• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыя ідуць за грамадскім меркаваннем замест таго, каб адлюстроўваць трэнды, — Ірына Саламаціна пра гендарную павестку ў СМІ

    Экспертка ў гендарнай палітыцы Ірына Саламаціна назвала тыповыя памылкі беларускіх СМІ, што датычна карэктнай падачы матэрыялу.

    Медыя ідуць за грамадскім меркаваннем замест таго, каб адлюстроўваць трэнды

    Нават вельмі паважаныя СМІ зацікаўленыя ў хайпе, маючы намер яго манетызаваць. Часта аплата працы журналіста залежыць ад таго, які розгалас выклікаў тэкст. Адсюль дзіўныя, на мой погляд, загалоўкі і падача матэрыялу.

    Выданне Kyky, напрыклад, “хайпіцца” на “жаночай” тэме. Хаця за апошнія пяць год яны троху памяняліся, ужо больш граматна, я б сказала, асвятляюць тэмы.

    Але ў любога заходняга СМІ, калі б яно прасоўвала той светапогляд, што і Kyky, былі б вялікія рэпутацыйныя рызыкі, слава жоўтай прэсы.

    Не заўсёды гэта віна журналістаў, бо часта яны папросту не ведаюць, які загаловак дасць матэрыялу рэдактар. Гэта праблема ўнутрырэдакцыйнай камунікацыі.

    Шведскія СМІ ўплываюць на грамадства, а не проста адлюстроўваюць існыя стэрэатыпы. Гэтага мне не хапае ў беларускіх медыя. Напрыклад, год 10 таму амаль ніхто ў Беларусі не ведаў словазлучэння «pro life». І яго сталі абмяркоўваць не з падачы СМІ, а пасля таго, як шэраг рэлігійных арганізацый і партый, арыентаваных на адпаведныя каштоўнасці, напісалі ліст у Міністэрства аховы здароўя з просьбай памяняць заканадаўства. Пасля гэтага ўлады вырашылі ўвесці абавязковае кансультаванне перад абортамі.

    А пазіцыя “pro choice” дасюль слаба асвятляецца. Здаецца, гэта тэма выклікае моцны водгук аўдыторыі, але хто разбіраўся са статыстыкай? У Беларусі малая колькасць абортаў, але яны застаюцца асноўным сродкам рэгулявання нараджальнасці сярод падлеткаў. А гэта зусім іншая праблема — адукацыі наконт сродкаў кантрацэпцыі. Хто звяртаў увагу на тое, што сілы, якія выступаюць “pro life” і за ратаванне эмбрыёнаў, не пратэстуюць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі? Зародыш нежыццяздольны па-за целам жанчыны. Тыя, хто вядзе барацьбу “за правы эмбрыёна” імкнуцца ў першую чаргу кантраляваць жанчын, заклікаючы замацаваць за жанчынай яе “галоўную” функцыю —  дзетанараджэнне. Апошняе ўспрымаецца не як права, а як абавязак, бо ў краіне дэмаграфічны крызіс.

    Але жанчыны — гэта не толькі патэнцыйна “цяжарныя целы”, яны гаспадыні сябе і сваіх лёсаў.

    “Жаночы” сектар НДА вельмі малы і ўвесь час памяншаецца. Менш за адзін адсотак зарэгістраваных грамадскіх арганізацый закрывае “жаночую” павестку і адказвае на выклікі, што стаяць перад сучаснай беларускай. Сюды ж уваходзіць Беларускі саюз жанчын, але ён абслугоўвае інтарэсы не жанчын, а ўлады.

    Стаўленне да фемінітываў у беларускіх СМІ неадназначнае

    У апошнія пяць год з’явіліся выданні, што спрабуюць фармаваць парадак дня ў тым ліку праз выкарыстанне  фемінітываў. Я шмат працую з журналістамі і журналісткамі. Часта мне высылаюць паглядзець тэкст, дзе прыбраныя фемінітывы, якія я казала. Аргументуюць тым, што гэта рэдакцыйная палітыка і іх усё роўна не надрукуюць. Ок, для мяне гэта не прынцыповая пазіцыя.

    Тады я прашу, каб, указваючы, напрыклад, прафесію, пісалі спачатку маё імя. Спачатку чытач бачыць, што я жанчына, а потым ужо маю прафесію: “Ірына Саламаціна, сацыёлаг”. Разам з тым з выкарыстання фемінітываў часам таксама спрабуюць зрабіць нейкі хайп.

    Непаслядоўнасць рэдакцыйнай палітыкі

    Медыя звычайна маюць нейкую ўнутраную пазіцыю па спрэчных пытаннях. Але яна не агучваецца і чытачам часта незразумелая. Сёння можа з’явіцца праблемны матэрыял пра хатні гвалт, а заўтра — “хайпавы” тэкст, які транслюе сэксісцкія стэрэатыпы. Я разумею, што тут “і вашым, і нашым”, але тады і чытачы не бачаць у гэтым праблемы.

    Незразумелая мэта СМІ: паказаць негатыўныя наступствы гендарнай няроўнасці ці плюралізм меркаванняў. Другое зрабіць вельмі лёгка, проста правядзі апытанку. Але якая карысць ад такіх матэрыялаў?

    На постсавецкай прасторы не склалася адзінага ўяўлення, што такое дэмакратычнае медыя, якое фармуе новыя каштоўнасці.

    Тая ж “Медуза”, якая “за ўсё добрае”, сутыкнулася з харасментам у рэдакцыі. Любое выданне, якое пазіцыянуе сябе як дэмакратычнае, можа сутыкнуцца з унутраным крызісам. Напрыклад, наша “Салідарнасць” — сур’ёзнае СМІ, якое займаецца палітычнай аналітыкай. Але ў той жа час мае рубрыку “Прыгажуня дня” з выявамі паўаголеных жанчын. Для мяне гэта цалкам дыскрэдытуе тыя каштоўнасці, што “Салідарнасць” спрабуе несці.

    “Гендарная слепата” ў журналістыцы

    У беларускіх СМІ працуе шмат жанчын. Але асвятляюць яны пераважна сацыяльныя аспекты, культуру, а мужчыны пішуць пра палітыку. Па вялікім рахунку, прыход жанчын у журналістыку не гарантуе палітызацыі некаторых “жаночых” пытанняў.

    Летась я рабіла маніторынг беларускіх СМІ па метадалогіі Глабальнага Медыяманіторынгу. З 340 прааналізаваных навін толькі 13 былі прысвечаны нейкім праблемам, звязаным з жанчынамі, ці іх галоўная гераіня — жанчына.

    У чым справа? Ці гэта рэдакцыйная палітыка, якая кажа журналістам у адзін бок глядзець, а ў другі не, ці гэта самі журналісты не заўважаюць некаторых тэм? Напрыклад, мне трапіўся артыкул пра ўчастковага ў невялікім мястэчку, здаецца, у газеце “Звязда”. Такі ён добры міліцыянер, усім дапамагае… І адзін сказ: яго маці больш за 20 год працуе грузчыкам на мясцовым заводзе. І фота гэтай жанчыны, якая, у сваю чаргу, трымае фота сына. Грузчык уваходзіць у спіс забароненных для жанчын прафесій. На мой погляд, журналістцы не хапіла нейкіх кампетэнцый развіць тэму.  Я напісала пра гэта ў Face­book, ідэю падхапіла “Наша Ніна”, і ўжо праз тыдзень у іх з’явілася інтэрв’ю з гэтай жанчынай-грузчыкам.

    Не так даўно праходзіў судовы працэс, дзе жанчына спрабавала даказаць, што яе здароўе пагоршылася праз працу на прадпрыемстве. Ці выпадак, калі адміністрацыя пагражае звольніць жанчын за тое, што яны напісалі ліст у Камісію па ахове працы праз кепскія ўмовы на вытворчасці. Але такія справы нецікавыя СМІ.

    Медыяманіторынг паказаў, што дзяржаўныя медыя менш выкарыстоўваюць сэксізм для прыцягнення ўвагі, чым СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя.

    Магчыма, гэта звязана з меншай патрэбай у манетызацыі праз датацыі ад дзяржавы. Але і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ часта папросту “не заўважаюць” жанчын. Нават пішучы пра фотавыставу “Яе справа”, медыя не публікавалі гісторыі жанчын-гераінь, затое пералічылі ўсіх чыноўнікаў, якія выступалі на адкрыцці мерапрыемства.

    Недастатковая крытычнасць у асвятленні гендарных пытанняў

    Нядаўна аддзел камерцыйных праектаў TUT.BY запусціў цыкл матэрыялаў пра жанчын у “мужчынскіх” прафесіях. Яго спонсар — прыправа “Магі”.

    Жанчына распавядае пра сваю прафесійную дзейнасць, а ў канцы ўсё роўна ідзе абзац пра тое, як яна вяртаецца дамоў, корміць мужа і дзяцей, і можа дадаць у суп гэту прыправу.

    У матэрыялах не праблематызуецца само існаванне спіса забароненых для жанчын прафесій. Пытанні пра асабістае жыццё, кшталту ці маеце Вы мужа і дзяцей, якая любімая страва ў сям’і, самі сабой някепскія. Яны надаюць вобразу рэльефнасць, жывасць. Але чаму гэтыя пытанні не задаюць мужчынам?

     

    Прачыталі? Абмеркаваць вобраз жанчын у беларускіх медыя мы запрашаем у сераду на дыскусію ў офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў

    • Які вобраз жанчыны фармуюць сучасныя медыя? Якія прычыны і перадумовы такога погляду на жанчыну?

    • Дзе межы рэдакцыйнай свабоды і хто на яе замахваецца?

    • Як сфармаваны ў медыя вобраз ўплывае на стаўленне да жанчыны ў грамадстве?

    • Якія ёсць пазітыўныя практыкі па супрацьдзеянні сэксізму ў медыя?

    • Даследаванні на тэму гендарных стэрэатыпаў у беларускіх медыя.

    Пра гэта 5 чэрвеня ў офісе БАЖ размаўляюць:

    прадастаўнікі заангажаваных у тэму НДА;
    эксперты ў сферы гендарнай палітыкі;
    журналісты і прадстаўнікі медыя;
    грамадскія актывісты і проста неабыякаваыя да тэмы асобы.

    5 чэрвеня, 19:00, уваход ВОЛЬНЫ
    Мінск, вул. Кальварыйская, 16, офіс 265 (4 паверх)

     

    Абмеркаваць тэкст можна на старонцы ў FB

    Падпісацца на наш Telegram-канал можна ТУТ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці