• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іосіф Сярэдзіч: З намі — ПРАЎДА!

    У нашай сям’і хлусня лічылася вялікім грэхам. Паводле такога няпісанага закона жыла і ўся вёска. Калі заводзіўся нейкі нячысцік, то ў вачах людзей ён губляў нават малейшую прыстойнасць.

    І вось ужо восьмы дзясятак гадоў я іду поруч з ПРАЎДАЙ. Нямала чаго спасціг на сваім пакручастым шляху. Не аднойчы даводзілася рызыкаваць не толькі кар’ерай, але і жыццём, адстойваючы СПРАВЯДЛІВАСЦЬ, пратэстуючы супраць усялякага роду падману, ашуканства. Не раз уступаў у небяспечную схватку з рознымі высокімі бонзамі, якім ПРАЎДА калола вочы, якія на рэчаіснасць глядзелі праз ружовыя акуляры. Калі б не добра вядомы старэйшаму пакаленню Пётр Міронавіч Машэраў, магчыма, і не пісаў бы я гэтыя радкі.

    Менавіта ён, тагачасны першы сакратар ЦК КПБ, чый аўтарытэт у народа быў бясспрэчны, заступіўся за мяне, маладога журналіста, калі я вывеў на чыстую ваду не толькі авантурнага дырэктара саўгаса з Сенненскага раёна, але і паказаў агіднае нутро не менш авантурнага партыйнага начальніка, адно прозвішча якога наводзіла жах на аграрнікаў рэспублікі.

    Нялёгка і няпроста адстойваць ПРАЎДУ, але без яе не можа быць шчаслівага жыцця. І такі краевугольны пастулат з разуменнем успрымаюць усе сумленныя людзі. У той жа час крыўдна і балюча, калі з гэтым агульначалавечым прынцыпам не лічацца тыя, хто ў нас на вяршыні ўлады. Дваццаць шосты год на інфармацыйным полі Беларусі існуе газета “Народная Воля”.

    За што яна, небарака, раз-пораз трапляе ў палон? Чаму ёй, любімай шырокай чытацкай аўдыторыяй, даводзілася друкавацца то ў Вільнюсе, то ў Смаленску, то нават у Маскве? Сталыя яе прыхільнікі самі могуць беспамылкова адказаць на гэтыя пытанні. Для ўсіх відавочна адно: “Народная Воля” пакутуе з‑за сваёй прынцыповай пазіцыі. Так, рэдакцыйны калектыў застаецца верным свайму Кодэксу гонару. Ён такі:

    Мы служым не ўладзе.
    Мы служым не партыям.
    Мы служым не алігархам.
    Мы служым не апазіцыі.

    Мы служым свайму сумленню.
    Мы служым Свабодзе Слова.
    Мы служым Дэмакратыі,
    якая на першае месца ставіць
    сілу закона, а не закон сілы.

    Мы служым Чалавеку, які
    мае не толькі абавязкі, але і правы.
    Мы служым паважаным чытачам.
    Мы служым ПРАЎДЗЕ і роднай Беларусі!

    Гэта не проста пафасныя словы. За імі – наша насычанае творчымі пошукамі і штодзённымі клопатамі журналісцкае жыццё, вялікая адказнасць як перад сваім сумленнем, так і перад законам. Для нас, народавольцаў, галоўнае – рэальныя факты, а не прапагандысцкае пустазвонства. З намі – ПРАЎДА, а не хлусня, мы не займаемся замбіраваннем, абалваньваннем людзей, а імкнёмся аб’ектыўна расказваць пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой. Плюралізм меркаванняў, поглядаў, пазіцый – крэда газеты. Спытаецеся: ці магла “Народная Воля” абмінуць тэму прэзідэнцкіх выбараў? Вядома ж, не.

    Не маўчала яна напярэдадні 9 жніўня, калі на вачах усяго свядомага люду ўлады нахабна не пускалі ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партый, грамадскіх рухаў. Народным пратэстам адгукнулася газета, калі ўсплылі сотні, тысячы фактаў фальсіфікацый падчас падліку галасоў. Пяты месяц мужныя беларусы, нягледзячы на жудасныя рэпрэсіі, адстойваюць СПРАВЯДЛІВАСЦЬ, патрабуючы правядзення новых, па-сапраўднаму дэмакратычных выбараў. І “Народная Воля” – разам з народам, яна з нумара ў нумар занатоўвае ўсе драматычныя падзеі, звязаныя з нялёгкім змаганнем свядомай часткі грамадства за свае правы, за Беларусь заўтрашняга дня.

    Ці ж можна маўчаць, калі ўжо каторы месяц ліецца кроў! Толькі словы ПРАЎДЫ могуць спыніць той звярыны гвалт, які па ўказцы ўлад чыніцца над удзельнікамі мірных пратэстных акцый. Вось чаму ў адным з папярэдніх нумароў “Народная Воля” вынесла на першую паласу такія трывожна-драматычныя радкі: “Усяго за час пратэстаў, звязаных з беспрэцэдэнтнымі фальсіфікацыямі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, загінулі альбо былі знойдзены нежывымі як мінімум 5 дэманстрантаў, больш за 1600 заявілі пра катаванні ў РУУСах і турмах, больш за 1400 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Да сённяшняга дня ніводная крымінальная справа па гэтых фактах не была ўзбуджана, у тым ліку па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, карціна смерці якога ясна аднаўляецца на відэа”.

    Я не разумею ўлады, якія хаваюць ПРАЎДУ ад народа. Іх бяздумныя рэпрэсіўныя дзеянні выклікаюць рашучы пратэст у мільёнаў беларусаў і шырокай міжнароднай грамадскасці. Пра якія дыялогавыя пляцоўкі можна гаварыць, калі ў краіне ганебна блакіруецца СВАБОДА СЛОВА. Каб заткнуць рот “Народнай Волі”, пазбавіць многія тысячы яе чытачоў праўдзівай інфармацыі, улады яшчэ ў канцы жніўня бессаромна выкінулі выданне з друкарні, забаранілі распаўсюджванне праз сістэму “Белпошты” і “Белсаюздруку”.

    А калі ўбачылі, што рэдакцыі ўдалося ўратаваць газету, наладзіўшы яе тыражаванне ў маскоўскай друкарні, уступілі ў змову з расійскімі імперцамі, якія вымусілі сваіх паліграфістаў скасаваць дамову з намі. У апошнія тыдні “Народная Воля” выдаецца толькі ў электронным варыянце і размяшчаецца на сайце www.nv-online.info. Не згінула газета! І не згіне! У век цывілізаваных тэхналогій СВАБОДНАЕ СЛОВА не задушыць! Спадзяёмся, у хуткім часе чытачы зноў будуць трымаць у руках папяровы варыянт “Народнай Волі”.

    Скажыце, калі ласка, што ж гэта ў нас за ўлады, якія ў XXI стагоддзі ваююць са сваім народам? І што ж гэта за ўлады, якія аб’явілі вайну газеце, што выступае за ПРАЎДУ, за тое, каб не лілася на вуліцах і плошчах кроў, каб дзякуючы дэмакратычнаму волевыяўленню людзей у краіне былі мір і ўсе ўмовы для шчаслівага жыцця народа?

    Так, не з лепшым настроем сустракаем мы, народавольцы, Новы год. Але, скажу шчыра, не падаем духам, не становімся на калені! Выжывем! Прарвём, абавязкова прарвём ганебную блакаду! З намі – ПРАЎДА! А гэта найвялікшая сіла.

    Іосіф Сярэдзіч
    заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”

    Публікацыя – з № 102 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці