аглядальнікаў. Адкрыта адразу 10 вакансій для карэспандэнтаў і 11 — для рэдактараў.
Спецыфічных патрабаванняў у апісаннях вакансій наймальнік не пазначае. Чым яны будуць займацца, таксама не да канца зразумела. Напрыклад, шукаюць «галоўнага дырэктара», але якой з дырэкцый — не напісана.
Заробкі, як і ў выпадку з «Беларусь сегодня», пазначаны маленькія: самы высокі — для таго ж «галоўнага дырэктара» (ад 465 рублёў). У цэлым жа абяцанні пачынаюцца ад «мінімалкі». Ну а далей, магчыма, як хто дамовіцца з працадаўцам.
Вакансій ад АНТ і СТБ афіцыйна ў службе занятасці не зарэгістравана. Пры гэтым на сайце СТБ паведамляецца пра тое, што яны шукаюць рэжысёра і графічнага дызайнера.
Мяркуючы па сайце АНТ, вакансіі там таксама ёсць: для інжынераў, рэдактараў, карэспандэнтаў і прадзюсараў. Звестак пра агульную колькасць пустых ставак і магчымыя заробкі тэлекампанія не публікуе.
Акрамя таго, сёння шукаюць супрацоўнікаў многія рэгіянальныя дзяржвыданні. Аднак у іх хранічны дэфіцыт кадраў, ён назіраўся задоўга да палітычнага крызісу.