• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прайграная баталія. Аляксандар Лукашэнка супраць незалежных СМІ. Піша Валер Карбалевіч

    Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей уступае ў палеміку з незалежнымі мэдыямі, імкнецца іх абвергнуць, аспрэчыць. Чаму?

    http://baj.media/wp-content/uploads/2023/08/36bc9354-cd31-46d4-9e2d-81bc2417e7e7_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

    Рэакцыя на інфармацыю незалежных СМІ

    Толькі некалькі фактаў апошняга месяца. 30 чэрвеня зьявілася сэнсацыйная інфармацыя (якая, зрэшты, аказалася фэйкам), што ў Лукашэнкі інсульт. На кароткі час уся краіна напружылася. І Лукашэнка мусіў асабіста, у полі пераконваць суграмадзянаў перад тэлекамэрамі, што зь ім усё ў парадку. Дзеля пэўнасьці ён нават прапанаваў журналістам яго памацаць.

    Пасьля разносу ў Воршы Лукашэнка раптам падчас нарады 17 жніўня зьвярнуўся да інфармацыі ў СМІ і паабяцаў адрэагаваць на іх рыторыку ў зьвязку з падзеямі ў Аршанскім раёне, нават папрасіў падначаленых акумуляваць заўвагі з інтэрнэту, мэдыяў. І заявіў, што гэтая рэакцыя, на ягоную думку, не зусім правільная.

    Нарэшце, праз тры дні пасьля перамоваў з Пуціным у Сочы Лукашэнка, не дачакаўшыся вяртаньня ў Менск, пасьпяшаўся даць інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1». І журналіст Андрэй Крывашэеў, і сам кіраўнік Беларусі не хавалі, што гэта адказ на «няправільную» інфармацыю розных мэдыяў.

     

    Кардынальныя зьмены ў інфармацыйнай прасторы

    Усё гэта сьведчыць пра тое, што ў інфармацыйнай прасторы Беларусі адбываюцца даволі значныя зьмены. Раней, яшчэ 15, а можа і 10 гадоў таму, інфармацыйны парадак дня ў краіне вызначалі дзяржаўныя мэдыі, найперш тэлеканалы. Для большасьці насельніцтва фактамі і ісьцінай было тое, што перадавалі па тэлевізары. Незалежныя газэты чытала толькі прасунутая, моцна палітызаваная і пераважна апазыцыйна настроеная публіка. Яна ж жыла ў інтэрнэце. Ёю можна было грэбаваць. Маўляў, няхай гэтыя «нячэсныя» «плявузгаюць».

    Але апошнімі гадамі сытуацыя моцна памянялася. Па-першае, нават уключыўшы тэлевізар, абывацель мае значна шырэйшы выбар. Цяпер нават у вёсцы можна карыстацца некалькімі дзясяткамі тэлеканалаў. І ахвотных глядзець нязьменную на працягу 20 апошніх гадоў інфармацыйную цягамоціну на беларускіх дзяржаўных каналах засталося няшмат.

    Па-другое, моцную канкурэнцыю ўсім мэдыям стварае інтэрнэт. Сёньня каля 70% беларусаў ім актыўна карыстаюцца. Прычым калі абывацель захоча атрымаць апошнія навіны, то ён наўрад ці ідзе на сайт БелТА ці «Советской Белоруссии», а хутчэй зьвяртаецца да незалежных рэсурсаў ці атрымоўвае інфармацыю праз сацыяльныя сеткі.

     

    Інфармацыйная вайна вакол перамоваў у Сочы

    Лукашэнка бачыць гэтую праблему, але пакуль ня вельмі разумее, што зь ёй рабіць. Вядома, можна звыклым чынам паграміць незалежныя мэдыі. Час ад часу гэта і робіцца. Заблякавалі «Хартыю». Прынялі новы, больш жорсткі закон аб СМІ. Учынілі перасьлед гендырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая (сьветлая яму памяць). Распачалі «справу БелТА».

    Аднак зусім здушыць інтэрнэт немагчыма шмат зь якіх прычын. У прыватнасьці, таму, што афіцыйна дэкляраваны праект «Беларусь — ІТ-краіна».

    У выніку ўлады фактычна мусілі пагадзіцца з тым, што інфармацыйны парадак дня фармуюць незалежныя мэдыі і сацыяльныя сеткі. А рэжыму застаецца толькі рэагаваць. Што ён і робіць з рознай ступеньню пасьпяховасьці.

    Вось апошні прыклад. Пасьля перамоваў у Сочы Лукашэнкі з Пуціным ніякай інфармацыі па выніках сустрэчы не зьявілася. Але незалежныя СМІ пасьпяшаліся адзначыць, што кіраўнік Беларусі, насуперак анансаванай папярэдне праграме візыту, адмовіўся наведаць разам з Пуціным турнір па самба. На гэтай падставе журналісты зрабілі выснову, што Лукашэнка прайграў, нічога не дамогся, застаўся з пустымі рукамі, таму пакрыўдзіўся на расейскага прэзыдэнта.

    А далей — болей. Празь дзень пасьля перамоваў у Сочы 24 жніўня Ўладзімер Пуцін падпісвае ўказ аб прызначэньні Міхаіла Бабіча паслом Расеі ў Беларусі. Вырашэньне гэтага спрэчнага пытаньня на карысьць Масквы дало падставу СМІ напісаць, што прэзыдэнт Расіі «зламаў» Лукашэнку, «даціснуў» яго. Больш за тое, зьявілася шмат камэнтароў, што Міхаіл Бабіч будзе выконваць ролю расейскага намесьніка Беларусі, генэрал-губэрнатара і інш.

    Вядома, Лукашэнка быў уражаны, вельмі балюча ўспрыняў гэтыя публікацыі. Таму вытрымаў толькі тры дні і пасьпяшаўся асабіста зьявіцца на інфармацыйным экране. Сэнс яго мэсыджа ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» палягаў у аспрэчваньні тых вэрсій, якія гучалі ў СМІ, і нават нейкім апраўданьні за гісторыю з паслом.

     

    Лукашэнка ў ролі піяршчыка

    У прынцыпе, паводле нармальнай лёгікі, гэтую функцыю піяр-забесьпячэньня дзейнасьці кіраўніка дзяржавы павінны былі б выконваць дзяржаўныя СМІ, а ня сам Лукашэнка. Але яны на гэта зусім ня здольныя. Справа ня толькі ў тым, што людзі, якія там працуюць, не абцяжараныя вялікімі талентамі. Акрамя гэтага, яны зьвязаныя па руках і нагах той адзіна правільнай устаноўкай, якую можа даць толькі Сам. Гэта выдаткі рэжыму аднаасобнай улады. У выніку дзяржаўныя мэдыі проста няздольныя працаваць ва ўмовах канкурэнцыі. Бо паводле самой сваёй прыроды яны прызначаныя да ролі манапаліста на інфармацыйным рынку. А ў канкурэнтным асяродзьдзі гэтыя мэдыі аказаліся ў стане рыбы, выкінутай на бераг.

    Таму так аказваецца, што адзіным піяршчыкам, ньюсмэйкерам, які спрабуе канкураваць зь незалежнымі СМІ, аказаўся сам Лукашэнка. Але не сказаў бы, што цяпер гэта ў яго атрымоўваецца вельмі ўдала. Ня толькі таму, што ягоныя прыёмы за чвэрць стагодзьдзя большасьці беларусам прыеліся і надакучылі.

    Праблема ў тым, што для яго таксама канкурэнтнае асяродзьдзе даволі некамфортнае. Бо незалежныя мэдыі, сацыяльныя сеткі фіксуюць, выцягваюць на паверхню ўсе супярэчнасьці і, скажам мякка, недакладнасьці ў ягоных словах і дзейнасьці, супастаўляюць рыторыку і справы. Гэта, зразумела, яшчэ ня тая сытуацыя, у якой апынуўся Дональд Трамп у ЗША. Але ўжо і зусім ня тое, што было ў 1990–2000‑х гадах. Таму гэтую інфармацыйную баталію Аляксандру Лукашэнку выйграць цяжка, калі ўвогуле магчыма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці