• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У Беларусі ты жывеш не для сябе, а для краіны, войска, ураджаю». Андрэй Лянкевіч пра тое, што варта здымаць у Беларусі

    2 сакавіка беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч стаў пераможцам міжнароднага конкурсу фатаграфіяў This is Gender (Гэта гендэр). Перамог ягоны фатаздымак з сэрыі «Традыцыйныя інтэрʼеры». Апошнія два гады Андрэй Лянкевіч езьдзіць па вёсках у пошуках таго, што яшчэ захавалася.

    «Удава сядзіць у сваёй хаце ў Беларусі. Яе атачаюць кветкі, вышыўкі — уся прастора належыць ёй, арганізаваная адпаведна яе густу і ўпадабаньням. Яна самотная, але не выглядае ўразьлівай, хутчэй стрыманай. Мы бачым сталы ўзрост як магчымасьць для жанчыны ўзяць жыцьцё ў свае рукі — ганарлівае, насычанае, поўнае асабістай значнасьці».

    Так апісалі пераможны здымак Андрэя Лянкевіч арганізатары прэміі This is Gen­der.

    Размаўляем з Андрэем Лянкевічам пра тое, ці свабоднае жыцьцё сталай беларускай вясковай жанчыны.

    «Слова „незалежнасьць“ пра жанчыну, якая жыве адна, — гэта зьява зусім зь іншай культуры»

    «Я б не выкарыстоўваў слова „незалежнасьць“ у дачыненьні да жанчыны, якая жыве адна, — кажа Андрэй Лянкевіч. — Бо гэта зьява зусім зь іншай культуры. Арганізатары разважаюць пра гэтую фатаграфію з гледзішча гендэру — найбліжэйшай для іх тэмы. І ім здаецца, што гэта традыцыйная карцінка сьвету, дзе жанчына залежыць ад мужчыны, а пасьля сьмерці мужчыны яна незалежная.

    Я думаю, што тут трошкі іншы кантэкст. Гэтая сталая вяскоўка пачуваецца самотнай. Бо няма сямʼі, няма нікога вакол. У пэўнай ступені страчваецца сэнс існаваньня — няма для каго жыць. На жаль, у Беларусі так збольшага пабудаваныя стасункі паміж людзьмі — ты жывеш і робіш не для сябе, а для кагосьці. Для краіны, для войска, для ўраджаю».

    Здымак Вольгі Фёдараўны Макарэвіч — частка вялікай сэрыі «Традыцыйныя інтэр’еры». Андрэй працуе над ёй ужо два гады. Пачалося ўсё зь вялікага міжнароднага фатаграфічнага праекту «Unseen» («Нябачныя». — РС), які ладзіў Інстытут Гётэ ў Міляне. Для праекту шукалі гісторыі людзей, ня бачных для сучасных мэдыя. Андрэй адразу ўхапіўся за магчымасьць ажыцьцявіць даўнюю ідэю — захаваць візуальную памяць пра традыцыйныя беларускія інтэр’еры. Пра тое, што зьнікне літаральна праз 5–10 гадоў.

    Пачаў Андрэй з Палесься і, што сымбалічна, у той час, калі над Прыпяцьцю трэснуў мост і рэгіён застаўся без належнай сувязі з вонкавым сьветам. Менавіта дзякуючы таму, што Палесьсе заўсёды было крыху адмежаваным, там захавалася найбольш традыцыйных інтэрʼераў у вясковых хатах.

    «Я пачаў зьдзяйсьняць сваю старую мару — рабіць вельмі простую, дакумэнтальную, але вельмі патрэбную фатаграфію пра тое, як выглядалі хаты яшчэ 40–60 гадоў таму, — кажа Андрэй. — Хаты з традыцыйным інтэрʼерам, дзе ёсьць фатаздымкі, дзе няма шпалераў. Бо пасьля так званых эўрарамонтаў усё гэта зьнікае, і мы маем шпалеры з ружамі, срэбрам і золатам».

    У шпалерах з ружамі і золатам Андрэй нічога кепскага ня бачыць — гэта таксама частка нашай візуальнай гісторыі. Цалкам нармальнае жаданьне мець тое, чаго раней ня мелі. Мець штосьці дарагое, бліскучае і яскравае ў краіне, дзе амаль паўгоду няма сонца.

    «Бабулям робяць утульна і прыгожа — на розум іхных гарадзкіх дзяцей і ўнукаў»

    «Вядома ж, гарадзкая культура цяпер ідзе ў вёску. Але візуальна гэта не найлепшы выбар для вясковай хаты. З аднаго боку, я вельмі рады, што вёска разьвіваецца. Можна пабачыць і ванну, і душ, і пральную машыну, і Skype — усьміхаецца Андрэй. — Але вось я літаральна два тыдні таму з Мазыра прывёз цікавую гісторыю».

    У гасьцях у адной з сваіх старых гераіняў Андрэй пабачыў прыгожае сплеценае з лазы крэсла. У 1950‑я гады яго зрабілі мясцовыя майстры — цяпер на падобныя крэслы (але з ратангу) вялікі попыт. Бабуля вярнула яго са сьметніцы — яе дзеці крэсла выкінулі, а папярэдняе такое ж спалілі.

    «І гэта дакладная ілюстрацыя таго, што адбываецца з інтэрʼерам. Прыяжджае сучасная культура, і бабулям робяць утульна і прыгожа на розум іхных гарадзкіх дзяцей і ўнукаў».

    Андрэй кажа, што цяпер апошні момант для дакумэнтацыі беларускай вёскі і захаваньня візуальнай традыцыйнай культуры. З савецкіх часоў нічога не засталося — тады здымалі альбо прапагандысцкія кадры, альбо важныя жыцьцёвыя падзеі: сьвяты, вясельлі, пахаваньні.

    Цяпер у Андрэя сабраныя каля 40 інтэрʼераў з Палесься, у тым ліку Мазырскага, з рэгіёну Маладэчна і зь яго роднай Горадні. Лянкевіч плянуе здымаць яшчэ год і ахапіць як мага шырэйшую геаграфію Беларусі.

    «Я не даю часу на „маскарад“, каб завязаць хусткі, хуценька прыбраць, бутэлькі і таблеткі схаваць»

    У інтэрʼерах Андрэю цікавы ўнутраны сьвет ня толькі хаты, але і яе жыхароў. Яму заўсёды важна ўхапіць шчыры, непрыбраны момант.

    «Відаць нават на гэтай фатаграфіі, што хата не падрыхтаваная да прыходу фатографа, — кажа Андрэй. — Там сушыцца кукуруза на падлозе, сама жанчына ня ўбраная па-сьвяточнаму, яна ў працоўнай вопратцы. Для мяне гэта галоўны момант. Я фатаграфую так, як ёсьць. І не даю часу на гэты маскарад, калі трэба апрануць хусткі, хуценька ўсё прыбраць, бутэлькі і таблеткі схаваць».

    Андрэй заўсёды дорыць сваім героям здымкі. Шмат разоў яго прасілі зрабіць здымак на помнік — бо няма цяперашняй фатаграфіі, ёсьць толькі здымкі з маладосьці.

    «Бабуля кажа: „Вось мая суседка маладую паставіла. А яна там да сябе не падобная! І што, прыйшлі дзеці — і на што яны глядзяць? Гэта ж не яна, гэта ж зусім іншы чалавек!“ Размаўляем зь імі пра жыцьцё і сьмерць, — кажа Андрэй. — Пра базавыя і, відаць, самыя галоўныя тэмы. Пра тое, што адна жыве. Што цяжка. Што дзеці не прыяжджаюць».

    Але ніхто са сталых вяскоўцаў не наракае на працу.

    «У гэтай хаце відаць, што жанчына ў 80 гадоў робіць нейкую гіганцкую працу, — кажа Андрэй. — Збольшага ўсё можна альбо купіць, альбо выменяць за гарэлку. Не патрабуе ўжо жыцьцё ў вёсцы гэтулькі працы. Але людзі робяць. І гэта таксама не пра незалежнасьць. Гэта пра спосаб жыцьця, які, на шчасьце, адыходзіць. Спосаб жыцьця, калі ты сабе не належыш, а належыш нейкай умоўнай працы, якая мусіць быць чамусьці зробленая».

    «У нас ёсьць усясьветныя пераможцы ў муай-тай, а што мы ведаем пра сутарэньні, у якіх яны займаліся?»

    Андрэй арганізоўвае «Месяц фатаграфіі» у Менску і ў Берасьці, вядзе курс сучаснай фатаграфіі ў каледжы лібэральных мастацтваў ECLAB. У плянах — выдаць кніжкай уласны праект пра Другую ўсясьветную вайну «Бывай, Радзіма» . Але ў працы цяпер толькі сэрыя «Традыцыйныя інтэрʼеры».

    Лянкевіч заўважае, што ў Беларусі ёсьць дзясяткі тэмаў, на якія варта здымаць. Але для гэтага бракуе магчымасьцяў — пляцовак, грошай, праектаў.

    «Пяць гадоў таму мы паказалі на „Месяцы фатаграфіі“ адзіны праект пра аграгарадкі, — кажа Андрэй. — Ці, напрыклад, БРСМ. Я магу пералічваць дзясяткамі тэмы, якія для нас зразумелыя і якія жывуць побач з намі, але візуальна мы пра іх ня можам нічога сказаць. Муай-тай! У нас ёсьць чэмпіёны сьвету, а што мы ведаем пра школы? Пра гэтыя сутарэньні, у якіх яны займаліся ўсё жыцьцё? Дзе гэты праект?!»

    Асобна Андрэй адзначае спальныя раёны. Гэта таксама пра інтэрʼеры, але ўжо пра цяпершчыну. Як выглядае інтэрʼер сучаснага панэльнага дому? Ці ёсьць там фоташпалеры? Ці там плястыкавыя нацяжныя столі? Колькі там «золата»?

    «Мне гэта цікава. І цікава, як людзі пачуваюцца ў гэтых інтэрʼерах. Якія яны робяць інтэрʼеры для сваіх дзетак, — тлумачыць Андрэй. — Пра тое, як жывуць спальныя раёны, няма нічога. Для мяне было культурным шокам, калі два гады таму я мусіў зрабіць рэпартаж для швайцарскай газэты і прагуляўся летам з камэрай некалькі дзён па Малінаўцы, па Паўднёвым Захадзе ў Менску».

    Сам Андрэй жыве ў цэнтры і называе гэта эскапізмам, бо ў цэнтры да кожнай культурнай падзеі можна дайсьці пехатою. А спальныя раёны — гэта іншы сусьвет. 90% людзей вакол нас жывуць у іншым культурным кантэксьце, кажа ён.

    «Прыяжджаеш у спальны раён і разумееш, што краіна жыве зусім па-іншаму. Калісьці Валянцін Акудовіч пісаў, што Беларусь ужо зьявілася і беларуская нацыя ёсьць, проста мы да гэтага ня маем аніякага дачыненьня і нам гэта не падабаецца, — усьміхаецца Андрэй. — Менавіта ў такія моманты разумееш: тое, што ты прапаноўваеш як адказ на пытаньне „што такое культура?“, цікавае мала каму. А збольшага Беларусь жыве зусім іншымі тэмамі».

    Частку сэрыі Андрэя Лянкевіча «Традыцыйныя інтэрʼеры» можна будзе пабачыць на выставе праекту «Unseen». Яна пройдзе ў Берасьці ў прасторы «Кансэрва» з 29 красавіка па 13 траўня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці