• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто зьлівае блогеру NEXTA ўнутраныя зводкі міліцыі

    Свабода сустрэлася з аўтарам тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпанам Сьвятловым. Гэты канал найчасьцей фігуруе ў якасьці першакрыніцы інфармацыі пра правапарушэньні з боку супрацоўнікаў міліцыі.

    NEXTA першым паведаміў аб меркаваным суіцыдзе ў міліцэйскім аўтамабілі ў Нясьвіскім раёне, а таксама пра зьнікненьне кіраўніка міліцэйскай паліклінікі ў Магілёве і шэраг іншых выпадкаў.

    12 сакавіка ў інтэрвію БелТА праўдзівасьць «зьліваў» прызнаў сам міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч. На мінулым тыдні ён паведаміў, што прызначыў службовую праверку па факце «зьліваў» міліцэйскай інфармацыі ў інтэрнэт.

    «Хаваць не буду. Быў працёк пэўнай інфармацыі зь міліцэйскіх зводак, — сказаў Ігар Шуневіч. — Гэтая інфармацыя не закрытая, не сакрэтная. Зводкі падаюцца ва ўсе дзяржаўныя органы, у тым ліку ў адміністрацыю прэзыдэнта. І зь некаторых зводак была апублікаваная інфармацыя аб надзвычайных здарэньнях з асабовым складам, якая (мы таксама не хаваем) у гэтых зводках фігуруе ў выглядзе спэцыяльных данясеньняў».

    Паводле міністра Шуневіча, міліцыя абавязкова знойдзе крыніцы працёкаў. На яго думку, гэта можа быць нехта з супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Пакуль міліцыя шукае, хто і як «зьлівае» грамадзтву службовую інфармацыю,

    «Сытуацыя ўнутры МУС „дастала“ міліцыянтаў»

    «Бачыў я заяву Шуневіча, — пачынае Сьцяпан (сустрэча з журналістам Свабоды адбылася праз 4 дні пасьля выказваньняў міністра. — РС). — Адразу ўзьнікла зьдзіўленьне: яны будуць змагацца са „зьлівамі“, а ня з тымі выпадкамі, якія ў іх апісаныя. Не злачынствы спыняць, а змагацца з тымі, хто гэтыя злачынствы публікуе. Хаця МУС працуе за падаткі грамадзян і павінна быць адкрытым, як і ўсе іншыя міністэрствы. Таму гэтыя словы — бессэнсоўная бязглузьдзіца. Мне здаецца, ён сам пашкадаваў, што так сказаў».

    Сьцяпан прызнае, што паставіўся да словаў міністра пра «зьлівы» інфармацыі асабліва, бо менавіта ягоны тэлеграм-канал публікуе міліцэйскія дакумэнты. Блогер кажа, што міліцэйскія зводкі, хутчэй за ўсё, трапляюць і да іншых блогераў, а таксама ў рэдакцыі буйных інтэрнэт-парталаў. Аднак там, адрозна ад тэлеграм-каналу NEXTA, іх не публікуюць.

    «Мне зручна, я ж цяпер жыву ў Польшчы і ў Беларусь пакуль ня ежджу, — кажа Сьцяпан. — А гэта асноўная перашкода для таго, каб спыніць маю дзейнасьць. Сытуацыя ўнутры МУС, я так разумею, настолькі „дастала“ міліцыянтаў, што яны проста скідваюць мне свае дакумэнты. Іх сапраўды шмат, ня ўсё публікуецца нават. Мне ледзь ня кожны дзень паведамляюць, што нейкі міліцыянт быў п’яны ці яшчэ нешта. Так разумею, што ўнутры МУС з гэтым ніякага змаганьня няма, калі такое паўтараецца з дня ў дзень».

    «Шуневічу трэба было сказаць, што я публікую фэйкі»

    Блогер гаворыць, што колькасьць паведамленьняў пра сытуацыю ўнутры МУС толькі павялічваецца. Сьцяпан зьвязвае гэта з разьвіцьцём тэхналёгіяў, зьяўленьнем абароненых мэсэнджэраў і хуткаснага інтэрнэту, які дазваляе каму заўгодна даслаць копію дакумэнту. І застацца пры гэтым нераскрытым.

    «І тут узьнікае праблема: паведамленьні могуць быць фэйкамі, іх трэба спраўджваць, — кажа Сьцяпан. — Але вось міністар пацьвердзіў, што яны праўдзівыя. Больш разумна было б не пацьвярджаць. Сказаць, што гэта ўсё фэйкі, палова папрыдумляная. Але ён прызнаўся, сказаў, што гэта праўда».

    Важным фактарам зьяўленьня міліцэйскіх зьліваў блогер лічыць разьвіцьцё мэсэнджэра «Тэлеграм». Кажа, што актыўна пачаў прасоўваць свой канал толькі летась, і нечакана яго разьвіцьцё перасягнула ўсе чаканьні.

    «Гэта пачалося з восені, — расказвае Сьцяпан. — Атрымалася наладзіць добрую камунікацыю з падпісантамі каналу, а падпісанты — гэта галоўны рэсурс інфармацыі. Яны давяраюць мне як чалавеку, які не падставіць. Калі просяць не пазначаць крыніцу, то я, безумоўна, ня буду пазначаць. І падпісанты такім чынам могуць неяк паўплываць на мясцовую сытуацыю. З міліцыяй тое ж самае. Мне нехта нешта дашле — і там адразу гармідар, унутраныя праверкі. Бывае, рэакцыя ёсьць ужо праз паўгадзіны пасьля публікацыі. Апошні пост быў пра тое, што дзяцей накіроўвалі зьбіраць нейкія галінкі. Мне потым паведамілі падпісчыкі, што кагосьці ледзь ня звольнілі пасьля розгаласу».

    Прыклад перапіскі Сьцяпана зь «інфарматарам»
    Прыклад перапіскі Сьцяпана зь «інфарматарам»

     

    «Інфармацыю зь міліцыі мне пацьвярджаюць некалькі чалавек»

    Адна з самых гучных справаў, інфармацыя пра якую ўпершыню зьявілася ў тэлеграм-канале NEXTA, — гэта гісторыя зь меркаваным суіцыдам затрыманага ў міліцэйскай машыне. Блогер напісаў пра гэта ў сярэдзіне сьнежня летась. Праўдзівасьць інфармацыі ўдалося пацьвердзіць недзяржаўным СМІ. Пазьней з афіцыйным камэнтаром выступіў Сьледчы камітэт. Расьсьледаваньне ня скончанае дагэтуль.

    «Мне напісаў нейкі чалавек зь Нясьвіскага раёну, — расказвае падрабязнасьці блогер. — „Два тыдні таму міліцыянты забілі ў аўтамабілі чалавека, павесілі на матузках“, — нешта такое напісаў. Я апублікаваў скрыншот паведамленьня і папрасіў міліцыю альбо пацьвердзіць, альбо зьняпраўдзіць. Нясьвіж малы горад, там чуткі пашыраюцца хутка. Мне яшчэ нехта з падпісантаў гэта пацьвердзіў. Я быў упэўнены, што ніхто не пацьвердзіць афіцыйна. Але гэта потым адбылося. Сказалі, праўда, што ён сам павесіўся. Безумоўна, гэта выклікала адразу абурэньне».

    Са словаў Сьцяпана, ёсьць некалькі чалавек, якія дапамагаюць праверыць сапраўднасьць атрыманых ананімна міліцэйскіх дакумэнтаў. Перад публікацыяй у сваім тэлеграм-канале блогер шле іх гэтым людзям. Яны праглядаюць тэкст і альбо пацьвярджаюць яго сапраўднасьць, альбо зьняпраўджваюць.

    «Я думаю, гэтыя людзі сапраўды з праваахоўных органаў, — кажа Сьцяпан. — Яны прысылаюць мне фота дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць атрыманую мной інфармацыю. Шуневіч зноў жа прызнаў, што гэта сапраўдныя «зьлівы».

     

    «Калі б жыў у Беларусі, то баяўся б»

    Блогер расказвае, што паведамленьні яму прыходзяць пад нікамі. Імя і прозьвішча чалавека, які дасылае яму інфармацыю, ён амаль ніколі не ведае. Напісаць можа хто заўгодна. Таму прыходзіцца прасіць пацьвярджэньня атрыманай інфармацыі. Звычайна Сьцяпан просіць даслаць нейкі дакумэнт альбо фота.

    «За дзень прыходзіць вельмі шмат паведамленьняў, — расказвае Сьцяпан. — Пяць паведамленьняў на гадзіну прыкладна. Гэта ад канкрэтных людзей. Цяжка працаваць становіцца. Я ўвогуле не чакаў, што так будзе. Апублікаваў раз, другі — і ўсё, пачалося. Людзі зараз пішуць, просяць нейкія пэтыцыі апублікаваць. Я адмаўляю, гэта для мяне нефармат. Ад рэклямы таксама адмаўляюся, каб не псаваць рэпутацыі. Шчыра кажучы, я зараз не ведаю, што мне з гэтым тэлеграм-каналам рабіць. Я хацеў ютубам больш займацца, а тут такое».

    Блогер расказвае, што ягоны канал у «Тэлеграме» пачынаўся з 1500 чалавек, якія прыйшлі зь ютубу (Сьцяпан мае свой канал і на гэтай пляцоўцы, у тэлеграм-каналу NEXTA зараз больш за 23000 падпісчыкаў. — РС). На думку Сьцяпана, перавага «Тэлеграму» ў ананімнасьці, абароненасьці і хуткасьці.

    «У „Тэлеграме“, здаецца, не блякуюць нават за згадку пра наркотыкі, гэта самы свабодны мэсэнджэр, — тлумачыць Сьцяпан папулярнасьць „Тэлеграму“. — Самы ананімны і таму папулярны нават сярод міліцыянтаў. Яны ведаюць, што празь яго іх ня знойдуць. Пасьля словаў Шуневіча я запытаўся ў міліцыянтаў, якія мне дасылаюць інфармацыю: што там у вас, ці шукаюць ужо? Сказалі, што ўсё нармальна пакуль. А як іх знойдуць? Гэтыя ўнутраныя дакумэнты рассылаюцца паўсюль — і ў Сьледчы камітэт, і ў КДБ, і ў адміністрацыю прэзыдэнта».

    Сьцяпан прызнае, што хтосьці можа спрабаваць выкарыстаць яго ў сваіх мэтах. Аднак кажа, што пакуль такога не заўважаў. Маўляў, у нас не Расея, дзе за публікацыі ў папулярных тэлеграм-каналах могуць заплаціць дзясяткі тысяч даляраў.

    «У нас, відаць, ужо і міліцыянтам усё гэта надакучыла, — кажа блогер. — Гэта ж самая закрытая структура. Цяжка сказаць, што там унутры адбываецца. Шуневіча я не баюся. Пакуль у Польшчы жыву. Каб жыў у Беларусі, то баяўся б. А тут што яны мне зробяць? Мне кажуць зараз, што я сам сабе дарогу ў Беларусь закопваю. Але што зробіш — не сядзець жа».

    Сярэдняя колькасьць праглядаў кожнага допісу ў тэлеграм-канале NEXTA складае каля 15 тысяч. Асабліва вострыя публікацыі набіраюць больш за 20. Колькасьць падпісчыкаў і праглядаў, са словаў Сьцяпана, увесь час расьце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці