• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сюрпрызы Сяргея Ціханоўскага. Хто гэты чалавек?

    Выглядае на тое, што ў беларускую палітыку вярнулася інтрыга, якая амаль паспела знікнуць пасля сыходу Паўла Севярынца з праймерыз. Гэтым разам у перадвыбарчую гульню ўварваўся цяжкавагавік з 90 тысячамі падпісчыкаў на ютуб-канале “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі.

    Сяргей Ціханоўскі

    Гэты блогер за няпоўны год змог напрацаваць вялікую аўдыторыю і стаць адным з найбольш пазнавальных апазіцыянераў. Трэба сказаць, што ягоны паход у вялікую палітыку можа стаць непрыемным сюрпрызам не толькі для канкурэнтаў з апазіцыйнага лагеру, але і для ўладаў.

    Гамяльчук Сяргей Ціханоўскі ўвайшоў у медыйную сферу вельмі імкліва. Спачатку ён быў героем аднаго з журналісцкіх матэрыялаў на сацыяльную тэматыку. Паводле падзабытага сюжэту, ён як бізнесовец імкнуўся надаць другое жыццё былому купецкаму дому ХІХ ст. у вёсцы Агародня-Гомельская Добрушскага раёна. Але ягоныя мары пра агратурызм былі перакрэсленыя самадурствам мясцовых чыноўнікаў. Матэрыял атрымаўся рэзанансным, а Сяргей Ціханоўскі з прадпрымальніка раптам перакваліфікаваўся ў відэаблогеры.

    Неўзабаве ў Гомелі многія сталі пазнаваць гэтага чалавека на белым BMW з расейскімі нумарамі, які кідаўся асвятляць любую гарачую тэму. Калегі па блогерскім цэху і журналісты паставіліся да гэтага чалавека з падазрэннем, паколькі ён з нуля змог стварыць і раскруціць папулярны ютуб-канал. Цікава, што паступова канал блогера стаў запаўняцца палітычнымі відэасюжэтамі, стрымамі і размовамі з вядучымі беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі.

    Якасны гук і карцінка, распаўсюд тавараў з лагатыпам канала, а таксама пераборлівы падыход што да гасцей эфіраў зрабілі з Ціханоўскага аднаго з самых вядомых палітычных блогераў у Беларусі. Што цікава, з кожным стрымам чалавек з невыразнай ідэнтычнасцю і размытай палітычнай ідэалогіяй эвалюцыянаваў у бок беларускага патрыёта.

    Прынамсі, старанна дэманстраваў такую эвалюцыю. Уся блогерская дзейнасць Ціханоўскага — прыклад вельмі прадуманай палітычнай кампаніі, якая не мае на мэце дзяжурнае адбыванне нумару. Чаго вартыя нават назва ягонага каналу “Краіна для жыцця”, лагатыпы, акцыі, прасоўванне вобразу клапатлівага і гаспадарлівага чалавека, які ўмее лічыць грошы і ведае, куды рухацца краіне.

    Ціханоўскі адзначыўся і правядзеннем аднаго з масавых мітынгаў у Гомелі падчас прамінулых парламенцкіх выбараў. Ён увесь час крэатывіць з формамі афлайнавай дзейнасці. Згадайма ягоныя прагулкі па набярэжнай Сажа ў Гомелі па нядзелях, спробу запусціць флэшмоб “STOP 12”, а таксама вандроўную тэлестудыю на колах, якая гэтымі днямі здзяйсняе аўтапрабег па рэгіёнах Беларусі. І паўсюль ён сустракае ўдзячных падпісантаў, якія, акрамя агульнай незадаволенасці ўладамі, рэтранслююць жаданне бачыць Ціханоўскага прэзідэнтам.

    Такім чынам, заява пра ягоны паход у прэзідэнты была справай часу. І гэта здарылася. Блогер заявіў, што гатовы стаць адным з кандыдатаў пратэсту, то бок удзельнічаць у кампаніі, прапанаванай палітыкам Міколам Статкевічам. Але нешта падказвае, што ўдзел Сяргея Ціханоўскага ў гэтым фармаце — гэта той выпадак, калі маштаб асобы і амбіцыі акцёра выходзяць за межы задумы рэжысёра. У выніку можа здарыцца так, што менавіта “дублёр” Ціханоўскі стане тым самым кандыдатам пратэсту, за якім пойдуць незадаволеныя ўладай беларусы.

    Блогер Сяргей Ціханоўскі пра сваё жыццё: я магу стаць Хадаркоўскім і нават Каліноўскім

    На Нямізе сабраліся прыхільнікі затрыманага блогера Ціханоўскага

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці