• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Арцём Шрайбман: За час маёй працы на Tut.by не было цэнзуры ў плане асвятлення выбараў

    Як медыя імкнуцца да рэдакцыйнай незалежнасці, у чым можа праяўляцца самацэнзура і ці апраўдана яна, ад чаго залежыць інфармацыйная бяспека Беларусі і якая роля тут беларускай мовы? Пра гэта і многае іншае, уключна з рэдакцыйнай кухняй Tut.by, распавёў падчас сустрэчы ў HrodnaMediaRoom палітычны аглядальнік партала  Арцём Шрайбман.

    — Нядаўна ў Беларусі прынялі канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі дзяржавы. Наколькі сёння падобны дакумент актуальны, ці ёсць прыклады канцэпцый на Захадзе і з чаго павінна складацца інфабяспека дзяржавы?

    — Я не ведаю прыкладаў на Захадзе, каб нейкія краіны прымалі дакументы па сваёй інфармацыйная абароне. У заходніх дэмакратыях гэта сфера, куды дзяржава не павінна ўмешвацца, прынамсі агрэсіўна, а мусіць толькі рэагаваць на відавочныя парушэнні заканадаўства.

    У апошнія гады ў сувязі з расійска-украінскім і расійска-заходнім канфліктам многія краіны, напрыклад, Літва, Францыя пачалі абмяркоўваць механізмы блакіроўкі СМІ падчас выбарчых капаній, змагання з фэйкамі ў інтэрнэце. Германія прыняла вельмі суровы закон у 2017 годзе, які тычыцца таго, як абавязаць сацсеткі выдаляць незаконны кантэнт, і штрафуе на мільёны еўра, калі сацсетка не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Але нейкага адзінага падыходу няма.

    Тое, што наша дзяржава азадачылася такім дакументам, з аднаго боку абнадзейвае — гэтым пытаннем нехта наверсе пачаў займацца сістэмна, комплексна. Тэкст пісаўся ў Савеце бяспекі, а гэта адно з самых прагрэсіўных ведамстваў у нашай краіне. Але на гэтым і сканчаецца, таму што гэта ўсё ж наша дзяржава, дзе шмат што робіцца “для галачкі” і даволі бюракратычна. У канцэпцыі мала канкрэтыкі, нейкіх мераў. Наколькі я зразумеў, яна больш патрэбна, каб Савет бяспекі адсправаздачыўся, што падрыхтаваў такі дакумент, і каб назначыць адказных за правалы, напрыклад, калі зноўку пачнуць гуляць фэйкі пра інсульт кіраўніка дзяржавы.

    Гэта хутчэй чыноўніцкая дэманстрацыя дзеянняў, чым самі дзеянні.

    Акрамя гэтага, наша дзяржава адстае ад рэальных пагроз на некалькі гадоў. Падобную канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі варта было распрацоўваць, калі праблема расійскай прапаганды стала ў поўны рост, а здарылася гэта ў 2014 годзе, што бачна па апытаннях.

    Упершыню за вельмі шмат гадоў колькасць праеўрапейскіх беларусаў, якая ці знаходзілася на адным узроўні з прарасійскімі, ці крыху саступала ім (35–45%), рэзка знізілася да 10–20%, па розных пытаннях, незалежна ад таго, сябруем мы з Захадам ці не. Гэта прамое следства расійскай прапаганды, якая стала вельмі агрэсіўнай у 2014 годзе. Дзяржава нічога з гэтым не можа зрабіць, і тут не дапамогуць ніякія канцэпцыі.

    Усё, што спрабуе рабіць дзяржава — кропкавыя павярхоўныя рэакцыі, якія не кранаюць галоўнага — жыцця беларусаў у расійскай інфармацыйнай прасторы. Калі я прыязджаю ў беларускую вёску, мяне просяць расказаць пра Навальнага  ці сына расійскага сенатара. Звычайныя людзі ў большасці не адрозніваюць інфармацыйнае поле Беларусі і Расіі.

    Беларусы больш ведаюць расійскіх дэпутатаў, чым беларускіх, хоць і тут, і там парламент абсалютна кастрыраваны. Тое самае з зоркамі шоў-бізнеса ды любой іншай сферай. Усю міжнародную інфармацыю людзі спажываюць праз прызму расійскага тэлебачання.

    У гэтым заключаецца 90% праблемы. Дзяржава можа рабіць што заўгодна з тымі 10%, што засталіся, але гэта не будзе мець эфекту. Я не веру ў магчымасці дзяржавы нешта зрабіць, пакуль не зменяцца базавыя каштоўнасныя ўстаноўкі.

    — У падцвярджэнне вашых словаў — сапраўды, па выніках розных даследванняў (напрыклад, маніторынг прарасійскай прапаганды ў медыя Беларусі, які нядаўна прэзентавала Беларуская асацыяцыя журналістаў) большасць беларусаў жыве ў расійскай інфармацыйнай прасторы: на дзяржаўным тэлебачанні пануе расійскі кантэнт, моладзь спажывае ў інтэрнэце кантэнт расійскіх блогераў. Ці ёсць у такой сітуацыі небяспека для сувернітэту нашай дзяржавы?

    — Я не бачу прамой сувязі. Пагроза для сувернітэту сыходзіць не з інфармацыйнага поля, а з дзенняў Расіі як дзяржавы. Напрыклад, аўстрыйцы знаходзяцца ў інфармацыйным полі Германіі — і нічога страшнага. Калі я быў у Англіі, то бачыў, што акрамя таго, што англічане знаходзяцца ў сваёй інфармацыйнай прасторы, яшчэ вельмі актыўна — у амерыканскай інфапрасторы, жывуць амерыканскімі палітычнымі скандаламі, шоу-бізнесам і г. д. Ірландыя, дзе моўная сітуацыя чымсьці аддалена нагадвае беларускую, жыве ў брытанскай інфармацыйнай прасторы. І ў гэтым няма нічога страшнага, таму што Вялікабрытанія доўгія гады не замахвалася на сувернітэт іншых краін.

    Мы не пераробім беларусаў і нічога не зробім з тым фактам, што Расія – багатая краіна з вялікім інфармацыйным полем, дзе размаўляюць на той жа мове, на якой і большасць беларусаў, што мы не знойдзем грошай, каб гэта ўсё замясціць, і што рубільнік у час інтэрнэту не спрацуе. Таму патэнцыйныя пагрозы трэба нівеліраваць у палітычных узаемадзеяннях з Расіяй, шукаць свае слабасці і працаваць з імі, зніжаць сваю залежнасць, выстройваць ваенную і палітычныю самастойнасць, убудоўваць Беларусь у заходнія інвестыцыйныя ланцужкі, каб гарантаваць інтарэсы іншых гульцоў, якія абаранялі б  Беларусь ад знешняга ўмяшальніцтва.

    Продвижение «русского мира» идет через белорусские ТВ-каналы — БАЖ презентовал мониторинг пророссийской пропаганды

    Маніторынг: За апошнія два гады істотна павялічылася колькасць сайтаў, якія публікуюць антыбеларускія матэрыялы

    Інфарацыйны шлях — значна больш складаны, чым дыверсіфікацыя эканомікі. Перавучыць беларусаў не глядзець расійскае тэлебачанне, не існаваць у расійскай інфапрасторы складана.

    Ментальная, інфармацыйная залежнасць — гэта вельмі важна. Трэба быць рэалістамі і разумець, тое, чаго мы хочам, не заўсёды магчыма.

    — Якую ролю ў інфармацыйнай бяспецы Беларусі адыгрывае беларуская мова?

    — Калі разглядаць беларускую мову і яе сувязь з прарасійскімі ці праеўрапейскімі настроямі, падтрымкай дэмакратыі ці аўтарытарнага спосабу праўлення, то я ўсім рэкамендую прачытаць артыкул Юрыя Дракахруста “Беларуский национализм говорит по-русски”.

    Сутнасць у тым, што ён аналізаваў дадзеныя перапісу беларусаў, супаставіў факты і лічбы і ўбачыў, што большасць беларусаў, якія размаўляюць на беларускай мове, жывуць у вёсках — чым меншы па памерах населены пункт, тым большы адсотак беларускмоўных. І чым старэйшага ўзросту людзі, тым большы адсотак беларускамоўных.

    Тое самае з прарасійскімі настроямі. Чым далей мы ідзем да вёскі і ўверх па ўзросце, тым больш у нас прарасійскі настроеных людзей і тым больш у нас прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

    Гэта азначае, што дэмакратычны рупар, моладзь, гарадское насельніцтва, дзе больш за ўсё праеўрапейскіх незалежных настрояў, — рускамоўныя.

    То бок мова і падтрымка каштоўнасцяў, якія мы лічам важнымі, не карэлююцца.

    Канешне, ёсць неафіты — рускамоўныя людзі, якія свядома перайшлі на беларускую мову. І сваімі поглядамі яны будуць адрознівацца ад традыцыйных беларускамоўных.

    Пры гэтым я ўсімі рукамі за больш актыўную папулярызацыю беларускай мовы, каб беларускія чыноўнікі размаўлялі па-беларуску. Але мы павінны разумець, што гэта справа некалькіх пакаленняў.

    Tut.by працуе на аўдыторыю. Ён існуе не дзякуючы грантам ці дзяржаўным субсідыям, сайт вымушаны арыентавацца на максімальна шырокую аўдыторыю. Калі Tut.by з‑за ідэалагічных і палітычных перакананняў пачне рабіць перакос у той ці іншы бок і адсякаць пэўныя сегменты аўдыторыі беларускага грамадства, то як самастойная фінансавая адзінка проста перастане існаваць.

    Гэта гарант нашай рэдакцыйнай незалежнасці — аб’ектыўнасць і арыентацыя на шырокую аўдыторыю.

    Па статыстыцы праглядаў, на жаль, большасць беларусаў не хоча чытаць па-беларуску. Розніца паміж колькасцю праглядаў матэрыялаў адной тэматыкі на рускай і беларускай мовах можа дасягаць дзесяці разоў.

    Наша задача — даносіць да аўдыторыі праўдзівую, правераную, аб’ектыўную, сумленную інфармацыю, выцягваючы беларусаў з расійскай інфармацыйнай прасторы на рускай мове. Каб працаваць на беларускай мове, гэтая місія мусіць быць для цябе на першым месцы.

     

    — Ці з’яўляецца Tut.by незалежным СМІ, ці могуць медыя ўвогуле быць незалежнымі?

    — Я не веру ў канцэпцыю незалежных СМІ. Я стараюся не выкарыстоўваць гэтае слова, пішу звычайна “недзяржаўныя” СМІ. Мы ўсе залежым ад крыніцы сваіх даходаў. Любая сістэма фінансавання — рэкламная, дзяржаўная, грантавая — не спрыяе незалежнасці. Таму я не магу назваць Tut.by ці любое іншае беларускае СМІ абсалютна незалежным. Ад самога факту наяўнасці грошай залежыць існаванне любога СМІ – ці можна наняць журналістаў, аплочваць выдаткі рэдакцыі і г. д. Калі крыніца даходаў — калектыўны донар, шмат рэкламадаўцаў, то гэта ўплывае на рэдакцыйную палітыку значна менш, таму што крыніца распыленая.

    Калі мы кажам пра ступень залежнасці рэдакцыі ад крыніцы даходаў, то Tut.by адно з самых рэдакцыйна незалежных СМІ ў Беларусі, бо ў нас ёсць дакладныя правілы, што рэкламадаўца не можа паўплываць на матэрыял. Нашыя рэкламшчыкі і маркетолагі просяць рэдакцыю паведамляць загадзя пра нейкія крытычныя матэрыялы пра рэкламадаўцаў, каб быць гатовымі да гнеўных званкоў.

    Бывалі выпадкі, калі побач знаходзіліся разгромны рэпартаж пра якуюсьці кампанію і рэклама гэтай жа кампаніі.

    У сваёй працы падчас навучання ў Лондане я камунікаваў з 13 рэдактарамі беларускіх недзяржаўных медыя, 5 з іх былі з раённых цэнтраў. Там у СМІ іншы ўзровень залежнасці-незалежнасці. Яны моцна залежаць ад крыніцы свайго фінансавання. Калі гэта рэкламадаўца, то звычайна нейкі адзін буйны — банк ці гандлёвая сетка. Такім СМІ складаней пазбегнуць спакусы не публікаваць нічога крытычнага пра гэтага рэкламадаўцу. У мясцовых уладаў, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, не так шмат рычагоў уздзеяння на папулярную газету. Яны больш баяцца яе, бо разумеюць, што на месцы яна мае большы ахоп, чым Tut.by.

    Чыноўнікі на месцах, каб паўплываць на мясцовую прэсу, пішуць скаргі наверх — у Міністэрства інфармацыі.

    Мясцовыя СМІ вельмі ўразлівыя з пункту гледжання эканамічнай залежнасці, але вельмі моцныя з пункту гледжання рэзананса. Калі яны напішуць пра нейкі скандал, то чыноўніку будзе сорамна прайсціся па вуліцы, таму што там усе адзін аднаго ведаюць. На мясцовым узроўні тыя ж міліцыянты могуць быць у добрых стасунках з журналістамі, бо ўсе знаёмыя. На рэспубліканскім узроўні такога немагчыма, бо там няма такога цеснага ўзаемадзеяння чыноўнікаў і рэдактароў медыя.

    Мой любімы прыклад: у некалькіх раёнах, каб змагацца з інфармацыйнай блакадай, журналісты прыдумалі геніяльны спосаб. У адным выпадку начальнік ДАІ адмовіўся даваць інфармацыію СМІ пра ДТЗ і здарэнні, а гэта — хлеб для журналістаў. Мясцовая газета пачала яго… хваліць на першых паласах. У кожным выпуску. Праз некалькі тыдняў яму пазванілі з Мінска з пытаннем «а чаму гэта цябе хваліць апазіцыйная газета?» Начальнік ДАІ сам прышоў у рэдакцыю і папрасіў: я буду зліваць вам інфармацыю першым, толькі перастаньце пра мяне пісаць. Спрацавала. У іншым раёне такая ж сітуацыя была з чыноўніцай з ідэалогіі.

    Рэзананс, публічнасць — тое, што могуць выкарыстоўваць мясцовыя журналісты, каб працаваць і змяніць да сябе стаўленне чыноўнікаў.

    — Вы стажыраваліся ў ВВС, ці можна гэтае СМІ назваць незалежным?

    — З пункту гледжання рэдакцыйнай незалежнасці — гэта максімальна аддаленая ад крыніцы фінансавання рэдакцыя. Неймаверна, каб нехта прышоў і пачаў казаць, як павінна паводзіць сябе рэдакцыя. Там хітрая сістэма фінансавання — яны збіраюць грошы з усіх людзей, хто мае тэлевізары. Каб глядзець тэлеканалы, чалавек павінен плаціць ліцэнзійны падатак. Таму ВВС сапраўды вельмі блізка да таго, што можна назваць незалежнасцю.

    Але ВВС залежыць ад колькасці сваіх гледачоў, слухачоў і чытачоў, то бок памеру аўдыторыі. Таму ВВС не можа дазволіць сабе моцную калумністыку — вы не знойдзеце там рэзкія, палітычна палярызаваныя калонкі. Нататкі аўтараў у рубрыцы  Opin­ion — гэта лайтовая аналітыка, там няма палымянай, рэзкай, палярнай калумністыкі. Аўдыторыя, якая глядзіць тэлевізар у Вялікабрытаніі, скарачаецца, ВВС імкнецца выходзіць на лічбавую аўдыторыю. ВВС ідуць у фарватары інтэлігенцыі, гарадской эліты, і яны не ведаюць, як з гэтага выбрацца. Гэта таксама можна назваць залежнасцю — ад свайго імені і іміджу, якім яны не могуць ахвяраваць, бо могуць згубіць аўдыторыю.

     

    — Ці ёсць у рэдакцыі Tut.by пісаныя і непісаныя правілы? Ці ёсць самацэнзура?

    — У нас ёсць дакумент, які называецца “Догмы”, гэта звод этычных установак, як трэба і не трэба працаваць: што слова трэба даваць розным бакам, не фатаграфаваць дзяцей без дазволу бацькоў, як паводзіць сябе ў сацсетках і іншыя цалкам практычныя рэчы, з якімі сутыкаецца журналіст у паўсядзённай працы.

    Журналістам Tut.by можна свабодна пісаць і каментаваць нешта ў сацсектах, але варта ўсведамляць, што тое, што ты напісаў, могуць выкарыстаць пасля і гэта будзе атрыбуціравана з Tut.by. Таму варта не паводзіцца неадэкватна. У ВВС гэта правіла гучыць як “Не рабіце глупстваў у сацсектах”. У іх яшчэ вельмі паглыбляюцца правілы. Напрыклад, калі ты палітычны журналіст, ты павінен быць падпісаны ў сацсетках на палітыкаў розных партый, а не нейкай адной палітычнай сілы.

    Ёсць базавае разуменне прафесійнай этыкі, якое ёсць у розных рэдакцыях, у тым ліку і ў БАЖ. Напрыклад, мы абмяркоўвалі, наколькі можна “жаўціць” загалоўкі, ці варта выкарыстоўваць у загалоўках такія словы як “ШОК кантэнт” і таму падобнае. Мы не займаем нечыю пазіцыю, стараемся даваць слова ўсім бакам.

    Самацэнзура — я схлушу, калі скажу, што яе няма.

    Я рабіў даследванне аб тым, як беларускія СМІ спраўляюцца з цэнзурай, і пра самацэнзуру ў той ці іншай ступені мне расказалі амаль усе беларускія недзяржаўныя СМІ, у тым ліку і тыя,  што прынята называць апазіцыйнымі. Усе так ці інакш разумеюць, што ў Беларусі ёсць тэмы, якія трэба асвятляць вельмі акуратна. Першая такая тэма — памяць пра Другую сусветную вайну. Другая тэма, пра якую я чуў ад шмат якіх рэдакцый, — сям’я прэзідэнта. Усе разумеюць, што “рубільнік” ёсць, і калі моцна раззлаваць кіраўніка дзяржавы, то рубільнік будзе апушчаны. І ўсе разумеюць, што тэма сям’і для яго святая.

    Журналісты разумеюць, што ў Беларусі няма культуры палітычнай саціры. Калі ты пачнеш жартаваць на палітычную тэму, то адразу зоймеш пэўную палітычную пазіцыю і цябе перастануць успрымаць як нейтральнае СМІ. А гэта — страта аўдыторыі.

    З пункту гледжання дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў. Мы будзем публікаваць тэксты пра апазіцыю, нават тых людзей, каго могуць лічыць патэнцыйнай пагрозай беларускай дзяржаўнасці. Мы пільна асвятлялі справу аўтараў «Рэгнума», якіх у дэмакратычнай грамадскасці лічылі ворагамі беларушчыны. Я напісаў калонку, чаму яны не павінны сядзець. Нягледзячы на тое, што мы не падтрымлівалі гэтых людзей і іх погляды, якія стратэгічна можна лічыць пагрозай для беларускай незалежнасці. Але ігнараванне гэтых поглядаў ніяк не дадае поспеху ў барацьбе з імі.

    За час маёй працы на TUT.BY не было ніякай цэнзуры ў плане асвятлення выбараў. Мы асвятляем усе пратэстныя акцыі. Нашу дзяржаву больш турбуе пытанне панікі сярод насельніцтва, калі, напрыклад, абвастраецца эканамічная сітуацыя. Пытанне выбараў іх не асабліва хвалюе.

    Ёсць адзін важны момант самацэнзуры — закон, які забараняе анансаваць несанкцыяваныя акцыі. Некаторыя СМІ гэта ігнаруюць, мы ж выконваем закон. Мы можам напісаць, што пэўны палітык ці актывіст плануе акцыю, але не будзем пазначаць час і месца. Але чалавек, калі захоча, можа хутка знайсці ў інтэрнэце падрабязнасці. Я лічу, што гэта важная інфармацыя, якую трэба даводзіць да аўдыторыі, але прыходзіцца ісці на кампраміс і падпарадкоўвацца заканадаўству.

    Пры асвятленні ўкраіна-расійскага канфлікта мы свядома выбралі нейтральную лексіку, я сам пісаў памятку пра тое, якія словы варта ўжываць у матэрыялах. Мы разумелі, што ў гэтай гісторыі наша аўдыторыя, асабліва на пачатку, падзеленая прыблізна напалову, і вырашылі займаць максімальна нейтральную пазіцыю. Мы не называем сепаратыстаў баевікамі ці апалчэнцамі. Хаця некаторыя людзі выказвалі нам прэтнзіі, што слова “сепаратыст” — негатыўнае. Але мы лічам яго цалкам нейтральным, ёсць баскія сепаратысты, шатландскія.

    Калі была актыўная стадыя канфлікту, мы не выкарыстоўвалі тэрміны “захопліваць” ці “вызваляць” гарады, а выкарыстоўвалі тэрмін “займаць” гарады. Калі мы пішам пра рашэнне Расіі далучыць у свой склад Крым шляхам рэферэндуму, то заўсёды суправаджаем гэта прыпіскай, што гэты рэферэндум не прызнаў ніхто ў свеце. Такім чынам дэманструем ступень законнасці і прызнанасці такіх дзеянняў.

    Назвы ДНР і ЛНР: выкарыстанне гэтых назваў з вялікіх літар іх легітэмізуе. Калі ўзяць у двукоссі, значыць, паказаць, што мы на іншым баку і лічам гэтыя ўтварэнні фэйкавымі. Таму мы пішам “самаабвешчаныя” — гэта факт. Свае сімпатыі і антыпатыі трэба трымаць пры сабе.

    Такая пазіцыя небяспрэчная і можа выклікаць крытыку, але гэта цалкам рацыянальнае рашэнне для СМІ, якое імкнецца заставацца рэлевантным для шырокай аўдыторыі.

     

    — Ці можаце назваць людзей, якія працуюць у дзяржаўных СМІ, сваімі калегамі?

    — Дзяржаўныя журналісты абслугоўваюць інфармацыйныя інтарэсы дзяржавы, улады. Іх замоўца — не аўдыторыя. Таму я не магу назваць іх сваімі калегамі, у іх іншая прафесія, якую б я назваў “супрацоўнікі дзяржаўных СМІ”.

    Пры гэтым шмат дзяржаўных журналістаў, калумністаў шчыра перакананыя, што яны робяць добрую справу, яны на баку дабра. Залежнасць ад алігарха, напрыклад, гэта адно, калі ты залежыш ад дзяржавы, гэта зусім іншае, бо ты не можаш сабе дазволіць ніякай ступені свабоды.

    — Як журналістам паводзіць сябе падчас інфармацыйнай вайны?

    — Журналісты і медыя, якія лічаць сябе ў першую чаргу журналістамі, а не місіянерамі ці актывістамі, павінны якасна рабіць сваю працу. Калі паўстала пагроза фэйкаў, напрыклад, з расійскага боку, то максімальна выкарыстоўваць свой рэсурс для дэманстрацыі ілжывасці гэтых навін. Калі на расійскіх каналах ідзе хваля негатыву ў адносінах да Беларусі, мы пішам пра гэта, не таму, што хочам папулярызаваць іх пункт гледжання, а таму што мы прыцягваем увагу да важных рэчаў — пайшоў інфармацыйны накат. Але журналістам варта не пераходзіць рысу і выступаць на чыімсьці баку інфармацыйнай вайны, не займацца контрпрапагандай. Калі вы перакрочыце гэтую мяжу і пакажыце аўдыторыі, што займаеце нечыю пазіцыю, пасля будзе складана вярнуць давер. Усе вашыя матэрыялы будуць успрымацца чытачамі з пытаннем, СМІ так пішуць, таму што гэта праўда, ці згодна са сваёй місіяй? Калі чытач пачынае пра гэта задумвацца, СМІ губляе сваю галоўную функцыю — данясенне праўдзівай інфармацыі.

    Калі мы пачынаем даваць адны факты і замоўчваць іншыя — гэта работа прапагандыстаў. Усе прапагандысты перакананыя, што яны — на баку “святла”. Але галоўная місія журналістыкі — інфармаваць, і яна несумяшчальная з прапагандай.

    Фота: Кацярына Гардзеева

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці