• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бездараж, інтэрнаты, дэфіцыт. Калярытныя фота з гісторыямі пра жыцьцё ў СССР

    Валерый Рашатняк вёў падвойнае жыцьцё. Афіцыйна працаваў інжынэрам у Кіеве, а ў вольны час фатаграфаваў сапраўднае жыцьцё звычайных людзей у СССР. Ён распавёў украінскай службе Радыё Свабода гісторыю сваіх здымкаў.

     «Ніхто з маіх калег па працы ня ведаў, чым я займаюся. Гэта была своеасаблівая форма дысыдэнцтва», — распавядае Рашатняк. Ён разумеў, што яго фота нідзе не надрукуюць і ня выставяць. Упершыню ягоныя фатаздымкі апублікавалі толькі ў канцы 80‑х гадоў падчас «перабудовы». Тады ж ён разам зь іншымі фатографамі-дакумэнталістамі заснаваў аб’яднаньне «Погляд». Ягоныя фота выстаўляліся ў Кіеве, Маскве, Даніі і ЗША. Пасьля распаду СССР перайшоў у камэрцыйную здымку, выкладаў фатаграфію.

    1982–1988. Сумская вобласьць. Настаўнік пасьля ўрокаў вяртаецца дадому. Па гэтай дарозе хадзіў у школу і я. Асьвятленьня не было. Каб не пакінуць кірзавыя боты ў гэтай гразі, мы сьвяцілі ліхтарыкам. Але не заўсёды былі батарэйкі. Тады мы падпальвалі запалкі і хавалі іх у рукавы, каб вецер на патушыў — так падсьвечвалі. Гэтая дарога не зьмянілася дасюль. Рабіць яе няма для каго — у вёсцы засталося вельмі мала людзей.

    1977–1987 гады. Зьлева — элітны пасажырскі транспарт. У такіх санках мог езьдзіць старшыня калгасу або мясцовыя «князі» з КПСС. Селяніну іх давалі толькі ў самы крытычны момант. Напрыклад, адвезьці хворага ў бальніцу. Узімку не было іншага транспарту, акрамя саней — большасьць дарог ня чысьцілі.

    1987–1991 гады. Данбас. Калі мы зайшлі ў гэты велізарны завод, я ўбачыў толькі шэрую зямлю, кучу арматуры і бясконцыя трубы. І раптам аднекуль вынырнула постаць: у шэрай ватоўцы і кірзавых ботах. Я адразу падумаў, што там працуюць рабы.

    1983–1986 гады. Дзяцей пастаянна рыхтавалі да вайны — гэта была аснова савецкага ідэалягічнага выхаваньня. Звычайных цацак было вельмі мала, але на ваенную тэматыку — процьма. Калі прыгледзецца, акрамя аўтамата зьлева, можна ўбачыць яшчэ і цацачны БТР.

    1987 год. «Хлеб усяму галава», — казалі ў Савецкім Саюзе. Усе людзі на фота, відавочна, перажылі Галадамор 1932–33 гадоў. Мой бацька і калега па працы распавядалі, як іх ледзь ня зьеў мясцовы канібал.

    1987 год. Гэта звычайны воз, на якім вазілі Бог ведае што: на яго кінулі брызэнт і звалілі хлеб. Праўда, тады ніхто з гэтага трагедыі не рабіў.

    1987–1992 гады. На фота бацька з двума сынамі і жонкай. У жанчын у вёсцы лёс цяжэйшы, чым у мужчын. Уся гаспадарка і побыт — на іх плячах.

    1977–1982 гады. Апошнія жыхары ліквідаванай беларускай вёскі. Не жадаючы падтрымліваць інфраструктуру для маленькіх вёсак, савецкая ўлада перасяляла іх жыхароў. Гэтая сямʼя не захацела пакідаць «непэрспэктыўную» вёску. Людзі на фота хацелі памерці там, дзе нарадзіліся. Мужчына — бяз правай нагі, не было ў яго і пратэзу — клыпаў на мыліцах.

    1989–1992 гады. Дзеці ў вёсках хацелі як мага хутчэй вырвацца ў горад. Яны ўжо ведалі, што такое цяжкая праца. Але да 1974 году пакінуць вёску было амаль немагчыма. Сялянам не давалі пашпартоў — гэта было афіцыйнае рабства. Нават каб паехаць у горад па справах, трэба было ўзяць даведку. Трэба было мець вялікі блат, каб дзеці атрымалі пашпарт. Усе, каму ўдалося вырвацца зь вёскі, у асноўным апынуліся ў інтэрнатах.

    1987–1990 гады. Інтэрнат № 5 у Кіеве. Большасьць рабочых былі выхадцамі зь вёсак і ня мелі свайго жыльля. Савецкія арганізацыі будавалі для іх таннае жыльлё: доўгі калідор, пакоі па 4–6 ложкаў, на паверх адна агульная кухня і прыбіральня. Душавая (нешта накшталт грамадзкай лазьні) толькі адна. Хоць гэта было часовае жыльлё, большасьць людзей падчас «перабудовы» не пасьпела атрымаць дзяржаўныя кватэры, і вымушана была жыць у інтэрнатах усё жыцьцё.

    1985–1990 гады. Гэты хлопчык да гэтага часу жыве ў гэтым пакоі інтэрнату ўжо са сваім сынам і жонкай. Яго мама зь сястрой — у суседнім. Клапатлівы тата даўно сышоў да іншай жанчыны.

    1985–1990 гады. Прыёмная ў Львове. Людзі прыйшлі задоўга да адкрыцьця і відавочна ня першы раз. У такіх установах можна было вельмі доўга чакаць чыноўніка і пайсьці з пустымі рукамі.

    1985–1990 гады. «Дэфіцыт выкінулі». У СССР ледзь ня большасьць тавараў для звычайных грамадзян былі дэфіцытнымі. Каб дастаць «дэфіцыт», трэба было ведаць «патрэбных» людзей. Часьцей за ўсё перад дзяржаўнымі сьвятамі здараліся цуды — дэфіцыт «выкідалі». Часта прадавалі з чорнага ўваходу крамы. Але «сарафаннае радыё» дзейнічала. У доўгіх чэргах часта здараліся канфлікты, калі нейкі разумнік хацеў пралезьці наперадзе ўсіх.

    1987–1989 гады. Амэрыканец прыехаў. Позьняя «перабудова». У Кіеўскім доме моды зладзілі паказ мод для толькі аднаго амэрыканскага бізнэсоўцы (мужчына без валасоў па цэнтры). Перад замежнікамі тады адчынялі ўсе дзьверы. Пазьней высьветлілася, што гэты амэрыканец «філёзаф» і былы гіпі. Урэшце ў Амэрыку ён павёз ватовыя целагрэйкі, авоські і шапкі-вушанкі.

    Зь іншымі фатаздымкамі Валерыя Рашатняка можна азнаёміцца тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці