• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як гэта, калі мама — журналістка? Расказваюць дзеці

    Ад каляжанак нярэдка даводзіцца чуць нараканні на саміх сябе. Як паспець выхаваць дзіця ў вечных дэдлайнах і камандзіроўках? Як пачувацца, калі трэба з’ехаць на некалькі дзён па працы, а сын якраз захварэў? А што, калі мусіш прапусціць дзіцячы ранішнік, бо трэба выехаць на тэрміновае заданне? Ці калі тваё выданне публікуе крытычны артыкул пра школу, дзе вучыцца дачка?

    Пра стан вечнай разарванасці паміж працай і сям’ёй я не чула ні ад каго так шмат нараканняў, як ад журналістаў. На жанчын ціск яшчэ большы — грамадства падразумевае абавязак быць найперш мамай, для якой кар’ера — далёка не першы пункт у спісе спраў.

    Што ж думаюць дзеці, якія выраслі ў сям’і з мамай-журналісткай? Пра гэта распытала ў іх саміх.

    Я ганаруся сваёй мамай

    Аксана Ярашонак працуе ў адным з нямногіх беларускамоўных выданняў — “Рэгіянальнай газеце”. Каб займацца справай, пра якую марыла, ёй давялося кінуць напрацаваны стаж у школе і пераехаць у Маладзечна. Цяпер Аксана жыве ў горадзе сонца з мужам Пецем і дзвюма дочкамі. Юля ходзіць у сёмы клас, Варвара – у другі.

    Пра тое, як перамены ў мамінай працы паўплывалі на сям’ю, я распытала ў Юлі:

    — Мая мама доўгі час працавала настаўніцай. Пасля знайшла новую працу, і цяпер яна — журналіст. Нам гэта падабаецца, бо  яна займаецца любімай справай. А мяне і маю сястрычку бяруць на цікавыя мерапрыемствы па працы.

    Аксана Ярашонак з дачкой Юляй і Варварай

    Маме часта трэба едзіць не толькі ў розныя гарады, а яшчэ і ў іншыя краіны. Канешне, мы па ёй сумуем. Але таксама і радуемся за яе — яна займаецца тым, што любіць. Я ганаруся сваёй мамай. Яна проста цудоўны журналіст. Хачу павіншаваць яе з 8 сакавіка: матулечка, буць шчаслівай! Для яе я напісала гэты верш:

    Маці… Што такога ў гэтым слове?

    Для мяне — гэта галоўнае слова ў мове.

    Маці — пяшчотная, добрая, мілая,

    Будзь ты заўсёды, заўсёды шчаслівая!

    Буду любіць я цябе ўсім сэрцам.

    Не магу жыць без цябе, мне здаецца.

     

    Ты не баішся выказваць сваё меркаванне

    Марта і Яна Дзябёлы — дочкі вядомых журналістаў Марыны Загорскай і Міколы Дзябёлы. Марына — медыятрэнер і рэдактар аналітычнага анлайнрэсурса “Завтра твоей страны”.

    Старэйшая дачка Яна вывучала журналістыку ў віленскім ЕГУ, цяпер працуе ў сферы продажаў у Польшчы. Марта вучылася ў ЕГУ, цяпер вучыцца ва Уроцлаўскім універсітэце. Вось што сёстры расказалі пра дзяцінства ў сям’і журналістаў (гэта іх супольныя словы):

    — Быць дзіцём журналістаў — гэта калі замест казак мама пераказвае табе інтэрв’ю з дрэсіроўшчыкам мядзведзяў. Улетку  бацькі вязуць цябе ў які-небудзь маленькі, нікому невядомы горад дзесьці ў Чарнагорыі, бо гэта патэнцыйна цікавае месца. Ты гуляеш з дыктафонам і марнуеш стужку на ўсякае глупства, але на цябе за гэта ніколі не сварацца. А яшчэ чамусьці ведаеш назвы найбуйнейшых сусветных агенцтваў навін.

    Але самае галоўнае — ты не баішся выказваць сваё меркаванне, нават калі ўсе вакол паўтараюць адваротнае. З самага дзяцінства цябе вучаць, што адной праўды няма, і куды важней заўсёды быць сумленным.

    Ты вырастаеш чалавекам, у якога ўнутры супярэчнасць, страхі, амбіцыі, сумнеў і шмат-шмат тэкстаў песень Red Hot Chili Pep­pers. Але ёсць яшчэ гісторыі пра дрэсіроўшчыка мядзведзяў, сланоў у Індыі і пеліканаў ў Амерыцы, якія, дарэчы, вельмі падобныя на птэрадактыля.

    Гэта нагадвае табе пра тое, што свет, хай складаны і непастаянны, але дзівосны, таму яго не трэба баяцца. Думаю, самае лепшае, што дораць дзецям бацькі-журналісты, — смеласць, якая не дае спыніцца і страціць сваю дапытлівасць.

     

    Мама здольная на большае, чым асноўная маса людзей

    Святлана Гарда вядомая ў медыясупольнасці як журналіст і медыяменеджар. Яна стварыла і наладзіла працу паспяховага партала “Медиа-Полесье”.

    Яе сын Максім працуе ў  гэтым медыяпраекце, будуе сваю сям’ю. Ён падзяліўся думкамі пра выхаванне ў сям’і, дзе мама — журналіст:

    — Заўсёды хацеў адпавядаць маці. Сумленне не дазваляе маімі дзеяннямі ці словамі зменшыць заслугі мамы ў грамадстве.

    У мяне да 30-годдзя народзіцца першае дзіця. Мама працаваць пачала ў 17 гадоў у гарадскім ДК і ў раёнцы, затым у краязнаўчым музеі. Калі адкрылася незалежнае выданне «Информ-прогулка», яна стала там намеснікам рэдактара. За гэтую магчымасць пры выпадку заўсёды з удзячнасцю згадвае галоўнага рэдактара выдання Андрэя Вышынскага. А нарадзіла яна мяне ў 20 год.

    Калі я быў малы, мной часта займаўся бацька, асабліва калі мама ездзіла на сесіі ў БДУ, а потым у шматлікія камандзіроўкі. Мама заўсёды мела актыўную грамадзянскую пазіцыю. Была сябрам бацькоўскага камітэта, ачольвала яго.

    А перад бацькоўскімі сходамі мама пыталася: «Сын, у дзённіку паказана усё, ці мне давядзецца за нешта чырванець? Лепш, калі я пачую гэта ад цябе». Я распавядаў пра тройку па матэматыцы і бойку з Сідаравым.

    Раней мы разам шмат хадзілі пешшу. Часта сустракалі людзей, якія дзякавалі за дапамогу, за паспяховую публікацыю, адзначалі сур’ёзнасць зробленай працы, жадалі поспехаў і ў цэлым былі добразычлівыя да мамы. Для мяне было нормай, што гэтая вытанчаная невысокая жанчына мае прызнанне ад дарослых вусатых дзядзькаў рознага рангу. З тых дыялогаў я разумеў:

    мама з тых, хто можа веславаць супраць плыні і нават павярнуць плынь, калі неабходна.

    Маленькія дзеці бачаць сваіх бацькоў усемагутнымі. Пазней я зразумеў, што мама хоць і не ўсемагутная, але здольная на большае, чым асноўная маса людзей.

    Гэтыя якасці дапамаглі ёй стварыць інфармацыйны партал. «Медыя-Палессе» — гэта арганізм, які расце дзякуючы яе намаганням і бесперапыннай працы з раніцы да ночы. Такое напружанне вытрымае не кожны. У правінцыі, з якой імкнуцца з’язджаць, ствараць нешта не так і проста. Тым больш каштоўная яе праца.

    Дзейнасць мамы сфармавала маю жыццёвую пазіцыю. Мне няпроста мірыцца з рэальнасцю з‑за павышанага пачуцця справядлівасці і спагады. Але гэта дапамагае рухацца да сваіх мэтаў. Наш кірунак дзейнасці з мамай супаў, хоць сцежкі ў нас розныя.

    Мы не нашы бацькі, а яны — не мы. Не ведаю, што чакае наша выданне, але мне хацелася б стварыць яму годную будучыню. Інакш для чаго мама ў яго ўклала столькі здароўя, слёз і любові?

    Мне хочацца пазбавіць маму трывог, бачыць, як яна напаўняе любоўю сэрца маіх дзяцей.

    Шмат сілаў, мама, веры ў сябе і моцнага здароўя!

    Фотаздымкі з архіваў суразмоўцаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці