• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Эдуард Пальчыс: Трэба менш чытаць расійскі кантэнт, дудзей, “Эхо Москвы”

    Традыцыйная, класічная журналістыка перажывае структурныя перамены, звязаныя з прыходам у медыя новых фарматаў. Месца друкаванай прэсы заняў інтэрнэт, журналістаў адціскаюць блогеры, а самыя папулярныя з іх замяняюць чытачам традыцыйныя СМІ.

    На канферэнцыях пра інтэрнэт і медыя гучаць ключавыя выразы — "грамадзянская журналістыка", "блогеры як журналісты", "новыя медыя" і "user generated content".

    Канфлікт камунікацыйнай эпохі — блогеры і журналісты. Пра гэта на пляцоўцы HrodnaMediaRoom ГА “БАЖ” запрасіў паразважаць аднаго з вядомых палітычных блогераў Беларусі Эдуарда Пальчыса і галоўнага рэдактара гродзенскага партала Hrodna.life Аляксея Шоту.

    Прыводзім канспект дзвюхгадзіннай размовы, якую мадэравала Вольга Корсун.

     

    Ці можна лічыць блогерства нейкім натуральным працягам традыцыйнай журналістыкі, што сфарміраваўся пад уплывам звышімклівага развіцця новых тэхналогій?

    Аляксей Шота: Ніякага структурнага крызісу традыцыйнай журналістыкі няма, наадварот — журналістыка сёння перажывае рэнесанс, звязаны са з’яўленнем новых магчымасцяў, у тым ліку дзякуючы досведу блогераў. Блогеры не заменяць журналістаў, бо мы займаемся рознымі рэчамі.

    Працытую славацкую спецыялістку па медыяменеджменту Таццяну Рэпкаву: сёння журналістыкі няма, ёсць паслуга журналістыкі. І аказваць гэту паслугу можа хто заўгодна, у тым ліку і блогеры.

    Блогерства — гэта не развіццё традыцыйнай журналістыкі, гэта тое, што існуе паралельна.

    Часам блогеры заходзяць на журналісцкую тэрыторыю — напрыклад, Юрый Дудзь. Але, па вялікім рахунку, Дудзь — прафесійны журналіст, які толькі робіць кантэнт не для традыцыйнага Першага канала, а для Youtube.

    Парог уваходу на медыярынак вельмі знізіўся.

     

    Поспех лідараў меркаванняў у сацсетках, блогераў, да якіх прыслухоўваюцца вялікія аўдыторыі — ці кажа гэта пра крызіс традыцыйнай журналістыкі? Якія хібы сучаснай беларускай журналістыкі?

    Эдуард Пальчыс: Калі кажуць пра прафесійную журналістыку, узгадваюцца 1960‑я гады, выданні кшталту New York Times, дзе журналісты па паўгода робяць расследванні. У 60‑я, каб цябе пачулі, трэба было стварыць газету, радыёстанцыю, цяпер дастаткова зарэгістраваць акаунт у сацсетцы. Ідзе бесперапыннае змаганне за аўдыторыю і яе ўвагу, рэсурсы.

    У журналістаў ёсць рэдакцыі, рэдакцыйная палітыка, хтосьці іх спансуе, камусьці яны належаць — і гэта пэўныя рамкі. А я магу пісаць і жартаваць пра усё. Я раблю тое, што людзям цікава, незалежна ад рэдакцыйнай палітыкі.

     

    Рэдакцыйная палітыка, заканадаўчыя, этычныя рамкі ў журналістыцы — дапамагаюць ці наадварот — перашкаджаюць?

    Аляксей Шота: Заканадаўчыя рамкі больш абмяжоўваюць, чым дапамагаюць, і так ва ўсім свеце. З іншага боку, гэта дапамагае не захраснуць у бясконцых судовых працэсах за абразы і г. д., таму што рэдакцыя ведае правілы гульні. Рэдакцыйная палітыка — гэта іншае: правілы, як мы працуем, пра што і як пішам, а пра што ніколі не будзем пісаць, стыль камунікацыі з аўдыторыяй. Яна якраз больш дапамагае. Я не ведаю рэдакцый, дзе няма рэдакцыйнай палітыкі. Як у блогераў, так і ў СМІ павінен быць свой твар, яны павінны быць пазнавальнымі. 

    Гродзенскі партал S13 — гэта прыклад адсутнасці рэдакцыйнай палітыкі, таму у іх «няма твару», яны бяруць усё і захлынаюцца ва ўсім. Але гэта вельмі папулярны сайт, бо яны з’явіліся аднымі з першых. Ва ўсім свеце папулярныя агрэгатары. Калісьці так на рынак прыйшоў і Tut.by. Гэта адзін са шляхоў да поспеху. У Hrod­naL­ife ёсць пазнавальны твар, наша аўдыторыя ведае, што і для чаго мы робім.

    «Развіццё тэхналогій дае больш магчымасцяў для дэградацыі»

    Хто стварае больш фэйкаў — блогеры ці журналісты?

    Эдуард Пальчыс: Я таксама раз на год распаўсюджваю фэйкі, потым прыходзіцца выбачацца. Колькасць фэйкаў павялічваецца з узмаценнем інфармацыйнай вайны. Раней гэта было па аналогіі з чуткамі, а цяпер ёсць правакацыйныя “злівы” і супрацьстаянне. Розныя краіны  выдаткоўваюць на гэта мільярды долараў. Вялікая праблема разабрацца, дзе свабода слова, а дзе інфармацыйная вайна. Генеруюць фэйкі і журналісты, і блогеры. Пытанне, хто гэта робіць свядома, а хто не, хто за грошы, а хто проста дурак, які не разбіраецца ў тэме.

    У амерыканскіх выданнях, напрыклад, калі фэйкі супадаюць з рэдакцыйнай палітыкай, яны дапускаюцца. Гэта добра паказалі выбары Трампа.

    Беларускія выданні працуюць на хуткасць, таму часта фэйкі з’яўляюцца проста таму, што няма часу праверыць.

    А ёсць сайты, якія адмыслова ствараюць і распаўсюджваюць фэйкі, каб проста пасмяяцца. Напрыклад, у сацсетках распаўюджваецца тэма, што Зямля — плоская і г. д.

    Аляксей Шота: Фэйкі ў журналістаў здараюцца тады, калі над навіной працаваў дурак, ці, што яшчэ горш, лянівы дурак, які не праверыў факты. У нас у 2018 годзе быў выпадак, калі мы выдалі сур’ёзны фэйк у пагоні за паказчыкамі, і нам прыйшлося выбачацца за гэта перад нашай аўдыторыяй.

    Эдуард Пальчыс: Мне вельмі не падабаецца клікбэйт, якім грашаць многія медыя, у тым ліку тыя, хто лічыць сябе ў Беларусі крутымі. А праблема ў тым, што людзі далей за загаловак не чытаюць. Нядаўна спрачаўся з Tut.by наконт матэрыяла пра Дзень Волі, які быў пастаўлены для гарачага загалоўку, але сутнасць інфармацыі была іншай.

    Усе трэнды медыя ідуць з ЗША ў  Еўропу, потым у Маскву, а потым да нас, са спазненнем гадоў на пяць. Мы выключаныя з сусветных працэсаў. І толькі дзякуючы кепскай англійскай мове я ведаю крыху больш.

    Я не веру казкам, што, дзякуючы развіццю тэхналогій, нас чакае светлая будучыня. Наадварот — гэта дае больш магчымасцяў для дэградацыі.

    Калі адбылася гісторыя з Іванам Шылам і «Белсатам», многія фэйсбучныя лідары меркаванняў бачылі сваім “абавязкам” выказацца і пракаментаваць, не асабліва разбіраючыся ў сутнасці. Пасля гэта выкарыстаў у сваёй прапагандысцкай праграме Дзмітрый Кісялёў. Непрыемна, калі цябе выкарыстоўваюць, і яшчэ больш непрыемна, калі гэта робяць твае ідэалагічныя апаненты. Як не стаць інструментам маніпуляцыі, інфармацыйнай вайны? 

    Эдуард Пальчыс: Звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, каб закрылі Face­book, бо гэта самая таксічная, неадэкватная сацыяльная сетка ў Беларусі — жартую. Ёсць пазіцыя “не рабіце карцінку для Масквы”, бо усё сапраўды можа быць выкарыстана супраць вас. Але нават калі мы нічога не будзем пісаць, будзем глядзець Кісялёва па вечарох і высупаць за інтэграцыю, яны усё роўна створаць “распятых хлопчыкаў”. Бо задача інфармацыйная вайны — вайна. І калі нечага няма — яно ствараецца з нуля.

    Варта звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. І чытаць больш беларускіх медыя, а не расійскіх.

    Аляксей Шота: Калі ты выступаеш публічна, то трэба быць гатовым да таго, што цябе працытуюць. Або проста трэба выдаліць сябе з усіх сацсетак і інтэрнэту.

    Журналіст — гэта твар рэдакцыі

    Як павінен паводзіць сябе ў сацсетках прафесійны журналіст?

    Аляксей Шота: Стрымана. Журналіст мае абавязкі перад рэдакцыяй. Нават калі гэта твой акаунт, людзі асацыююць цябе з рэдакцыяй. Журналіст — твар рэдакцыі, таму ёсць прафесійныя абмежаванні.

    З’яўленне інтэрнэту і новых медыя значна спрасцілі ўваход у камунікатыўнае асяроддзе. У гэтым няма ў прынцыпе нічога страшнага, але з’яўляюцца дзве праблемы. Першая — гэта праблема якасці, бо людзі, якія атрымліваюць такім чынам доступ да шырокай публікі, людзі непрафесійныя. Блогеру зусім не абавязкова пісьменна пісаць, умець структураваць тэкст і правяраць факты ў дадатковых крыніцах. Аўдыторыя не заўсёды асэнсоўвае з кім яна мае справу, але аўтаматычна давярае.

    Другая небяспека заключаецца ў тым, што асновай традыцыйнай журналістыкі лічыцца падзел журналістыкі фактаў і меркаванняў. Рэдакцыі прафесійных СМІ за гэтым пільна сочаць. Для блогераў такі падзел зусім не характэрны. Блогер заведама піша ўперамешку тое, што ён бачыць, ведае, думае і што адчувае. Больш за тое, менавіта гэта ў ім часта цэняць, менавіта на гэта і ёсць запыт.

     

    Эдуард, блогер мае права на памылкі?

    Эдуард Пальчыс: “Белсат” і Tut.by адмовіліся купляць інтэрв’ю ў Насці Рыбкі, бо яны трымаюцца журналісцкай этыкі. Блогер жа абавязаны толькі сваёй аўдыторыі, ён як пірат у моры. Журналістыка фактаў — гэта навіны. Але нават сухімі фактамі можна маніпуляваць. І маніпулююць усе, асэнсавана ці не. Няма ідэальных людзей, таму няма ідэальнага факту, ідэальнага меркавання, тэкста. Ёсць тое, што больш-менш адпавядае праўдзе, а ёсць тое, што не адпавядае.  У сучасным свеце журналісты часта ператвараюцца ў прапагандыстаў.

    Сёння Buz­zFeed, CNN і іншыя становяцца прапагандысцкімі рэсурсамі, дзе на дзень народзінаў Карла Маркса выходзіць вялізны лангрыд, які ён быў цудоўны чалавек. У матэрыялах прыбіраецца крытычнае, не сутыкаюцца меркаванні, ідзе такая ідэялогія, якой БелТА можа пазайздросціць. У гэтай сітуацыі блогеры з’яўляюцца антыпрапагандыстамі, антыдотамі, людзьмі, якія разбураюць міфы і даюць магчымасць крытычна ўспрымаць рэчаіснасць. Аўдыторыі цікава глядзець сутыкненне і шукаць праўду. Так выпрацоўваецца пазіцыя. Але трэба мець крытычнае мысленне.

    Ёсць Ганна Бонд, якая хайпіць на ўсім — у кожнага свая стратэгія і методыка. Ёсць людзі, у якіх адмоўныя ацэнкі, але з  вялізнай аўдыторыяй, таму няма дакладнага адказу, каму сёння верыць, а каму не.

    Раней я быў рэзкім, бо мне было 23 гады. Я не быў асабліва папулярны ды і сёння не з’яўляюся такім. Па дадзеных Marketing.by, я маю рэйтынг пазнавальнасці 2%, і тое з падказкай. Гэта ўзровень статыстычнай хібнасці.

    Калі ў 2014 годзе пачалася актыўная інфармацыйная вайна, быў прыдуманы вобраз агрэсіўнага школьніка, які, маючы некаторыя веды па гісторыі, час ад часу праводзіў неблагія расследванні. Гэта было зроблена для ўзняцця баявога духу, бо чытаць тыя таксічныя соплі і слёзы кшталту “нас хутка захопіць Пуцін” было ўжо немагчыма.

    Сёння ж усе сацсеткі, акрамя, можа, «Аднакласнікаў», у руках надзейнай моладзі. Галоўная прышчэпка ад прапаганды ў інфавойнах — гэта крытычнае мысленне, змена свядомасці праз асвету. Гэта самае складанае, але самае надзейнае. Таму цяпер я пішу больш гістарычных тэкстаў, каб змяняць свядомасць глабальна.

    Блог Эдуарда Пальчыса 1863x збіраў сродкі на сваё існаванне праз краўдфандынг. Наколькі беларусы гатовыя падтрымліваць падобныя праекты грашыма?

    Эдуард Пальчыс: З 2014 па 2017 год мой блог падтрымліваўся цалкам за мае ўласныя  грошы, а пасля два гады за тое, што пералічвалі людзі на краўдфандынгу. Гэта неверагодны досвед. Культура краўдфандынга ў Беларусі пакуль яшчэ не вельмі развітая. У ЗША, напрыклад, на платформах кшталту «Талака» блогеры могуць збіраць сотні тысяч даляраў на сваю дзейнасць і такім чынам ствараюць канкурэнцыю СМІ.

    Палітычны блогер Джордан Петэрсан збірае 300 тысяч долараў праз краўдфандынг. У нас жа, калі ты збярэш 500 долараш, з якіх яшчэ вылічваюцца працэнты, — ужо вельмі добра. У 2018 годзе было так, што без краўдфандынгу мне проста не было б чаго есці. Культура краўдфандынгу пачынае развівацца  ў Беларусі, спадзяюся, дзякуючы яму будуць з’яўляюцца новыя блогеры і медыя.

     

    Калі ў краіне ўзнікне сітуацыя пагрозы страты незалежнасці, ці будзеце вы “тапіць” за Лукашэнку, каб аб’яднаць вакол яго асобы беларусаў?

    Аляксей Шота: У нас на сайце зусім мала палітыкі, рэспубліканскіх ці міжнародных навінаў наогул.

    Пакуль я буду рэдактарам, на нашым сайце не будзе ніводнага слова ў падтрымку Лукашэнкі, незалежна ад сітуацыі.

    Эдуард Пальчыс: Такое уражанне, што недзяржаўныя медыя часцей пішуць пра Лукашэнку, чым дзяржаўныя. “Тапіць” можна толькі за краіну. Можа быць Лукашэнка думае, што дзяржава — гэта ён. Але я гатовы “тапіць” за тых, хто ідзе ў фарватары незалежнасці.

     

    Як вы ставіцеся да журналістаў прарасійскіх медыя, якія працуюць у Беларусі? Ці можаце назваць іх сваімі калегамі?

    Аляксей Шота: Я не ацэньваю людзей, я ацэньваю медыя. Я чытаю “Спутнік”, мая калега, якая там працуе, не была заўважаная ў прапагандзе. Яе выбар я не разумею і не падтрымліваю, але хто я такі, каб ацэньваць іншых людзей? Я не бачыў ніводнага тэксту, які быў бы шкодным, істотна адрозніваўся ад нашых тэкстаў на тыя ж тэмы ці тэкстаў Tut.by і “Вячэрняга Гродна”.

     

    Аляксей, працаваць на “Спутнік” ці мыць прыбіральні — што выбярэце?

    Аляксей Шота: Мыць прыбіральні, адказ відавочны. Але ў мяне ніколі б не паўстала такога выбару, бо ў мяне хапала б варыянтаў і вакансій, куды пайсці працаваць.

     

    Давайце пагаворым пра прафесійную журналісцкую этыку. Ці патрэбныя сучаснаму журналісту нейкія каштоўнасці? Этыка — не састарэлае паняцце?

    Аляксей Шота: Гэта пытанне самарэгуляцыі ўнутры прафесійнай супольнасці. Этыка — не састарэлае паняцце, яна з’яўляецца базавай рэччу. Гэта тое самаабмежванне супольнасці, якое адрознівае нас ад “дзікіх” блогераў.

    Эдуард Пальчыс: Журналісцкая этыка — састарэлы панятак. Сёння рамкі размытыя, таму ёсць проста этыка, мараль, чалавечыя адносіны, не важна, журналіст ты, каментатар, блогер, чытач. Чалавечыя якасці выходзяць на першы план незалежна ад прафесіі.

     

    У 2013 годзе фактычна з твіта ўкраінскага журналіста Мустафы Найема пачаўся Еўрамайдан ва Украіне. Ці ёсць адчуванне адказнасці за тое, што адбываецца ў краіне і грамадстве?

    Эдуард Пальчыс: Ёсць адчуванне адказнасці за тое, што адбываецца ў краіне, і за грамадскую супольнасць. Калі ёсць адчуванне несправедлівасці, беларусы могуць аб’яднацца дзеля нейкай мэты. Гэта трэба падтрымліваць і развіваць.

    Трэба менш чытаць расійскі кантэнт, дудзей, “Эхо Москвы”, менш глядзець на Украіну, а разумець, чым жыве Беларусь, на што мы разам можам уплываць.

     

    У Беларусі ёсць прапагандыст узроўню Кісялёва?

    Эдуард Пальчыс: Трэба разумець, што прапаганда такога ўзроўню — гэты мільярды долараў. У Расіі большы рынак, шмат  піяр-агенцый і кантор, прафесіяналаў у гэтай сферы, якія канкуруюць на рынку прапаганды, прадаюць свае здольнасці. У Беларусі не можа быць такога ўзроўню прапагнады, таму што ў нас няма такіх рэсурсаў.

    Цяпер усе, хто мае доступ у інтэрнэт, могуць выказваць свае меркаванні, уплываць на іншых.  Часам вельмі сумнеўныя людзі становяцца лідарамі меркаванняў з вялізнымі аўдыторыямі. Ці няма апасенняў наконт уплыву такіх асобаў на грамадства, што мы ў выніку дэградуем?

    Эдард Пальчыс: Ведаючы крыху гісторыю, магу сказаць, што так было заўсёды. Сялянкі абмяркоўвалі графіню, яе раманы. Чаму людзі вядуцца на фэйкі? Бо у іх няма часу сачыць за крыніцамі інфармацыя, паглыбляцца. Калі вы працуеце на заводзе, у вас няма часу і сіл разбірацца ў акалічнасцях паўстання Кастуся Каліноўскага. Пасля працоўнага дня хочацца проста ўключыць Бузаву ці тэлевізар і адпачыць. У працэнтных суадносінах — папса і якасны кантэнт, які прымушае думаць, фармуе свядомасць і каштоўнасці —  гэта заўсёды прыкладна аднолькава. А вось якасць гэтых працэнтаў уплывае на тое, куды будзе ісці грамадства. Гэта пытанне фармавання эліт, якія будуць уплываць на грамадскую думку. Але не варта спадзявацца, што 100% аўдыторыі раптам стануць цікавыя складаныя глыбокія рэчы.

     

    Чаму ў Беларусі цяжка развіваецца палітычнае блогерства?

    Эдуард Пальчыс: Усё проста: навошта гэта? Я буду захапляцца палітыкай, пісаць пра гэта, спрабаваць зарабляць грошы на гэтым? Альбо пайду у ІТ? Які просіцца цвярозы выбар?

    У аўтарытарнай краіне займацца палітычным блогерствам — гэта на мяжы чагосьці небяспечнага. Былі выпадкі, калі ў Youtube з’яўляліся беларускія грамадска-палітычныя каналы, але хутка знікалі — пасля размовы з таварышам маёрам.

     

    Што для вас самацэнзура?

     

    Эдуард Пальчыс: Артыкул 130.1 Крымінальнага кодэкса. Калі лезці на ражон, то толькі за нешта вельмі вартае. Хоць, калі будзе патрэбна, усё роўна знойдуць за што цябе прыцягнуць да адказнасці. Трымайся самацэнзуры, не трымайся — усё роўна. «Справа БелТА» гэта добра ілюструе.

     

    Аляксей Шота: Крымінальны кодэкс. Яшчэ ў журналісцкай практыцы бываюць выпадкі, калі рыхтуеш гісторыю пра чалавека, які патрэбны табе і надалей як крыніца інфармацыі, то ахвяруеш нейкімі цікавымі, сенсацыйнымі падрабязнасцямі пра яго.

     

    Закон ці сумленне?

    Эдуард Пальчыс: Закон больш рэгулюе форму, а не саму інфармацыю. Можна нават самымі мяккімі словамі прафесійна напісаць вельмі моцна і нічога не парушыць. У Беларусі ёсць фігуры, якія рабілі па сумленні, напрыклад, Павел Шарамет.

     

    Ці ёсць у вас момант самавыгарання і як з ім спраўляцца?

    Аляксей Шота: Гэты момант яшчэ не наступіў, я працую на трох працах, што дазваляе пераключыцца. Часам бачу элементы выгарання ў калегах, стараемся з гэтым працаваць.

    У хуткай, стрэсавай і часта малааплочваемай працы самавыгаранне непазбежна, гэта толькі пытанне часу.

    Эдуард Пальчыс: Калі напішаш 300–400 артыкулаў за кароткі тэрмін, плюс праца ў сацсетках, мозг проста адмаўляецца працаваць. Апошні час я не пішу тэкстаў, займаюся больш грамадскай актыўнасцю, арганізацыяй, напрыклад, свята БНР, ці абаронай Курапат.

    Назавіце тры ўплывовых, прафесійных грамадска-палітычных журналісты/блогеры на постсавецкай прасторы?

    Аляксей Шота: Познер з узростам не здаецца, становіцца толькі лепшым. Гардон працуе добра. З беларускіх — “Размова Калінкінай” на «Белсаце» выглядае няблага.  З замежных — амерыканскае вечаровае шоў Джымі Кіммела. А ў маім Face­book  няма лідараў меркаванняў.

    Эдуард Пальчыс: Важны нават не ахоп, а якасць аўдыторыі. Калі браць Расію, то гэта Навальны. Я не фанат ні дудзей, ні парфёнавых — на Захадзе ёсць шмат больш цікавых асобаў. Калі з беларускіх, гэта блогер Nex­ta, які вельмі актыўна адціскае аўдыторыю ў «Хартыі». У Гомелі ёсць цэлая супольнасць відэаблогераў, які наводзяць “шорах” і ўплываюць на тое, што адбываецца ў горадзе. Тое ж тычыцца Пятрухіна і Кабанава ў Брэсце. У Мінску чытаюць Матольку. З журналістаў — Арцём Шрайбман (Tut.by), Кацярына Сінюк (“Имена”), Арцём Гарбацэвіч (“Наша Ніва”). Са старой гвардыі — Святлана Калінкіна, Павел Шарамет.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці