• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жанна Літвіна: ад працы на радыё да праваабароны адзін крок

    “Вясна” схадзіла ў госці да вядомай абаронцы правоў журналістаў Жанны Літвіной, каб даведацца пра яе асабісты шлях да праваабароны. Пра што не маўчалі ў першых незалежных радыё? Калі адбыўся раскол журналістаў на дзяржаўных і незалежных? Як грамадства аднеслася да першых хваляў рэпрэсій журналістаў і рэдакцый у незалежнай Беларусі?

    “Будзеш на радыё весці праграму для сельскай моладзі”

    — Маё жыццё абсалютна выпадкова паядналася з радыё. Проста адной з умоваў навучэння на журфаку было размяшчэнне сваіх матэрыялаў у СМІ. А я ўвесь час чула ад родных і калегаў, што ў мяне радыйны голас, то бок глыбокі, нізкі. Так і завязалася. Але канчаткова ўсё вырашылася на чацвёртым курсе, калі я супрацоўнічала з радыёстанцыяй “Беларуская маладзёжная”. Калі адна з калежанак сышла ў дэкрэтны адпачынак, то вызвалілася месца радыёвядучай. І мне сказалі: “Калі хочаш застацца ў “Беларускай маладзёжнай”, то мы можам часова цябе працаўладкаваць. Будзеш на радыё весці праграму для сельскай моладзі”. Для мяне гэта быў пэўны выклік, бо я была вельмі далёка ад гэтых праблемаў. Я пісала дыплом на тэму: «Пропаганда кино-искусства средствами телевидения”. Цесна ўзаемадзейнічала з вядомымі вядучамі, напрыклад, Аляксеем Каплерам. Пэўным чынам на мой светапогляд паўплываў і бацька мастак Мікалай Залозны, які выкладаў жывапіс у Інстытуце мастацтва. Таму я не разумела: якія праблемы сельскай моладзі? Але ўмова была ўмовай, і ад гэтага нікуды не было дзецца.

    Увогуле пры ЦК камсамола працаваў аддзел сельскай моладзі. Гэтая структура дазваляла моладзі ў той час аб’ехаць з будаўнічымі студэнцкімі атрадамі палову Савецкага саюзу (Карэлія, Казахстан). Справа журналістаў была адсочваць і асвятляць сацыялістычныя спаборніцтвы. Але больш за ўсё чакалі тых пампезных вечарын, якія ладзілі пераможцы гэтых спаборніцтваў у сельскай гаспадарцы. Спачатку ў журналістаў было шмат радасці ад такой магчымасці паездзіць па краіне, але пазней гэта ўсё прыелася. Рэдакцыі іх дасылалі ўжо пад прымусам.

    Толькі цяпер разумею, што я дужа ўдзячная таму перыяду майго жыцця. Я неверагодна палюбіла вясковых жыхароў, і дагэтуль стаўлюся да іх вельмі шчыра. І з таго часу мне вельмі палюбілася радыё.

     

    “Мы абавязаныя былі перад эфірамі насіць мікрафонныя папкі да цэнзара”

    — Далей надыйшоў адзін са складанейшых жыццёвых этапаў: мяне прызначылі галоўным рэдактарам радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”. Гэта было для мяне, у першаю чаргу, сур’ёзным выпрабаваннем. Вядома, што апрыоры добрых кіраўнікоў не бывае. Яны для сваіх падначаленых заўсёды з нейкімі недахопамі. І вось калі ты, адпрацаваўшы ўсё жыццё ў калектыве журналістаў, аднойчы прачынаешся іх кіраўніцай, —  маральна складана. Канешне, у нас былі непаразуменні, таму што з’яўляючыся галоўнай рэдактаркай, я вымушаная была пэўным чынам выконваць ролю рэдактарскай цэнзуры. Мы абавязаныя былі перад эфірамі насіць мікрафонныя папкі да цэнзара.

    Прайшоў час. Змяніўся калектыў. Адбыўся натуральны працэс “амалажэння” рэдакцыі, — і ўсё стала на свае месцы. Цяпер са мной засталіся толькі цёплыя ўспаміны пра той зорны калектыў, з якога выйшла столькі выбітных людзей! Прыемна усведамляць, што яны пачалі раскрывацца менавіта на “Беларускай маладзёжнай”. Мы ладзілі шмат аўтарскіх праграмаў, напрыклад, Лявона Вольскага, Аксаны Вечар. Ведаеце, існуе такі закон, калі ў калектыве збярэцца стрыжань з трох-пяці таленавітых асобаў, то ён нібы магнітам прыцягне такіх жа вольных і здольных людзей. Гэты закон спрацаваў і на “Беларускай маладзёжнай”. Дагэтуль кожны ўдзельнік маёй зорнай каманды ўзгадвае з глыбокай пяшчотай тыя часы.

     

     “Тое, што журналісты атрымалі магчымасць у прамым эфіры размаўляць з людзьмі з’яўлялася свайго роду рэвалюцыяй”

    — Перыяд, звязаны з працай на радыёстанцыях, мне хочацца назваць “вольніцай”. Ён супадаў з існуючым перабудовачным рамантызмам. Мы былі сведкамі таго, як адмірала і адыходзіла старое, няхай часам і балюча. Пачаў разбурацца застой у журналісцкай прафесіі. Сколькі ў нас было энэргетыкі і імпэту! Паўстала шмат магчымасцяў для праявы таленту журналістам. Вось менавіта гэтым і быў цудоўным гэты перыяд.

    Чаму мы так захапляемся тымі часамі? Таму што 25 год таму не было такога цяжару, які прыгнечвае і прыбівае чалавека. Не было ў нас і досведу расчаравання, калі ўсё навокал толькі ломіцца і бурыцца. Гэтага не было за плячыма. Менавіта па гэтай прычыне мы так лёгка распачыналі сваю дзейнасць.

    “Беларуская маладзёжная” шмат у чым была першапраходцам, напрыклад, мы першыя выйшлі ў прамы эфір. Раней жа толькі дыктарам дазвалялася чытаць навіны альбо абвяшчаць час у прамым эфіры. Гэта было вельмі сур’ёзна на тыя часы. Напрыклад, перад уваходам у вяшчальны блок знаходзіўся міліцэйскі пост, які не пускаў старонніх людзей. Тое, што журналісты атрымалі магчымасць у прамым эфіры размаўляць з людзьмі з’яўлялася свайго роду рэвалюцыяй. Таму мы часта ладзілі такія гутаркі і з Зянонам Пазняком, і Аляксандрам Лукашэнкам. Дарэчы, калі Лукашэнка быў дэпутатам Вярхоўнага савета, то з вялікай ахвотай прымаў такія запрашэнні. Ён быў гатовы размаўляць з намі на вельмі шырокі спектар тэмаў.

    Дагэтуль у мяне засталася адна няздзейсненая мара — мець сваю радыёстанцыю. У тыя часы я ведала, што з ёй трэба рабіць, якой яна павінна быць. Але так нешта і не склалася…

     

    “Гэта тое ж самае, што ў кішэню журналіста залезці і выцягнуць блакнот і асадку!”

    — Можна сказаць, што я застала новы этап фарміравання новай рэдакцыйнай палітыкі вяшчання. Памятаю адну важную перабудовачную перадачу, у якой прымалі ўдзел Вінцук Вячорка, Сяржук Вітушка (моладзевае аб’яднанне “Талака”) і з другога боку — Міхаіл Падгайны (другі сакратар Мінскага райкома партыі). Тады ўпершыню загучалі на радыё такія крамольныя тэмы, як нацыянальная валюта, суверэнітэт, незалежнасць, нацыянальнае войска, межы.

    Пасля гэтага эфіра раніца пачалася з таго, што жанчыны, працаваўшыя ў мантажным і апаратным аддзелах, сустрэлі мяне са словамі: “Жанна Мікалаеўна, КДБ канфіскавалі стужку ўчарашняга запісу круглага стала!” У гэты дзень як раз была прызначаная планёрка, на якой збіраліся ўсе рэдактары дзяржаўных радыё. Трэба ўлічваць, што часы былі іншыя. Той раніцай я вельмі доўга абуралася на планёрцы, бо гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак: “Як гэта так, КДБ забралі нашую стужку?! Гэта тое ж самае, што ў кішэню журналіста залезці і выцягнуць блакнот і асадку!” Мы хоць былі і нахабаныя тады, але ўсё роўна страх прысутнічаў перад магчымымі наступствамі. Але пакуль доўжылася планёрка стужкі прывезлі на месца.

    Цяпер, канешне, гэта ўзгадваецца з усмешкай, а тады было проста невыносна. Мне так запомніўся той стрэс…

    ““Беларуская Маладзёжная” была проста знішчана як альтэрнатыўны непадкантрольны і непадцэнзурны голас”

    — Пераломным перыядам былі прэзідэнцкія выбары 1994 г., на якіх Вячаслаў Кебіч быў упэўнены ў сваёй перамозе. Усю нашую рэдакцыя “Беларускай маладзёжнай”, можна сказаць, проста вышвырнулі на асфальт.

    Адбываўся працэс пераўтварэння Дзяржтэлерадыё ў Белтэлерадыё. Кожнага супрацоўніка “Беларускай маладзёжнай” выклікалі на сумоўе і прапаноўвалі іншую працу. Тады 18 асобаў перад камісіяй у кабінетах паасобку прымалі рашэнне аб сыходзе. На гэтых размовах ім прамым тэкстам казалі: “Людзі, вы памятаеце, што вы стаіце ў чэргах на жыллё, у вас інтэрнаты? Вы ж застанецеся ні з чым!” Першай звальнялі мяне, прапаноўваючы пасаду галоўнага рэдактара дзіцячай рэдакцыі на тэлебачанні. Але пасля, відаць, усё ж такі палітызаванага вяшчання “Беларускай маладзёжнай” апынуцца там, дзе Калыханкі, спартыўныя дзіцячыя перадачкі, было проста непрымальна. Толькі тром нашым супрацоўніцам нічога не прапанавалі, але гэта ім і не было патрэбна. Напрыклад, Алена Радкевіч ужо сыходзіла на “Радыё Свабоду”. Паведаміць аб тым, што ўсе звольніліся было даручана Генадзю Кеснеру. Але з майго боку на іх не было аніякіх крыўдаў і ціску. “Беларуская Маладзёжная” была проста знішчана як альтэрнатыўны непадкантрольны і непадцэнзурны голас.

    Праз некаторы час Вячаслаў Кебіч у інтэрв’ю з Аляксандрам Фядутам прынёс прабачэнне. Ён пашкадаваў, што знішчыў “Беларускую маладзёжную”. Сказаў, што яго пазіцыя, яго рашэнне было сфармулявана атачэннем, якое вяло яго да перамогі…

     

    “Ад непатрэбных перамог — адна стома!”

    — Мне вельмі запомніўся адзін выпадак падчас працы на “Радыё Свабодзе”. У “Народнай газеце” неяк выйшаў гучны скандальны артыкул, дзе Кебіча абвінавацілі ў тым, што ён нібы па векселям прадаў Беларусь. Пры гэтым Вячаславу Францавічу, у сваю чаргу, нідзе не давалі магчымасці выступіць і выказацца ў сваё апраўданне. І вось “Свабода” запісала інтэрв’ю з ім. Гэта была інфармацыйная бомба! Матэрыял трэба было тэрмінова перадаць у Прагу, дзе ўжо чакалі эфіры. Маёй справай было змантаваць тую відэастужку, але ж у тыя часы гэта рабілі ўручную. Памятаю свой стан: сяджу на стуле і ляплю гэтую стужку, у мяне мокрая спіна, пальцы нямеюць, бо час ужо падціскае. Вось раблю гэта ўсё, а ў галаве ўвесь час круціцца: “Гэта хто б мне сказаў некалькі гадоў таму, што я буду дапамагаць галоўнаму ворагу “Беларускай маладзёжнай”!” Тады я зразумела, што жыццё само раставіць ўсё па сваіх месцах.

    Цяпер згадваеш гэта ўсё і ўсміхаешся. Шкада толькі здароўя і сваіх нерваў, патрачаных на непатрэбныя перамогі. Як казаў Віталь Семашка, адзін з выхавальнікаў “Беларускай маладзёжнай”: “Ад непатрэбных перамог — адна стома!” Канешне, разумееш, што жыццё напоўненае непатрэбнымі перамогамі. Але на той час, калі кожны дзень – выпрабаванне, яны былі проста неабходны…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці